weather

USD 2.5752

EURO 2.9187

RUR(100) 3.3594

search

Дырэктар рыбгаса «Лактышы»: «Працуем з прыбыткам!»

Пасля гэтых слоў “працуем з прыбыткам” – а менавіта так на пытанне журналіста “ГЧ” пра эканамічнае становішча ААТ “Рыбгас “Лактышы” адказаў кіраўнік Генадзій Жыбурт – хочацца парадавацца за калектыў і за кожнага з работнікаў рыбнай гаспадаркі.

«Рыбхоз «Локтыши»
«Рыбхоз «Локтыши» / Фото: из архива ГЧ

Ну хоць нехта ў Ганцавіцкім раёне адскочыў з мяжы банкрутства і ўпэўнена з запалам і прыбыткам крочыць у светлае будучае. А там работнікаў чакае рост зарплаты і цудоўныя ўмовы працы. І нарэшце падрамантуюць рыбавозкі і іншую тэхніку, якую не паспелі адабраць крэдыторы.

Вось кароткая размова намесніка галоўнага рэдактара Ірыны Дамарацкай з дырэктарам рыбгаса Генадзіем Жыбуртам:

І.Д.: За справаздачны трэці квартал ААТ “Рыбгас “Лактышы” меў пратэрмінаваную запазычанасць у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Як зараз ацэньваеце фінансава-эканамічнае становішча рыбгаса?

Г.Ж.: Працуем пакуль што з прыбыткам. Усё. У Фонд запазычанасць пагашана, бягучыя плацяжы плацім.

І.Д.: А што прымаеце для развіцця рыбгаса?

Г.Ж: З галоўным бухгалтарам… Усё, усё…

Без жартаў, ну як не радавацца поспехам, калі ёсць рост? Не давяраць дырэктару рыбгаса падстаў няма. А вось сумненні ў журналістаў “ГЧ” у дадзеным выпадку ўзніклі. І вось чаму.

Па-першае, Генадзій Яўгеньевіч вельмі спешна адказаў на пытанні і здавалася, што тэлефон у яго руках накаліўся, як карась на патэльні, таму ён хутчэй хацеў закончыць размову.

Па-другое, адкуль раптоўна з’явіўся прыбытак, калі рыбгас яшчэ ў мінулым месяцы меў пратэрмінаваную (!) запазычанасць па плацяжах у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і не мог іх заплаціць?

Ну, і трэцяе, пра які прыбытак можа ісці размова, калі рыбгас “Лактышы” працаваў са стратамі ўсе мінулыя гады і за 2020 год іх назапасілася 3 млн 638 тыс. рублёў (гэта каля 1,5 млн долараў).

Пастаўшчыкам і крэдыторам даўгоў сабралася 3 млн 809 тыс. рублёў. Увогуле, вытворчасць па вырошчванні і рэалізацыі рыбы на рыбгасе, згодна справаздачы ААТ “Лактышы” за мінулы год, была стратная.

У 2020 спрацавалі ў мінус. Сабекошт аказаўся большы, чым выручка, на 272 тысячы рублёў. Дык адкуль жа прыбытак? Няўжо ад жыхароў Ганцаўшчыны хаваюць нейкую сенсацыю?

Каб з’явіўся прыбытак, як кажа Генадзій Жыбурт, то нейкае ноу-хау прыдумалі на рыбгасе, альбо павінен з’явіцца нейкі сур’ёзны інвестар, які пагасіў даўгі, і гэта трымаюць у тайне. Можа, сапраўды вырошчвалі “экафіш” – рыбу, якая корміцца сама і без усялякага там камбікорму? На выгляд худая, касцістая, але экалагічная і суперкарысная для арганізма.

Пра праграмы выхаду з крызіснай сітуацыі гаварылася яшчэ ў 2019 годзе, калі пра занядбалае становішча ААТ «Рыбгас» Лактышы» паказвалі па тэлебачанні ў спецыяльным праекце канала «Беларусь 1» “На кантролі Прэзідэнта».

Тады і “ГЧ” пісаў пра меркаванні экспертаў, адзін з якіх і сказаў пра “экафіш”. Праўда, адзін з былых рыбгасаўцаў з жартам адрэагаваў на гэта:

«Яно-то добра, што хочуць нешта памяняць, даўно пара. Толькі вырошчваючы экафіш, ці не атрымаюць яны шыш!?»

Тады ж начальнік упраўлення па аквакультуры і рыбалоўнай гаспадарцы «Белводгас» Дзмітрый Шэль казаў:

«Для прадпрыемства цяпер прапрацоўваецца ўзважаны праект выхаду з існуючага крызісу і далейшага паступальнага развіцця. Паралельна вырашаюцца кадравыя пытанні. Што тычыцца даўгавых абавязацельстваў, то і тут шукаюць падыходы, каб неяк адтэрмінаваць плацяжы ў часе».

Можа, што пасля гэтага і вырашылася, але жыхары раёна ды і самі рыбгасаўцы не ведаюць пра прагрэс. Вось што дакладна вядома, дык некалькі спробаў кіраўніцтва падаваць дакументы ў Эканамічны суд Брэсцкай вобласці аб прызнанні рыбгаса “Лактышы” неплацежаздольным.

Задумка была правільная. Прайсці судовы працэс і стадыю банкрутства, якая называецца санацыя (эканамічнае аздараўленне), каб замарозіць усе даўгі, а рыбгас некалькі гадоў працаваў без націску крэдытораў і пастаўшчыкоў. Але не атрымалася – суд адмаўляў.

Можа, нарэшце, прыйшло разуменне, што няма на каго спадзявацца і не трэба чакаць, як некалі ў калгасе, што даўгі спішуць, паліва і ўгнаенняў падкінуць. Нармальна так было кіраваць. Зараз часы іншыя. Дзяржава дапамагала шмат, але, як кажуць, няма таго, што раньш было…

Што ж, няхай словы дырэктара рыбгаса Генадзія Жыбурта стануць яваю і прадпрыемства ў далейшым працуе з прыбыткам увесь час.

Пакуль жа можна дапусціць, што гэта кароткачасовы этап, калі падчас адлову рыбы пагасілі даўгі і з’явіліся грошы. Вось калі кожны месяц рыбгас “Лактышы” будзе працаваць рэнтабельна і прыбыткова, калі такая сенсацыя адбудзецца, можна будзе не толькі проста парадавацца, але і адкрыць бутэльку шампанскага пад тост “За працвітанне рыбгаса “Лактышы”!

На рыбгасе працавала 66 чалавек у 2020 годзе, у 2016 годзе – 87 чалавек.

Материалы по теме
Из рубрики
Top