weather

USD 2.4299

EURO 2.8268

RUR(100) 3.4309

search

У каго ў Ганцавіцкім раёне антырэкорд па заробках

Адны з самых нізкіх заробкаў мы знайшлі ў некаторых працаўнікоў Ганцавіцкага райспажыўтаварыства.

У каго ў Ганцавіцкім раёне антырэкорд па заробках
У каго ў Ганцавіцкім раёне антырэкорд па заробках

На пальму першынства па самых нізкіх заробках у Беларусі могуць прэтэндаваць істапнікі і качагары Ганцавіцкага райспажыўтаварыства, якія ацяплялі магазіны. Тыя, хто заключыў дагавор і працаваў без падмены, у адзіночку, атрымлівалі штомесячна фіксіраваную аплату ў памеры 147 рублёў (!) І толькі некаторыя істапнікі, якія «давалі жару» ў гарадскіх магазінах з іншым графікам працы, мелі заробак 170 рублёў.

Сярэдняя налічаная ў нашым раёне зарплата за студзень 2021 года была 930 рублёў. Мінімальная зарплата ў Беларусі цяпер 400 рублёў. Нават да бюджэта пражытачнага мінімуму, які на сённяшні дзень для працаздольнага насельніцтва складае 290 бел. руб. 71 капейку, аплата райпоўскіх істапнікоў далёка не дацягвае.

Шчыра кажучы, калі расказалі пра гэты «райпоўскі рэкорд», не верылася. Але, калі праехалі па вёсках, людзі пацвердзілі, што сапраўды месячная аплата за працу без выхадных складае 147 рублёў.

Істапнік Анатоль Кавалевіч, які ў гэты сезон качагарыў у магазіне ў аграгарадку Кукава, сказаў, што працуе с 8.30 да 16.00 гадзін кожны дзень. Але яму пашанцавала, што сістэма ацяплення не вадзяная, таму ў вялікія маразы не трэба было прыходзіць ноччу, як іншым качагарам, і падкідваць дровы.

На пытанне, а чаму так мала плацяць, Анатоль Фёдаравіч паціснуў плячыма і адказаў, што згадзіўся, бо часова трэба недзе перабыць зіму.

«Дачка працуе прадаўцом, вось і таплю кацёл, каб і яна ў магазіне не мерзла», – адказаў А. Кавалевіч.

Такая ж заплата і ў качагараў у Востраве, Агарэвічах. Дарэчы, у апошнім магазіне нікога, хто б пажадаў працаваць за такія «велізарныя» грошы, не знайшлося, таму дагавор аформілі на прадаўца.

Людзі ў вёсках здзіўляюцца, што кіраўніцтва Ганцавіцкага райспажыўтаварыства так здзекуецца з істапнікоў. Асабліва кантрасна гэта выглядае на фоне, што, напрыклад, у тым жа аграгарадку Кукава ў сельскім клубе працуюць чатыры качагары і кожны з іх атрымлівае штомесячна больш за 400 рублёў.

Працуюць людзі пазменна, і таму гэта неблагія грошы. Ды яшчэ ў іх ёсць магчымасць дадаткова зарабіць на распілоўцы і складзіраванні дроў. У сельскім клубе цёпла, вось толькі вяскоўцы там не частыя госці… І сапраўды, тым, хто працуе ў бюджэтнай сферы, можна пазайздросціць.

У Востраве ў магазіне істапнік працуе таксама за 147 рублёў і дае чаду. Ну, ці проста так атрымалася, што, калі прыехалі журналісты «ГЧ», у магазіне моцна пахла дымам. І з добрай зайздрасцю вяскоўцы глядзяць на тых, хто працуе ў турыстычнай базе «Астравок», што месціцца ў будынку былой Востраўскай СШ.

Там чатыры качагары, тры тэхнічкі, тры вартаўнікі, загадчык, дырэктар на палову стаўкі і загадчык гаспадаркі (завхоз). Добра,канешне, што людзям ёсць дзе працаваць і мець заробак. У бюджэце грошы ёсць на качагараў і вартаўнікоў, а ў Ганцавіцкім райспажыўтаварыстве назіраецца жорсткая эканомія на людзях.

«Дык яны ж згодныя працаваць за такія грошы», – адказаў старшыня райспажыўтаварыства Аляксей Галяк аўтару гэтага артыкула.

Але паабяцаў, што ў наступным ацяпляльным сезоне перагледзіць сістэму аплаты. Па словах Аляксея Фёдаравіча, не ўлічылі, што будзе такая суровая зіма, бо ў мінулыя гады не было такіх маразоў. А наконт «згодныя»– тут пытанне сумніўнае.

Калі чалавек працуе месяц і атрымлівае менш за мінімалку, то гэта проста не па-людску. Ну, канешне, дагавор жа такі, прапісана так у ім, а людзі згадзіліся… А само кіраўніцтва за такія грошы не хоча папрацаваць? Чаму на сваёй зарплаце не эканоміць?

Істапнікі ж працуюць не па працоўным дагаворы, а па дагаворы-падрадзе, інакш яны хоць мінімалку атрымлівалі б. Хочацца верыць, што Аляксей Фёдаравіч стрымае слова, а можа, і зараз перагледзіць зарплаты істапнікоў, каб хоць трохі ўнесці справядлівасці.

Праўда, некаторыя магазіны ўжо перасталі ацяпляць з 15 сакавіка… Жорсткая эканомія.

Материалы по теме
Из рубрики
Top