weather

USD 2.5486

EURO 2.8758

RUR(100) 3.4345

search

Трактарыст з Будчы знайшоў незвычайны камень

Камень незвычайнай формы на мінулым тыдні знайшоў трактарыст СВК “Будча” Аляксандр Савеня ва ўрочышчы Худакова. Заворваючы поле трактарам, якое размяшчаецца непадалёк ад старой дарогі паміж Будчай і Чудзінам, плугамі ён зачапіў камень і выцягнуў яго на паверхню.

Камень знойдзены непадалёк ад старой дарогі паміж Будчай і Чудзінам.
Камень знойдзены непадалёк ад старой дарогі паміж Будчай і Чудзінам.

Аляксандр Міхайлавіч расказаў, што камень прыцягнуў увагу, бо выглядаў, як апрацаваны: абчасаныя акруглыя формы, высокія абадкі. Па словах Аляксандра Міхайлавіча, на тым месцы, дзе ён выкапаў камень, ёсць яшчэ адзін, але дастаць яго з зямлі не ўдалося.

Пабачыў знаходку земляка-будчака і журналіст “ГЧ”. Адшукаў у сетцы інтэрнет звесткі, дзе азін з даследчыкаў-аматараў Уладзімір Ларыёнаў у сваёй кнізе «Патаемны шлях у Белаводдзе” апісвае падобныя камяні як язычніцкія ідэалы. Вось як ён піша пра каменны слупок, знойдзены ў Ноўгарадзе на Траецкім раскопе ў пластах XI стагоддзя. “Постаць малявала сабой канічны слупок сантыметраў 60–70 вышынёй, з выразна бачным абадком «капялюшыка», і ідучай ад яе ўніз такім жа ўручную апрацаваным абадком «бародкі»; Форма постаці і асабліва «бародка» – усё гэта выдавала ў знаходцы паганскага ідала, злучанага з глыбокай пашанай нашых продкаў мужчынскаму фаласу, які лічыўся святым, знакам урадлівасці”. Аднак лічыць гэта сур’ёзнай версіяй не варта, бо Ларыёнаў прызнаецца, што «з галавою ў яго не ўсё ў парадку».

Фотаздымкі каменя супрацоўнік краязнаўчага музея Віталь Герасіменя адправіў у Мінск, і мы атрымалі адказ. “Паглядзеўшы здымкі каменя, думаю, што гэта прыроднае, – кажа археолаг Вадзім Кошман, спецыяліст, які спецыялізуецца на перыядзе 11 – 15 стагоддзяў. – У Інстытуце гісторыі на першым паверсе ёсць невялікая «клумба» каля лесвіцы. Дык вось на ёй ляжыць падобны камень. Некалькі гадоў таму нейкая жанчына лічыла, што камень нібыта твор старажытнага мастацтва або іншапланецян”.

Аднак археолаг не выключае, што, магчыма, гэты камень і быў ідалам. І калі гэта святы камень (ідал — аб’ект пакланення язычнікаў), то яго лепей адвезці назад. Ён можа прынесці і розныя хваробы, і беды. Ці зацікавіць знаходка будчака яшчэ каго, невядома. І што з ім рабіць – таксама вырашаць яму самому.

Из рубрики
Top