weather

USD 2.5335

EURO 3.0246

RUR(100) 3.5033

search

Экскаватаршчык выратаваў лебедзя

Ганцаўчанін Канстанцін Сайка 14 снежня ад немінучай смерці выратаваў лебедзя-шыпуна, які занесены ў Чырвоную Кнігу Беларусі. Аслабленая птушка пакуль “прапісалася” у яго доме, але ў бліжэйшыя дні вернецца ў сваё прыроднае асяроддзе.

Фото: Петр Гузаевский

Як расказаў Канстанцін Адамавіч, ён працаваў на экскаватары на арашэнні зямель за вёскай Раздзялавічы. Дзень падыходзіў к канцу, як ён убачыў, што ляціць лебедзь і зніжаецца. “Яўна было відно, што ён быў вельмі  стомлены, бо сеў на землю і больш ляцець не змог. Падхожу, а ён сядзіць, не варушыцца і толькі шыпіць. Думаю, прападзе, яго ліса, а там іх процьма, з’есць сто працэнтаў за ноч”, — расказвае Канстанцін Адамавіч.  

Лебедзь аказаўся акальцаваны. На двух лапах алюмінівыя пласціны з нумарам і надпісам Мінск, Беларусь Inst zoology AA 0293  и МЕ-33.

Пакідаць на вячэру дзікім звярам птушку-прыгажуна экскаватаршчык не стаў, і прывёз у Ганцавічы. “Думаю, можа інспекцыі па ахове прыроды  знойдуць лебедзю прыстанішча”, — кажа ганцаўчанін.

“Нясу я яго каля сельгастэхнікі, а люді павыходзілі, глядзяць на мяне з птушкай, дзівяцца… А тут машына ездзе, за рулём жанчына нейкая, спынілася і кажа: “Мужчына, нашто вы гэтага лебедзя злавілі? А я жартам і кажу, як нашто, каб з’есці. А яна так захвалявалася.

— Вы што, як можна! Я на вас ў міліцыю заяўлю! 

— А я ёй і адказваю, званіце, я і прозвішча скажу, і адрас дзе жыву. І назваў ёй усе дадзеныя: адрас, тэлефон, а яна запісала.

 Увечары ў аўторак у доме Канстанціна Сайкі паглядзець на акальцаваную птушку прыходзілі і дарослыя і дзеці. Лебедзь ужо крыху акрыяў і з апетытам з’еў паўбуханкі хлеба.

У сераду, каб дапамагчы ратаваць птушку, журналіст “ГЧ” абзваніў не толькі ганцавіцкія арганізацыі аховы прыроды, але рэспубліканскую грамадскую арганізацыю “Ахова птушак Беларусі”. Нікога лёс лебедзя не цікавіў. Спачатку, жанчына на другім канцы провада адказала, што не трэба было браць яго і пакінуць на месцы, але выслухаўшчы, што ён сеў на снег у полі, параіла адвесці яго на вадаём, які не замёрз. Па яе словах, зараз лебедзі не ляцяць ужо на поўдзень і выдатна зімуюць у Беларусі.

А ў адной арганізацыі сказалі, што каб чалавек паляваў на птушку, то тады яны ўзялі б справу пад свой кантроль, і мала б яму не паказалася. А птушка ім не патрэбна.

У дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і раслінна свету пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, куды пазваніў аўтар гэтага артыкула, адказалі, што яны такімі справамі таксама не займаюцца і параілі звяртацца ў Ганцавіцкую інпекцыю аховы прыроды, прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя.

Начальнік гэтай інспекцыі Аляксей Сызранцаў, з разуменнем аднёсся да лёсу птушкі. “Калі магчыма, няхай дзень-два пажыве, а там нашы інспектары адвязуць яго на вадаём, які не замёрз, а ён сам знойдзе дарогу дадому”, — паабяцаў Аляксей Канстанцінавіч.

Top