weather

USD 2.4299

EURO 2.8268

RUR(100) 3.4309

search

Абласное свята прайшло пад “дахам” Ганцаўшчыны (Фотагалерэя)

Галоўнай падзеяй Ганцаўшчыны на мінулым тыдні стала абласное свята сямейнай творчасці “Пад дахам дома твайго”, якое прайшло ў райцэнтры. У нядзелю на плошчы і ў парку не сціхалі песні, а сталы “ламаліся” ад розных ястваў і прысмак.

Image 634
Image 634 / Фото: Петр Гузаевский

Упершыню ў Ганцавічы з’ехаліся сямейныя калектывы з усёй Брэстчыны і самадзейныя артысты міншчыны і магілёўшчыны. На працягу двух дзён на пляцоўках яны дэманстравалі сваё майстэрства. Удзельнікі і госці свята змаглі пазнаёміцца з выставай народнай творчасці і нацыянальнай кухні, прыняць удзел у забаўляльных праграмах.

У першы дзень свята гаспадары-ганцаўчане віталі гасцей з фальклорных калектываў і народных умельцаў — удзельнікаў “Горада майстроў”. Адразу ж пасля цырымоніі адкрыцця, сямейныя калектывы прадставілі свае “візітныя карткі”: у Доме культуры загучалі тэмпераментныя прыпеўкі, душэўныя народныя песні.

На наступны день спрыяла і надвор’е – было цёпла і свяціла сонейка. Адзінае, што засмучала і кідалася ў вочы, што ўдзельнікаў свята было больш, чым гледачоў. Ды і тыя, негледзячы на тое, што на плошчы вісела палотнішча і развешаны аб’явы, не ведалі да чаго прымеркавана свята. Адны меркавалі, што гэта да Дня незалежнасці, іншыя казалі, што рэпетыцыя перад рэспубліканскім святам да Дня беларарускай пісьменнасці, а многія ўвогуле лічылі, што гэта перад выбарамі народ весяляць, тым больш, што ў радах сярод выставаў майстроў розных промыслаў, стаялі актывісты са стэндам і  збіралі подпісы ў падтрымку прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Уладзіміра Некляева.

Аднак вельмі многія дакладна так і не маглі адказаць, на якое мерапрыемства яны прыйшлі. “Інфармацыі пра мерапрыемства было недастаткова, я пра яго даведаўся толькі калі выйшлі з сям’ёй на рынак, пачулі музыку і прыйшлі на свята. Паболей плакатаў трэба вывешваць, — сказаў ганцаўчанін Мікалай Крысюк – А свята, дык наогул цудоўнае. Мы добра павесяліліся. Не прыкмецілі, як час праляцеў”.

Праграма была насычанай. Яна не абмяжоўваўся толькі конкурсам сярод сямейных калектываў. Тут былі прадстаўленыя практычна ўсе выгляды народнай творчасці: музыка, танец, ткацтва, вышыўка, саломапляценне і бісерапляценне і народная кухня.

На пляцоўках вакол плошчы разгарнуўся пярэсты шумны кірмаш, на якім былі прадстаўлены вырабы народных умельцаў, а ў імправізаваных вясковых падворках прымалі гасцей мясцовыя фальклорныя калектывы і з Берасцейшчыны. У цэнтры плошчы ішлі выступы артыстаў, а ў некаторых палатках былі бяспроігрышныя латарэі, і “планета прыколаў”, дзе можна было купіць “падколку” сабе ці сябрам.

Большасць ганцаўчан і гасцей разышліся па вуліцам горада вакол плошчы, дзе мясцовыя артысты так і госці з Берасцейшчыны дэманстравалі хто на што гаразд – ад культурнай праграмы да выпіўкі з закуссю. Блага, падчас свята за ўжыванне спіртных напояў ў грамадскім месцы нягласна “адмянілі”. Кампаніі распаўсюджваліся ўсюль – ля сталоў, у парку, на лаўках, ля сталоў і нават на траве.

