weather

USD

EURO

RUR(100)

search

За што збілі Маю Абромчык?

Дзесяць дзён ганцаўчанка Мая Абромчык правяла ў 6-й клінічнай бальніцы г. Мінска пасля цяжкай аперацыі. 21-гадовую дзяўчыну пакалечыў 19 снежня ў Мінску невядомы амапавец, разбрабіўшы ёй нагу дубінкай. 29 снежня бацькі забралі яе ў родны горад.

Мая Абромчык пасля прагулкі па Мінску апынулася ў траўматалагічным аддзяленні бальніцы
Мая Абромчык пасля прагулкі па Мінску апынулася ў траўматалагічным аддзяленні бальніцы / Фото: Наша Ніва

Пра тое, як гэта адбылося, расказаў карэспандэнту “ГЧ” бацька Маі, Генадзь Феліксавіч Абромчык.

“Мая дачка ніякая ні апазіцыянерка, яна не хадзіла на плошчу і не штурмавала Дом Ураду. Яе збілі і пакалечылі  толькі за тое, што яна позна вечарам захацела пагуляць па начному Мінску са сваім сябрам. Няшчасным для нас стаў гэты дзень выбараў, 19 снежня. У мяне і жонкі на сэрцы тады было неспакойна. Мы пазванілі Маі, яна ў нас вучыцца на 4-м курсе гістфака БДУ, і папярэдзілі, каб яна хоць не хадзіла на плошчу. Дачка нават пакрыўдзілася і адказала, як нам такое ў галаву магло прыйсці, бо нікуды яна не збіралася, і ў яе хапала справаў сваіх па вучобе.

А на наступны дзень нам пазваніла маці хлопца, з якім Мая дружыць, ён таксама з Ганцавіч, і спыталася, ці не ведаем мы, дзе іх Андрэй, бо ён не адказвае на тэлефон. Мы адразу пазваліні Маі, і даведаліся, што яна трапіла ў бальніцу. Зламала нагу ў метро, спачатку сказала, дачка. Але праз некалькі хвілін сама перазваніла і сказала, што не хацела растройваць нас і расказала, што адбылося на самай справе.

Са сваім сябрам Андрэем яны сядзелі ў пакоі, глядзелі тэлевізар, бачылі, як разганялі людзей на плошчы. А праз гадзіну пасля разгону дэманстрантаў, калі ўжо усё скончылася, пайшлі на вуліцу прагуляцца. Разам з імі пайшлі яшчэ двое маладых людзей. Было ўжо позна, каля 23-30. Яны знаходзіліся далёка ад месца падзей, ішлі на тратуары. Людзей было няшмат. Прайшлі міма амапаўцаў. І тут іншыя амапаўцы накінуліся і пачалі біць іх дубінкамі і нагамі. Мая прасіла, каб не білі Андрэя, а амапавец ударыў ёй па назе дубінкай. Нягледзячы на яе крыкі аб паратунку, яны білі яе і яе сяброў. Іншыя білі людзей, якія выходзілі з магазіна…

Потым адзін з людзей у форме загадаў ісці ў аўтазак. Мая самастойна ісці не магла. Андрэй ўзяў яе на рукі і панёс. І нават па дарозе да машыны амапавец біў яго. У аўтазаку іх пратрымалі тры  з паловаю гадзіны, і толькі настойлівыя патрабаванні ўсіх затрыманых, што ў маёй дачкі зламана нага і трэба выклікаць хуткую дапамогу, прымусілі амапаўцаў завезці яе ў бальніцу.

Дактары, па словах дачкі былі ахоплены жахам, калі ўбачылі раздробленыя косці. На наступны дзень чатыры часы ішла аперацыя.  Косткі голені перабітыя настолькі, што нага дэфармавалася. Дактары сказалі, што аперацыя прайшла паспяхова. Аднак не гарантуюць, што нага адновяцца цалкам.

Да дачкі ў бальніцу прыходзіла столькі наведвальнікаў, што і я здзівіўся, наколькі ў нас ёсць чулыя і справядлівыя людзі. Абсалютна чужыя, маладыя і пенсіянеры, яны падтрымлівалі яе, прыносілі перадачы і спачувалі.

Дык што гэта адбываецца? Маю дачку дубінамі заганяюць у апазіцыю? Як яна зараз павінна ставіцца, калі яе, ні ў чым не павінную, скалечылі? Хто адкажа за тое, што скалечылі маю дачку? Тыя хто біў, тыя, хто даваў такія загады біць ні ў  чым непавінных людзей?

Нехта скажа, “чаго яна пайшла, трэба было сядзець дома…” Але як можна загадаць маладым, закаханым, сядзець дома? І увогуле, што нам зараз трэба баяцца і думаць, выходзіць на вуліцу, ці не?

Я не магу зразумець, адкуль такое зверства, такая нянавісць да людзей. Некалі я быў прыхільнікам Лукашэнка і галасаваў за яго. Але гэты раз я за яго не галасаваў

Навагоднія святы год Мая сустрэне з загіпсаванай нагой, і пакуль не вядома як яна будзе здаваць зімовую сесію”.

Новости

Из рубрики
Top