weather

USD 2.5002

EURO 2.934

RUR(100) 3.4289

search

На брацкай магіле ў Ганцавічах пахаваюць рэшткі ваенных лётчыкаў

У верасні ў Ганцавічах на брацкай магіле адбудзецца новае пахаванне. Туды пакладуць рэшткі ваенных лётчыкаў, якія загінулі недалёка ад Раздзялавічаў падчас II Сусветнай вайны. Дата пахавання пакуль удакладняецца.

Дробныя часткі знойдзенага самалёта «ДБ-3Ф»
Дробныя часткі знойдзенага самалёта «ДБ-3Ф» / Фото: «Авіяпошук-Брэст»

Пра пахаванне лётчыкаў паведаміў галоўны захавальнік фондаў «Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея» Віталь Герасіменя. Па ягоных словах, самалёт, у якім трое лётчыкаў здзяйснялі палёт на самым пачатку вайны з Смаленска ў Брэст для бамбавання нямецкіх фармаванняў, неўзабаве быў падбіты. З траіх выжыў толькі адзін, які змог вярнуцца ў сваю частку.

Сюжэт аб знаходцы самалёта ёсць на Yoytube расійскага тэлевізійнага канала «Коряжма ТВ». Там расказваецца, што 24 чэрвеня 1941 года бамбардыроўшчык «ДБ-3Ф» 212-га авіяцыйнага палка вылецеў са Смаленскага аэрадрома «Паўночны» на баявое заданне ў Брэст. Але назад у свой полк не вярнуўся.

Першапачаткова лічылася, што ён быў падбіты пад Пружанамі. Але напачатку 2020 года самалёт знайшлі і ягоныя нумарныя знакі былі перададзеныя экспертам з Масквы.

Дзякуючы гэтаму, былі ўсталяваны марка самалёта і прозвішчы членаў экіпажа. Як вынікае з дадзеных, на бамабрдыроўшчыку было трое лётчыкаў: камандзір экіпажа, лейтэнант Уладзімір Шульгін; лейтэнант – штурман Мікалай Паншын; малодшы сяржант, штурман – радыст Мікалай Лосеў. З траіх толькі цудам выжыў Уладізімір Шульгін, які 30 чэрвеня самастойна здолеў вярнуцца ў сваю баявую частку пад Смаленскам.     

На брацкай магіле ў Ганцавічах пахаваюць рэшткі ваенных лётчыкаў
Крыж каля знойдзенага самалёта з імёнамі загінулых лётчыкаў/ Фота: «Авіяпошук-Брэст»

Кіраўнік гісторыка-патрыятычна-тэхнічнага атрада «Авіяпошук-Брэст» Уладзімір Бухта з Брэста распавёў, што пляменнік Паншына, якому паведамілі пра знаходку самалёта ў Ганцавіцкім раёне, хацеў адразу прыехаць на перапахаванне дзядзькі яшчэ на пачатку 2020 года. 

«Яго амаль адгаварылі, бо перапахаванне не адбываецца так хутка. Але мы яго чакаем у верасні. Таксама пляменнік і пляменніца Мікалая Лосева павінны прыехаць. Трэба ўлічваць, што гэта ўжо ўзроставыя людзі. Але яны жадаюць папрысутнічаць на дадзеным мерапрыемстве», – патлумачыў Уладзімір Бухта.

На месцы, дзе быў знойдзены збіты самалёт, байцы атрада «Авіяпошук-Брэст» усталявалі памятны жалезны крыж з імёнамі загінулых Паншына і Лосева. Абломкі самалёта, якія не ўяўлялі музейнай каштоўнасці забетаніравалі ў падножжа крыжа. Такім чынам і на месцы гібелі лётчыкаў ёсць памятны знак.

Першапачаткова планавалася, што рэшткі загінулых пахаваюць у Хатынічах. Аднак рашэннем уладаў пахаванне адбудзецца ў райцэнтры.

«Я не ведаю чаму пераняслі пахаванне з Хатыніч, дзе таксама ёсць рэшткі загінулых лётчыкаў, але лічу, што гэта годнае рашэнне. Захаванне загінулых салдат заўсёды прывязваецца да месца гібелі. Галоўнае, каб за гэтым месцам быў належны дагляд», – сказаў кіраўнік атрада «Авіяпошук-Брэст».

На сённяшні дзень вядома, што бамбардзіроўшчык «ДБ-3Ф» 24 чэрвеня 1941 года зваліўся ў выніку абстрэла нямецкімі знішчальнікамі разам з поўным баявым камплектам. На ягоным барту было каля двух тон бомбаў і поўныя бакі паліва. Бамбардзіроўшчык павінны былі суправаджаць знішчальнікі, але ад  недахопу тэхнікі ён ляцеў у Брэст самастойна. Таму аказаўся зручнай мішэнню для нямецкіх самалётаў. Верагодна, што калі  «ДБ-3Ф» падаў, то ён выбыхнуў на сваіх бомбах. Таму, па словах кіраўніка атрада «Авіяпошук-Брэст», штосьці інфарматыўнае было вельмі цяжка знайсці.

Для знаходкі якіх-небудзь дэталяў трэба было старанна прасейваць грунт. Касцяныя астанкі лётчыкаў былі вельмі раздробленыя.

«У Брэсцкай вобласці велізарная колькасць збітых самалёта часоў вайны. Бамбардзіроўшчык збіты на Ганцавіцкай зямлі адзін з іх. Але мы іх знаходзім і аднаўляем памяць пра падзеі мінулага», – падсумаваў Уладзімір Кухта.

На брацкай магіле ў Ганцавічах пахаваюць рэшткі ваенных лётчыкаў
Дэталь самалёта «ДБ-3Ф»/ Фота: «Авіяпошук-Брэст»

У Брэсцкай вобласці гісторыка-патрыятычна-тэхнічны атрад «Авіяпошук-Брэст»  працуе яшчэ на некалькіх месцах падзення ваенных самалётаў. У цэлым за дзесяць гадоў пашукавікі-валанцёры паднялі на паверхню больш за 40 ваенных паветраных судоў.

Материалы по теме
Из рубрики
Top