weather

USD 2.4211

EURO 2.8194

RUR(100) 3.4491

search

Паездка за гарэлкай скончылася смерцю жанчыны

У аўторак, 6 красавіка, трагічна абарвалася жыццё 49-гадовай жыхаркі вёскі Сукач Ганцавіцкага раёна Валянціны Гардзей. Жанчына памерла ў бальніцы ад траўм, якія атрымала пад час дарожна-транспартнага здарэння.

ДТЗ каля в. Сукач Ганцавіцкага раёна
ДТЗ каля в. Сукач Ганцавіцкага раёна / Фото: Пятро Гузаеўскі

У выніку сутыкнення, жанчына атрымала траўмы не сумяшчальныя з жыццём. Негледзячы на аператыўнасць медыкаў аддзялення “хуткай дапамогі”  і ўрачоў райбальніцы, выратаваць яе, на жаль, не ўдалося. Літаральна праз некалькі гадзін яны памерла ў рэанімацыйным аддзяленні Ганцавіцкай ЦРБ. Вялікае гора выпала на лёс яе родным і блізкім.

Як паведаў старэйшы дазнаўца группы дазнання папярэдняга раследавання Ганцавіцкага РАУС Васіль Курловіч, трагедыя здарылася каля трох гадзін дня на аўтадарозе паміж вёскамі Любашава і Сукач. Жанчына на веласіпедзе вярталася з вёскі Любашава дахаты. У гэтым жа напрамку ў в. Сукач на аўтамабілі «ВАЗ 21051» ехалі двое мужчын.

Калі “жыгулі” наблізілася да веласіпедысткі, машыну чамусці занесла на абочыну, потым на іншы бок дарогі, і здарыўся наезд. Ад удара яе адкінула ў адзін бок, а веласіпед у другі. «Жыгулі» на хуткасці з’ехала ў кювет і перакуліліся дагары коламі. Вадзіцель і пасажыр атрымалі траўмы, але самі змаглі вылезці з машыны..

 Адразу пасля здарэння, Эдуард Ральцэвіч, які ехаў у якасці пасажыра, патэлефанаваў у “хуткую дапамогу”, у ў міліцыю, і разам з вадзіцелем засталіся чакаць іх прыезду.

Як так магло здарыцца, што ў яснае надвор’е на роўным участку дарогі і сухім асфальце занесла машыну, растлумачыць супрацоўнікам РАУС Віктар Сідарэвіч, які кіраваў аўтамабілем, не змог.

Магчыма, сказалася тое, што вадзіцель быў за рулём п’яны. Як паказала асведчанне, у выдыхаемым паветры вадзіцеля выяўлена 1,7 праміля алкаголю. Як рассказаў жа сам Віктар супрацоўнікам міліцыі, у гэты дзень ён выпіў бутэльку гарэлкі. Пасля чаго сеў за руль і паехаў у вёску Сукач да бацькоў, дзе і сустрэў сябра Эдуарда. Разам з ім яны паехалі ў вёску Любашава за спіртным, каб адначыць сустрэчу, але на жаль, ніхто не чакаў, што іх паездка скончыцца няшчасцем…

Пляшка гарэлкі ўжо не спатрэбілася, яна вылецела з машыны і засталася ляжаць на ўзараным полі  метраў за дваццаць ад месца аварыі.

Зараз у адносінах Віктара Сідарэвіча супрацоўнікамі міліцыі ўзбуджана крымінальная справа па ч.2 ст.317 УК РБ – парушэнне ПДД , якое па неасцярожнасці пацягнула смерць чалавека. Вадзіцель быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання, і яму пагражаюць выпраўленчыя работы на тэрмін да двух гадоў, альбо абмежаванне свабоды тэрмінам да пяці гадоў, ці пазбаўленне волі на той жа срок з пазбаўленнем права займаць вызначаную пасаду ці займацца вызначанай дзейнасцю ці без пазбаўлення.

Даведка “ДАІ”: У гэтым годзе  на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна адбылося чатыры аварыі, у якіх два чалавекі загінулі і тры атрымалі траўмы. З іх гэта першае ДТЗ з удзелам п’янага вадзіцеля.

Из рубрики
Top