Артысты весялілі народ. Кожная пляцоўка вабіла гасцей чымсці сваім – дзе смачнымі стравамі, дзе народнімі песнямі, дзе вясёлымі розыгрышамі.  Бадай, самай вясёлай пляцоўкай многія ганцаўчане называлі артыстаў з Малькавіцкага сельсавета. Вынаходнікі-малькаўцы разыгралі сапраўдны спектакль: у сям’і маладажонаў “дырэктар рынка” гандляваў, а яго цяжарная жанчына з грудным дзіцем збірала ахвяраванні “на памперсы”. Другая “жанчына”, таксама цяжарная, ўпраглася ў гужавую павозку і амаль некалькі гадзін займалася прыватным ізвозам – за паўтары тысячы прытанцоўваючы вазіла па плошчы. За “чырвонец” магла давезці і да мікрараёна. Даражэй, канешне, чым у Бусла на таксі, але ж экзотыка… А ў перапынку паміж рэйсамі “кабылка” яшчэ і танцавала. Ганцаўчане ахвотна давалі грошы, а таксама затрымліваліся паслухаць гарманістаў і барабаншчыка, патанцаваць, ці паспытаць гарачых дранікаў са смятанай, якія жарыліся тут жа, на плітцы.

Каля любашаўскай пляцоўкі многія затрымліваліся, каб выпіць шклянку наліўкі і прыкусіць… лыжкай кашы, якая каштавала ўсяго 50 рублёў. А яшчэ знатным блюдам у іх была поліўка з сухімі грыбамі і аладкамі, ад паху якой спараздныя гурманы не маглі утрымацца, каб не паспытаць.

Міма Нацкага Сельскага савета людзі не маглі прайсці міма, каб не паслухаць мясцовых артыстаў – Леаніда Пісарыка і Аляксандра Завадскага, якія пелі “ўжывую”, і пакаштаваць шашлыкоў пад настойкі на травах с градусам.

Лактышоўцы частавалі гасцей сваімі кароннымі блюдамі – рыбнымі стравамі. Юшкі кіраўнік аматарскага аб’яднання “Аквафіл”, якога ўсе клічуць Наумавіч, наварыў 40-літровую флягу. А тыя, хто завітаў на пляцоўку да люсінцаў, маглі не толькі пачаставацца надзвычай смачнымі налістнікамі, рагалікамі і аладкамі, якія напяклі старшыня сельсавета Аляксееўна і сакратар Філімонаўна, але і патанчыць і паслухаць песні. Тут жа паблізу разліваліся спевы галасістых дзяніскавіцікх дзяўчат, якія не выпускалі амаль нікога “жывым” без пачастункаў. За імі на правым флангу “трымалі абарону” раздзялавіцкія і хатыніцкія майстры і артысты. Іх сталы і пачастункі былі на самы розны густ: дыетчыкам яблыкі і журавіны, аматарам сур’ёзнага падыходу да ежы – сала, дранікі са смятанай.

Карэспандэнты “ГЧ” пабывалі на усіх пялоцоўках, і паспрабавалі весяліць народ і ўнесці свой уклад у святочны настрой: паспявалі, патанцавалі, паігралі на музычных інструментах, і дэманстравалі навыкі жанглёраў. Ну, і канешне, начаставаліся самымі рознымі прысмакамі так, што абедаць і вячэраць можна да дому былі і не ісці. Да таго ж накуплялі пакрыху і з сабою…

Госці са свята “таксама вязлі са свята не толькі ўражанні ад сустрэчы з сямейнымі калектывамі, але і шматлікія сувеніры і вырабы народных умельцаў. Пабываўшы на свяце “Пад дахам дома твайго”, удзельнікі маглі прыдбаць на святочным кірмашы саламяныя і вышываныя вырабы, карціны мастакоў, вырабы народнай кухні, хатнія віна, рыбу, мёд, капусту, грыбы і іншае…

Кульмінацыяй свята стаў гала-канцэрт у залі ГДК, падчас якога ўсе ўдзельнікі былі ўзнагароджаныя граматамі і дыпломамі. З нашых граматамі арганізацыйнага камітыта свята адзначылі сямейны ансамбль “Манаполька”, ансамбль “Талака”, народны духавы аркестр, эстрадная студыя “Правінцыя”, жыпломамі 3 ступені ўзнагародзілі сям’ю Цецердынка і сям’ю Макаедаў, дыпломы 1 ступені атрымала сям’я Рылкаў і сям’я Купрыянік, а сям’я Бондараў атрымала дыплом лаўрэатаў свята. Кіраўнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Рыгор Бысюк сказаў, што вельмі ўражаны горадам і мясцовымі жыхарамі. “Мы шмат святаў правялі, і ўсюды было па-рознаму. Аднак такую шчырую публіку сустракаю ўпершыню. Вы так шчодра адорвалі удзельнікаў апладысментамі, проста цудоўна. Вялікі дзякуй вам”, — сказаў Рыгор Рыгоравіч.

Из рубрики
Top