weather

USD 2.4512

EURO 2.8432

RUR(100) 3.4397

search

Хворым цяжка і хірургам не лягчэй

Велізарныя чэргі на прыём да ўрачоў паліклінікі і іншыя пытанні медыцынскага абслугоўвання на гэтым тыдні выклікалі незадаволенасць многіх жыхароў Ганцаўшчыны. Толькі ў панядзелак і аўторак на «гарачую лінію» «ГЧ» паступіла больш за дзясятак скаргаў.

Фото: Петр Гузаевский

Адзін жыхар выказваў незадаволенасць тым, што яму з дачкой, якую пакусаў сабака, у прыёмным пакоі сказалі ісці да хірурга, а там чарга чалавек сорак, а доктара каля 9 гадзін яшчэ не было ў кабінеце, хоць напісана, што прымае з 8.00. 

Маці пяцярых дзяцей Наталля Воўчак скардзілася, што  таксама не можа трапіць да хірурга, каб паказаць свайго 10-гадовага хлопчыка, у якога раптоўна ўзніклі на целе нейкія скулы.
«Крыху пазней сямі гадзін раніцы прыехалі, а талонаў ужо не было»,  – сказала Наталля Воўчак.

У рэнтгент-кабінеце на чацвёртым паверсе не было вады, і ён часова не працаваў. І таксама скаргі…

Аўтар гэтага артыкула ў аўторак пасля чарговых званкоў прыехаў у паліклініку. Каля кабінета хірурга сапраўды было больш за 30 чалавек, некаторыя наведвальнікі чакалі сваёй чаргі, стоячы каля сцяны з мыліцамі, бо кушэтак было мала і прысесці не было дзе. Кіраўніцтва райбальніцы гэту праблему паабяцала  тэрмінова вырашыць.

Праўда, тут звярнуць увагу патрэбна і на культуру паводзінаў наведвальнікаў паліклінікі. Дзіўна было назіраць, як спакойна сядзяць маладыя, калі стаяць сталыя людзі альбо хворыя з паламанай нагой.  

Даведаўся аўтар гэтага артыкула і пра спазненне хірурга. У той дзень дзяжурыў малады ўрач Віктар Такуноў. Шчыра кажучы, зразумеўшы, у якім рэжыме працуюць хірургі, хочацца, каб і пацыенты ставіліся з разуменнем да дактароў. Як высветліў супрацоўнік «ГЧ», хірург аддзяжурыў ноч да 8 гадзін, а зранку трэба яшчэ паведаміць пра тое, як прайшло дзяжурства, і пра стан хворых.

А яму ж трэба было яшчэ хоць памыць твар і нешта паесці… Больш таго, па словах загадчыка хірургічнага аддзялення райбальніцы Сяргея Бабковіча, графік працы хірургаў зараз вельмі напружаны.  «У бальніцы чатыры хірургі, зараз працуюць тры, бо адзін у адпачынку. Нагрузку па прыёме пацыентаў яны выконваюць значна большую і прымаюць амаль у два разы больш людзей, – сказаў Сяргей Міхайлавіч. – Можа, гэта і адбіваецца на якасці абслугоўвання, але ж хірургі стараюцца прыняць усіх людзей, якім патрэбна дапамога.

Таксама трэба разумець, што іншы раз неабходна прыцягваць дзяжурнага хірурга на аперацыю, якая патрабуе ўдзелу некалькіх урачоў адразу. А недахоп урачоў і чэргі – гэта праблема не толькі Ганцавіч. Яна існуе ў многіх гарадах».

Па словах Сяргея Бабковіча, на жаль, сітуацыя можа стаць яшчэ горшай. У гэтым годзе два хірургі могуць з’ехаць, адпрацаваўшы два гады пасля ВНУ, а плануецца, што прыйдзе толькі адзін. І гэту праблему трэба тэрмінова вырашаць.

Из рубрики
Top