weather
search

За неабгрунтаванае павышэнне цэн магазіны будуць закрываць

Жорсткія меры ў дачыненні прадпрымальнікаў і гандлёвых аб’ектаў могуць быць прыняты пасля выяўлення неабаснаванага павышэння цэн на тавары. Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь на працягу некалькіх гадзін можа прыняць рашэнне і забараніць рэалізацыю тавараў у магазінах, у якіх будуць перапісваць цэннікі.

У некаторых магазінах у суботу цэннікі прыйшлося мяняць тройчы
У некаторых магазінах у суботу цэннікі прыйшлося мяняць тройчы / Фото: Юлия Воронец

Па словах намесніка старшыні Ганцавіцкага райвыканкама Артура Грыгарана, які курыруе галіну эканомікі, спецыялістамі райвыканкама зараз праводзіцца маніторынг і адсочваюцца такія выпадкі.

“Пры выяўленні фактаў павелічэння цаны на тавары мы будем напраўляць гэтыя звесткі ў Брэсцкі аблвыканкам, а адтуль інфармацыя будзе накіравана ў Міністэртва гандлю, якое можа на працягу дзвюх гадзін прыняць рашэнне, і магазін могуць закрыць”, – сказаў Артур Уладзіміравіч.

На скаргі, якія паступалі ад пакупнікоў, райвыканкам ужо рэагаваў. “Пакупнікі звярталіся да нас, і пасля высвятлення сітуацыі людзям вярталі грошы. Напрыклад, у магазіне “Твой” жанчыне вярнулі каля 600 тысяч рублей, і цэны на тавары вярнулі ранейшыя”, – сказаў намеснік старшыні райвыканкама.

Усё пачалося, калі 19 снежня быў ўведзены 30-працэнтны валютны збор з мэтай недапушчэння дэвальвацыі рубля. Хаця фактычна дэвальвацыя адбылася, бо долары, еўра і расійскія рублі па мінулым курсе ўжо не купіш. Каб не было ажыятажу, «у мэтах недапушчэння росту рознічных коштаў і забеспячэння ўнутранага спажывецкага рынку шырокім асартыментам тавараў» 19 снежня Саўмін прыняў Пастанову №2017, якой забараніў вытворцам і прадаўцам, якія займаюць дамінуючае палажэнне павышаць цэны. Пра тое, каб бізнесмены не паддаваліся паніцы і не павышалі цэны, казаў і Аляксандр Лукашэнка. Але ні словы Прэзідэнта, ні рашэнне ўраду ў першыя дні пасля фактычнай дэвальвацыі беларускага рубля не мелі ўздзеяння.

У мінулую суботу многія магазіны ў Ганцавічах былі зачынены – прадаўцы і гаспадары магазінаў у спешным парадку перапісвалі цэннікі. Але жорсткія меры і закрыццё нават буйных гандлёвых цэнтраў у краіне і інфармацыя пра гэта паўздзейнічалі на тое, што гэтак жа спешна цэны пайшлі ўніз.

Незадаволеныя пакупнікі называлі прадпрымальнікаў спекулянтамі, сварыліся і не куплялі тавары. “Ім бы толькі ўрваць, няхай павышаюць, потым будуць у іх магазінах, як у музеі, хадзіць!” – сказала ганцаўчанка Алена Сідарэвіч.

Іншыя пакупнікі, наадварот, устроілі хапун. Куплялі што папала і да падаражання, і пасля. Потым некаторыя пашкадавалі і пачалі скардзіцца, што пераплацілі, бо ў магазінах канкурэнтаў цэны засталіся, якімі і былі. Не ўсе паддаліся паніцы, і тыя, у каго былі свабодныя грошы, пайшлі ў банкі і паклалі іх на дэпазіт пад 50%.

Па словах аднаго з прадпрымальнікаў, фірмы, у якіх ён закупляе тавар, спачатку павялічылі цэны, зараз зніжаюць. Але праблема ў тым, што, знізіўшы іх, яны не прадаюць тавар. “Штучна яны такім чынам ствараюць дэфіцыт, ці сапраўды павысіўся попыт, ці яны разлічваюць, што прытрымаўшы прадукцыю, усё ж удасца прадаць яго па большай цане – невядома. І такая сітуацыя напружвае”, – сказаў бізнесмен, які займаецца мэбляю.

Ці асмеляцца бізнесмены неабаснавана падвышаць цэны або, ужо павысіўшы, разлічваць, што іх не заўважаць – гэта справа кожнага. Але ведаючы, што ў рынкавыя адносіны ўключаны жорсткі адміністрацыйны рэсурс, рызыка вельмі вялікая.

“Калі жыхарамі раёна будуць выяўлены факты, што ў нейкіх гандлёвых кропках перапісваюць цэннікі, то няхай звяртаюцца ў райвыканкам у аддзел эканомікі і да мяне асабіста. Нават па телефонах можна паведаміць, мой – 2-26-41, спецыялістаў адзела – 2-29-06”, – сказаў намеснік старшыні райвыканкама Артур Грыгаран.

Новости

Из рубрики
Top