weather

USD 2.4512

EURO 2.8432

RUR(100) 3.4397

search

У Ганцавічах ёсць жадаючыя вучыцца на беларускай мове

Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, – адмысловая нагода, каб   расказаць, ці рэальна вучыцца юным ганцаўчанам у гарадской школе на беларускай мове. Пакуль у горадзе  Ганцавічы няма ніводнага беларускамоўнага класа, але 47 гарадскіх вучняў рознага ўзросту маюць жаданне вывучаць школьныя прадметы на роднай беларускай мове.

Як расказаў намеснік старшыні Ганцавіцкага райвыканкама Мікалай Валынец, які курыруе пытанні адукацыі, перад новым годам у гарадскіх школах настаўнікі правялі апытанне. Эксперымент паказаў, што большая колькасць жадаючых вучыцца на беларускай мове ў САШ № 3: за беларускую мову прагаласавалі 35 дзяцей. Найменш прыхільнікаў беларускай мовы аказалася ў САШ № 2 – тры вучні. У САШ № 1 беларускую мову выбралі пяць школьнікаў, у гімназіі –  4 вучні.

Але гэта далёка не ўсе дзеці, якія могуць стаць патэнцыйнымі вучнямі беларускамоўных класаў у гарадскіх школах.

Справа ў тым, што, дзякуючы будаўніцтву ў Ганцавічах новых дамоў, у наступным навучальным годзе прадбачыцца цэлая хваля перасялення вясковых сямей у горад. Толькі ў адзін ЖСПК-28, згодна з дакументацыяй, маюцца засяліцца больш за 20 вясковых дзяцей. А гэта значыць, што перад бацькамі і дзецьмі стаіць дылема – у якую школу пайсці вучыцца, каб прадоўжыць навучанне на беларускай мове. Пакуль такой магчымасці няма, бо ўсе гарадскія школьнікі вучацца ў рускамоўных класах, дзе ўсе прадметы вывучаюцца на рускай мове. У сельскіх школах наадварот, дзеці вучаць усё:   і матэматыку, і геаграфію, і фізіку – па-беларуску.

Каб не “ламаць” і не перастройваць сельскіх дзяцей на рускамоўны лад, у Ганцавіцкім раёне ёсць унікальная магчымасць адкрыць у верасні гэтага года беларускамоўныя класы. Як патлумачыў М. Валынец, для адкрыцця класа неабходна, каб праявілі жаданне 25 бацькоў і ўкамплектаваўся паўнавартасны клас. “Адкрыць клас не так проста, бо вырашэнне гэтага пытання ўпіраецца ў фінансы. А фінансаванне неўкамплектаванага класа ў  бюджэце раёна не запланавана”, – сказаў М. Валынец. Па яго словах, калі будзе фінансаванне, то можна адкрываць хоць цэлую вертыкаль беларускамоўных класаў, а спецыялісты для навучання дзяцей у горадзе знойдуцца.

На довады карэспандэнта аб тым, што ў мінулым годзе ў Баранавічах адкрылі першы клас нават пры наяўнасці толькі трох вучняў, Мікалай Фёдаравіч патлумачыў, што, магчыма, гарадскі бюджэт выдаткаваў на гэта сродкі.
У любым выпадку М. Валынец параіў бацькам загадзя (нават цяпер) падаваць заявы ў навучальную ўстанову аб тым, што яны жадаюць, каб дзіця навучалася на беларускай мове. Тады кіраўнік школы зможа ўлічыць і па магчымасці задаволіць жаданне дзяцей пры фарміраванні навучальнага працэсу на верасень 2011.

А як вядома, для адукацыі і культуры раёна гэты год вельмі вызначальны – Ганцаўшчына рыхтуецца да рэспубліканскага Дня пісьменства. На падрыхтоўку рэспубліканскі бюджэт выдаткоўвае пэўныя грошы, частку якіх можна было б укласці менавіта ў адкрыццё класаў. Такім чынам, Ганцаўшчына можа назаўсёды ўпісаць сваю назву ў гісторыю Беларусі як аазіс адраджэння беларускай мовы. Тым больш што прэзідэнт падтрымлівае такую ініцыятыву.

“Так я вам скажу, что каждый год у нас значительный прирост желающих сдавать экзамены на белорусском языке. И прежде всего в ведущих вузах нашей страны, даже в городских, даже в Минске, где меньше говорят по определенным причинам на белорусском языке, значительная динамика. Это хороший показатель, это будущее, это элита, которая получит образование и за собой поведет всех остальных”, – сказал Александр Лукашенко

Из рубрики
Top