weather

USD 2.4512

EURO 2.8432

RUR(100) 3.4397

search

Кукаўская лазня для экстрымалаў

Гісторыю аб тым, як мой знаемы схадзіў у кукаўскую лазню без гумару не раскажаш. Усе адбылося, як у анекдоце.

Анекдот у тэму

Васіль Іванавіч заходзіць у парылку, дзе на сценах іней, сасулькі, і сядзіць Пецька ў кажушку і шапцы-вушанцы. Чапаеў пытаецца: “Пецька, пар ёсць?!” Той выдыхвае воблака пару: “Ёсць, Васіль Іванавіч!”

У жыцці, як ў анекдоце

Падобная гісторыя адбылася з маім знаёмым. На мінулым тыдні, у суботу ў лазневы дзень паехаў ён з суседняй вёскі ў аграгарадок “Кукава”, каб папарыцца, блага яшчэ летам баня славілася добрай парылкай і туды з’язджаліся аматары лазні з пяці акольных вёсак і нават з гораду. Ну, думае, папаруся ды вымыюся перад святам… Ды дзеж там… чуць не замерз.

Што ў бані штосьці не тое, адчулася, як толькі ён пераступіў парог. У памяшканні – ні душы. Хацеў заплаціць грошы, ды не было каму. Знайсці гаспадыню лазні атрымалася не адразу. Бедная, замерла седзячы ў калідоры, і схавалася пагрэцца ў кацельнай.

Усё ж, заплаціўшы ёй за білет 2 500, мой знаёмы адправіўся мыцца. Ужо ў прылазніку, распранаючыся ён адчуў, што, рабілася ўсё халадней і халадней. Цела з кожнай хвілінай ўсё мацней і мацней патрабавала цяпла.

У глыбіні душы верылася, што атрымаецца пагрэцца ў душавой. Але ж дарма. Жаданне пагрэцца рэалізаваць не атрымалася. У душавой таксама было холадна. Адзіны дожджык, пад якім мыцца могуць толькі экстрымалы, бо з яго цякла то халодная, то гарачая вада, не працаваў. Неяк з горам папалам паплюхаўся ў тазіку, блага ўдалося напусціць ў пасудзіну цёплай вады, бо на трубе яшчэ не скруцілі апошнія вентылі. Мыўся, ледзьве стрымліваючы дрыжыкі, і да апошняй хвіліны спадзяваўся адагрэцца ў парылцы. Бо як кажуць, надзея памірае апошняй.

Але, за новымі дзвярымі парылкі, яго чакала расчараванне. У парылцы сярод густога дыму сядзеў голы мужчынка і дабываў пар. Незнаёмца цярпліва падліваў чарпачком ваду, але ў маленькім памяшканні ўсе роўна больш дыміла, чым парыла. На гэтым цярпенне майго знаёмага, а характар у яго надта вытрыманы, скончылася. З нехарактэрнай для яго хуткасцю, ён апрануўся і пакінуў баню, каб не дай Бог не захварэць. Хутчэй паляцеў дадому і на другім тыдні ў кукаўскую баню ён больш не паехаў, экстрыму больш не захацелася.

Калі ў лазні будуць перамены?

Як паказаў час, аматараў такога задавальнення знаходзіцца няшмат. Як расказалі вяскоўцы, холадна стала ў бані адразу пасля рамонту і мыцца адмовіліся хадзіць нават самыя ярыя прыхільнікі. На рамонт лазня была зачынена з ліпеня па кастрычніка. Пастаянныя кліенты з нецярпеннем чакалі яе адкрыцця. А тут такое расчараванне. На холад ў лазні людзі паскардзіліся карэспандэнту газеты “Ганцавіцкі час” ў першы ж дзень.

Па словах качагара, холадна стала таму, што ў лазні стары паравы кацёл замянілі на новы бытавы. А з бытавога катла ні пару, ні цяпла.

Шкада, што кіраўніцтва камунгаса не карыстаецца яе паслугамі. А так хоць паспрабавалі б таннага экстрыму. Глядзіш і праблема вырашылася б. Бо пакуль самі там не пабывалі нават размаўляць на гэту адказваюцца.

Яшчэ ў кастрычніку мінулага года, калі аб праблеме ў кукаўскай лазні расказвала “ГЧ” намеснік дырэктара КУМПП ЖКГ “Ганцавіцкае РЖКГ” Сяргей Вайцешык тлумачыў: “Я так вам скажу, гэта нашы праблемы”.  

Больш чатырох месяцаў мінула, а кіраўніцтва камунгаса так і не вырашае “свае” праблемы. З таго часу ў лазні амаль нічога не змянілася. Камунгаснікі толькі замянілі дзіравыя і гнілыя дзверы ў парылку, але ад гэтага цяплей ў бані не стала. І людзі прадаўжаюць пакутаваць ад холаду. Каб зрушыць з месца праблему карэспандэнт на гэтым тыдні патэлефанавала Сяргею Вайцешыку. Але дарма. Пачуўшы, што звоняць з газеты С. Вайцешык с ходу выпаліў: “Я з вамі размаўляць не буду. Да пабачэння”. Але чаму? Чаго баяцца, адкажыце? Калі ў жыхароў аграгарадка “Кукава” будуць нармальныя ўмовы, каб памыцца?

За парадай, што рабіць вяскоўцам, карэспандэнт звярнулася да генеральнага дырэктара Брэсцкага абласнога УП “Упраўленне жыллёва камунальнай гаспадаркі” Сяргея Лабанава, які паабяцаў дапамагчы.
Хочацца спадзявацца, што рэальная гісторыя больш не паўторыцца, а вяскоўцы будуць расказваць анекдоты не пра баню, а ў сваёй бані.

Из рубрики
Top