search

Яснай ночкай купальскай…

6 ліпеня, у купальскую ноч, асветленую яркімі вогнішчамі кастроў, на пляжы “Паўднёвы” сотні ганцаўчан і гасцей акуналіся ў ваду, наведваліся ў шацёр да чарадзейкі, набывалі эксклюзіўныя галаўныя ўборы і абярэгі, удзельнічалі ў конкурсах...

Ганцавічы адсвяткавалі Купалле
Ганцавічы адсвяткавалі Купалле / Фото: Юлия Полесская

На вызначаны час людзі дабіраліся да месца адпачынку хто на аўтамабілях, хто пешшу, хто з дзецьмі ў калясках ці на плячах…

Святочны настрой авалодаў многімі. Усё пачалося з танца Купалінак на пляцоўцы каля галоўнай сцэны. Затым больш за дваццаць маладых дзяўчат у доўгіх вышытых сарочках пайшлі да вадаёма і пусцілі на ваду вянкі. Людскі натоўп як заварожаны перамяшчаўся ўслед за дзяўчатамі, якія сталі своеасаблівым сімвалам свята.

Купалле сабрала шмат людзей, і кожны мог знайсці для сябе забаўку на свой густ. Адны адразу паспяшаліся заняць вакантныя месцы за столікамі каля кафэ, другія адразу ж акуналіся ў ваду, трэція назіралі за тым, што адбывалася на сцэне, а некаторыя спрабавалі паспець усюды.

“А што тут асаблівага зрабілі арганізатары? Кожны год адно і тое ж. Разумею, што ёсць абавязковыя рытуалы, але работнікі культуры маглі б парадаваць і чымсьці новым,” – разважала ганцаўчанка Святлана Коўш.

На пытанні аўтара артыкула: “Што б вы хацелі бачыць на свяце? Ці на ўсіх арганізаваных пляцоўках пабывалі?” – жанчына моўчкі пайшла прэч.

Тым часам, каля сцэны Анастасія Пупейка ў ролі Вядзьмаркі разам са сваімі памочнікамі, якія ўяўлялі сабой “нечысць купальскую”, праводзілі конкурсы. Але паўдзельнічаць у іх людзі не спяшаліся, больш назіралі за іншымі.

“Куды нам, пенсіянерам, удзельнічаць!Няхай моладзь забаўляецца. А то выставяць старую бабу дурніцай ды будуць смяяцца. А яшчэ вы тут здымаеце…”, – смеючыся, гаварыла ганцаўчанка Надзея Хілюціч.

Было шмат цікавых конкурсаў, дзе ўдзельнікі цалаваліся, збіралі шышкі з завязанымі вачыма, збівалі вядро, лёталі на мятле, адціскаліся і выпрабоўвалі сваю гнуткасць, праходзячы пад палкай, якая паступова апускалася ўсё ніжэй.

Вялікай папулярнасцю сярод удзельнікаў свята карыстаўся прыпынак бодзі-арт “Сонечнае кола”. Тут на твары таго, хто плаціў 10 тысяч рублёў, малявалі тое, што ён пажадаў.

Чарга выстраілася і да шатра з вядзьмаркай, дзе за дзесяцітысячную купюру яна “прадказвала” будучыню і прапаноўвала розныя зёлкі для “варажбы”. Мнагалюдным быў і прыпынак, дзе прадавалі абярэгі, зробленыя з кавалка дрэва з малюнкамі-сімваламі, і вянкі з жывых кветак, папаратніка і каласоў. Самы танны каштаваў 10 тысяч, а больш шыкоўны дацягваў да 20 тысяч рублёў.

“Вяночкі маглі б і танней прадаваць. Спачатку ўсе яны былі прыгожыя, а напрыканцы амаль усе завялі і мелі ўжо не такі прывабны выгляд. Таму аддаваць такія грошы людзям не хацелася”, – выказала свае думкі Жанна Муха.

Пасля 23 гадзін былі запалены купальскія кастры. Людскі натоўп раздзяліўся: адны пайшлі назіраць за вогнішчам, другія засталіся танцаваць на пляцоўцы, а некаторыя, як бы сумна гэта ні гучала, да канца свята так і не ўсталі з-за столікаў з моцнымі напіткамі і шашлыком. Радуе ўсё ж тое, што аматараў актыўнага адпачынку аказалася больш.

Новости

Из рубрики
Top