weather

USD 2.5335

EURO 3.0246

RUR(100) 3.5033

search

Што хаваюць мясцовыя чыноўнікі?

На гэтым тыдні завяршыліся чарговыя этапы прэзідэнцкай выбарчай кампаніі – збор подпісаў за  кандыдатаў у прэзідэнты і фарміраванне ўчастковых камісій. У сераду, 3 лістапада, райвыканкам зацвердзіў склад участковых выбарчых камісій.  Але пра тое, як гэта адбывалася і ўвогуле, як у Ганцавіцкім раёне ідзе перадвыбарчы працэс, журналістам “Ганцавіцкага часу” інфармацыі не далі.

Image 688
Image 688 / Фото: Петр Гузаевский

Паседжанне  райвыканкама прайшло без удзелу карэспандэнтаў “ГЧ”. І гэта пры тым, што аўтар гэтага артыкула шмат разоў звяртаўся ў райвыканкам і прасіў паведаміць пра дату і час паседжання. У панядзелак для таго, каб данесці інфармацыю нашым чытачам, аўтар гэтых радкоў пайшоў да старшыні райвыканкама. Уладзімір Столяр тады адказаў, што яшчэ не ведае даты паседжання, бо ў яго нават няма праекта рашэння. На пытанне, ці можна прысутнічаць журналістам “ГЧ”, адказаў, што яны яшчэ не вырашалі каго запрашаць. І дадаў, што, калі будзе такое рашэнне, то паведамяць.

Запрашэння, канешне, мы не дачакаліся. У сераду, у 9 гадзін, склад  участковых камісій быццам бы зацвердзілі. Уладзімір Столяр пазбягаў прамых адказаў і пераводзіў гаворку ў іншае рэчышча. Чаму парушаны правы журналістаў “ГЧ”  і  жыхароў раёна, якія чытаюць нашу газету і маюць права атрымліваць інфармацыю пра ход выбараў, адказу мы не пачулі. Заява, што на паседжанне райвыканкама павінен хадзіць галоўны рэдактар, увогуле падалася дзіўнай, таму што акрамя рэдактара ні райвыканкам, ні іншая ўстанова не маюць права ўстанаўліваць, хто будзе пісаць артыкул.

Амаль беспаспяховымі былі і спробы атрымаць інфармацыю аб тым, як завяршыўся этап збору подпісаў.  Адзінае, мы даведаліся, што на Ганцаўшчыне подпісы збіралі пяць ініцыятыўных груп: за Аляксея Міхалевіча, Уладзіміра Някляева, Аляксандра Лукашэнку, Віктара Цярэшчанку і Віталя Рымашэўскага. Колькі сабралі подпісаў,  у тэрытарыяльнай выбарчай камісіі не адказалі. Нават інфармацыя пра колькасць падпісных лістоў, якія здалі ініцыятыўныя групы, аказалася сакрэтам.  Фактычна, адмовіўшы ў  інфармацыі, старшыня выбарчай камісіі А. Сімага парушыў заканадаўства і, дарэчы, не ўпершыню. У нашым заканадаўстве прапісана,  што падрыхтоўка і правядзенне выбараў праводзяцца галосна і адкрыта(!).  Больш таго, прэзідэнт краіны ў сваіх выступах ужо колькі разоў казаў, што выбары будуць самыя дэмакратычныя. Падчас сустрэчы з міністрамі замежных спраў Германіі і Польшчы прэзідэнт РБ запэўніў: “Як дзеючы прэзідэнт ад імя ўлады хачу паабяцаць, і я гэта ўжо не аднойчы гаварыў усім людзям у Беларусі, і хачу вас запэўніць у тым, што выбары пройдуць па самых дэмакратычных стандартах, — сказаў А. Лукашэнка. Атрымліваецца, што  ганцавіцкія чыноўнікі законы і словы прэзідэнта  інгнаруюць? Можа, яны робяць гэта наўмысна? Пры такой “адкрытасці і галоснасці” не прыходзіцца здзiўляцца, што выбаршчыкі мала чаго ведаюць пра ход выбараў. Застаецца пачакаць і паглядзець, як на гэтыя дзеянні чыноўнікаў адрэагуе пракуратура і ЦВК, куды мы накіравалі звароты. Магчыма, інфармацыя для чытачоў “ГЧ” таксама стане больш даступнай, а выбары пасля гэтага сапраўды будуць адкрытымі і справядлівымі.

Top