weather

USD 2.5354

EURO 3.0615

RUR(100) 3.4206

search

Каб мінулі родны край голад, вайна, пажары і прыродныя стыхіі…

У мінулы чацвер, 4 чэрвеня, каталіцкія вернікі прайшлі  з малітвамі і песнапеннямі ва ўрачыстай працэсіі па вуліцах горада. Такое ўрачыстае шэсце штогод адбываецца ў Ганцавічах з нагоды ўшанавання Найсвяцейшага Цела і Крыві Божай.

Урачыстасць распачалася імшою ў касцёле Адведзінаў Найсвяцейшай Дзевы Марыі, на якой вернікі слухалі прамову святара аб бязмежнасці Божай любові да людзей, якая заключаецца ў магчымасці кожнага хрысціяніна спажываць Цела і Кроў Хрыста ў выглядзе Святой Камуніі (Причастия).

Прычасціўшыся, вернікі выйшлі з працэсіяй на вуліцы горада, у малітвах і песнях праслаўляючы Бога.

Першымі ў працэсіі ішлі мужчыны, якія неслі харугвы. За імі крочылі дзяўчынкі і хлопчыкі ў белым адзенні. Дзяўчынкі па ўсім шляху раскідвалі пялёсткі яркіх кветак, а хлопчыкі неслі падушачку з сімвалам Пана Езуса і Беззаганнага Сэрца Дзевы Марыі. Пад балдахінам, які неслі чацвёра мужчын, ішоў святар, высока трымаючы ў руках Найсвяцейшы Сакрамант. Далей строгай калонай ішлі вернікі.

Чатыры святочна прыбраныя, аздобленыя жывымі кветкамі алтары, якія католікі прыбралі ў розных месцах горада, сімвалізавалі сабою чатыры накірункі свету (Усход, Захад, Поўдзень і Поўнач), дзе валадарыць усемагутны Бог. Каля кожнага алтара вернікі прыпыняліся, станавіліся на калені і ўсе разам голасна маліліся, каб Ганцаўшчыну і ўвесь наш край абмінулі голад, пажары, вайна, неспадзяваная смерць і прыродныя стыхіі, каб панавалі сярод людзей згода, спакой і любоў.

Акрамя людзей шаноўнага і сталага ўзросту, шмат моладзі і дзяцей прынялі ўдзел у святочным шэсці. Гараджане выходзілі на вуліцу, з ушанаваннем ўспрымалі святочнае дзейства, а некаторыя з іх далучаліся да агульнай працэсіі.

Из рубрики
Top