weather

USD 2.4362

EURO 2.8343

RUR(100) 3.4309

search

Не чысцяць дарогі – расце колькасць траўм

Галалёд  на нячышчаных дарогах і недастатковая работа арганізацый, якія займаюцца абслугоўваннем дарог, на гэтым і мінулым тыднях сталі асноўнымі прычынамі рэзкага росту траўматызму  ў Ганцавіцкім раёне.

Фото: Петр Гузаевский

Па атрыманай інфармацыі, з 13 па 17 студзеня ў райбальніцу звярнуліся 40 чалавек з рознымі траўмамі, з якіх у 12 жыхароў Ганцаўшчыны былі выяўлены пераломы. Яшчэ дзевяці чалавекам, якія атрымалі траўмы, спатрэбілася дапамога медыкаў 18 студзеня. У траіх зафіксаваны пераломы.  

На “гарачую лінію “ГЧ” паступала мноства званкоў са скаргамі на нячышчаныя дарогі, на дарожныя службы, якія не выконваюць свае абавязкі. “На вуліцы Някрасава жыву, тут шмат пенсіянераў, да магазіна дайсці не можам, слізговіца такая, што кроку нельга ступіць, – скардзілася жанчына. – Званілі на службу “115”, кажуць, што занятыя і не хапае работнікаў, і абяцаюць толькі. Можа, у іх пяску не хапае, ці што яны там эканомяць?”

Падобных скаргаў было шмат, праўда, пасыпалі тратуары на Кастрычніцкай і ламамі жанчыны з камунгаса дзяўблі лёд каля райвыканкама і каля чыгуначнага пераезду.

Па словах начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Валерыя Русакевіча, абслугоўваннем усіх дарог ў горадзе займаецца служба камунальнай гаспадаркі, таму трэба звяртацца да іх. У камунгасе начальнікаў і адказных работнікаў шмат, іх яшчэ ў райвыканкаме кантралююць адказныя за пэўныя сферы.
Карацей, начальства і кантралюючых процьма, а падсыпаць дарогу і тратуары няма каму, бо эканомяць на пяску, на паліве для тэхнікі, на простых рабочых.

А такая “эканомія” на тым жа абслугоўванні дарог выліваецца дзяржаве ў мільёны рублёў, якія трацяцца на медыцынскае абслугоўванне людзей, што трапляюць з пераломамі і іншымі траўмамі, на выплату бальнічных, загружанасць медперсаналу. А самім пацярпелым усё абарочваецца пагаршэннем здароўя.

Не чысцяць дарогі – расце колькасць траўм

Ды і ў Ганцавіцкай бальніцы паправіць здароўе не вельмі проста, бо, здараецца, больш намучышся. Вось і на гэтым тыдні, быццам назнарок, у паліклініцы ў чарговы раз перастаў працаваць ліфт. Людзі з пераломамі на мыліцах знемагалі, ходзячы па лесвіцы з першага па чацвёрты паверхі. “Падняўся неяк на трэці паверх да хірурга, пасля гэтага хірург адправіў на чацвёрты, а як спускацца буду – сам не ведаю. Як падымаўся, то мыліцы правай рукой трымаў, а другой рукой за поручань трымаўся, так неяк дакавыляў. А як спускацца, поручань ужо пад правую руку, – расказвае Васіль Паўлавіч Пашкевіч з вёскі Хатынічы.
Людзі скардзяцца. А  хто будзе прымаць меры? Дзе тыя адказныя чыноўнікі, дзе тыя народныя абраннікі дэпутаты?  Калі пенсіянерка з вуліцы Някрасава ў Ганцавічах пойдзе ў магазін, спакойна ступаючы па дарозе, не баючыся, што пасля натупнага кроку яна будзе ляжаць з пераламанай нагой ў гіпсе?!

Из рубрики
Top