weather
search

У чым сакрэт ганцавіцкага беларускамоўнага феномена

Шквал віншаванак, цікавых фота і відэазамалёвак на беларускай мове напоўніла сеціва ў Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначылі 21 лютага. У іншыя дні года у Беларусі беларуская мова гучыць значна радзей. Чаму так адбываецца, мы спыталі ў жыхароў Ганцавіцкага раёна і экспертаў.

Удзельнікі дзіцячага фальклорнага калектыву “Крынічка” Хатыніцкага сельскага Дома культуры пераймаюць родную мову і беларускія танцы ад старэйшых самадзейных артыстаў
Удзельнікі дзіцячага фальклорнага калектыву “Крынічка” Хатыніцкага сельскага Дома культуры пераймаюць родную мову і беларускія танцы ад старэйшых самадзейных артыстаў

Ганцаўшчына – унікальны рэгіён, бо згодна перапісу насельніцтва 2019 года Ганцавіцкі раён – адзіны ў краіне, дзе больш за 90% насельніцтва вызначаюць беларускую мову роднай, а ў сельскай мясцовасці гэты паказчык увогуле дасягае 95,8%. 

Для параўнання, у маштабе рэспублікі гэты паказчык значна ніжэйшы– беларускую мову роднай назвалі больш за 60% жыхароў, у Брэсцкай вобласці – амаль 83%.

Калі закрануць глыбей гэтую тэму, то бачна, што моўнае пытанне абвастрылася пасля рэферэндума 1995 года, які зрабіў рускую мову дзяржаўнай у нашай краіне на адным узроўні з беларускай. 

У выніку пацярпела менавіта беларуская мова, бо ўсё справаводства і афіцыйныя дакументы пачалі афармляць па-руску, кіраўніцтва стала размаўляць пераважна на рускай мове.

Але ўсё ж у плыні русіфікацыі гаворкі беларусаў захавалася хваля беларускасці, якая прайшла па гарадах Беларусі і ў тым ліку закранула Ганцавічы – гэта святкаванне Дня беларускага пісьменства. 


Made with Flourish

Пры падрыхтоўцы да гэтага мерапрыемства большасць шыльдаў у горадзе Ганцавічы з рускімі назвамі змянілі на беларускія. Гараджане лёгка прыстасаваліся да беларускай навігацыі.

Але гэты працэс пераходу не прайшоў без хібаў. Напрыклад, пры перакладзе на беларускую мову інфармацыі па біялогіі для стэнда ў адной са школ інтэрнэт-перакладчык “жиры и белки” ператварыў у “тлушчы і вавёркі”.


Хваля беларускасці

Культурнае беларускамоўнае цунамі накрыла Ганцавічы ў 2011 годзе, калі ў горадзе адзначылі Дзень беларускага пісьменства. 

У час падрыхтоўкі да свята значна абнавілі цэнтр горада: адрамантавалі фасады будынкаў і на двух з іх размясцілі білборды з выявамі Якуба Коласа і Аляксандра Сержпутоўскага, упарадкавалі парк, дзе з’явілася ратонда з сімвалічнымі журавамі і раскошная альтанка.

Асаблівым гонарам можна лічыць Алею пісьменства, якую адчыняе знак Дня пісьменства. Далей на памятных аркушах увекавечаны імёны мясцовых пісьменнікаў: Івана Лагвіновіча, Віктара Гардзея, Алеся Каско, Уладзіміра Марука, Аляксандра Сержпутоўскага, Васіля Праскурава, Івана Кірэйчыка, Міхася Рудкоўскага

Завяршае алею помнік народнаму песняру Якубу Коласу, чый лёс звязаны з ганцавіцкай зямлёй. Сваю педагагічную дзейнасць Канстанцін Міцкевіч пачынаў у вёсцы Люсіна Ганцавіцкага раёна.

Як адзначыў падчас адкрыцця Алеі пісьменства тагачасны міністр культуры і дыпламат Павел Латушка, які цяпер знаходзіцца ў выгнанні ў Польшчы, свята пісьменства «ўжо ўпісана ў лік важнейшых падзей краіны».

За гады існавання традыцыі правядзення Дня пісьменства сталіцамі маштабнай урачыстасці былі: 

  • Полацк,
  • Тураў,
  • Навагрудак,
  • Нясвіж,
  • Орша,
  • Пінск,
  • Заслаўе,
  • Мсціслаў,
  • Мір,
  • Камянец,
  • Паставы,
  • Шклоў,
  • Барысаў,
  • Смаргонь,
  • Хойнікі,
  • Ганцавічы,
  • Глыбокае,
  • Быхаў,
  • Шчучын,
  • Рагачоў,
  • Іванава,
  • Слонім,
  • Бялынічы.

«Вельмі важна, што мы звяртаемся да нашых вытокаў, каранёў, пісьменства, якімі мы можам ганарыцца яшчэ з часоў Ефрасінні Полацкай, Сымона Буднага, Купалы, Коласа, Караткевіча, Быкава і многіх іншых прадстаўнікоў нашай культуры», – сказаў падчас свята былы міністр Павел Латушка.

https://youtu.be/jKbgVs06Nbc

Ганцаўчане шануюць родную мову

Як высветлілася падчас апытання жыхароў Ганцавіцкага раёна, простыя людзі не забылі родную мову і ведаюць, што азначаюць словы патэльня, рыдлёўка, аловак, прас, асадка, дыван, аловак. Але людзі прызнаюцца, што на беларускай мове размаўляюць рэдка. 

Кажуць, што пераходзіць на родную мову цяжка, бо большасць знаёмых карыстаецца рускай мовай. Але ёсць гараджане, якія асэнсавана робяць крокі да больш частага выкарыстання роднага слова. 

Чаму так адбываецца,
глядзіце
ў відэаапытанні:

https://youtu.be/MvWNzIHnmm4

Эксперты пра феномен

У чым феномен, што большасць жыхароў Ганцаўшчыны назвалі роднай мовай беларускую?

Я ўвёў бы такі закон, адпаведна якому дзяржаўны служачы павінен быў бы ведаць дзве дзяржаўныя мовы, асабліва беларускую.

Аляксей Галаскок

паэт

Большасць людзей выйшла з вёскі, дзе бацькі і знаёмыя размаўлялі на беларускай мове, таму яна ў іх захавалася да гэтага часу. Пасля перасялення ў горад людзі паміж сабой і кіраўніцтва ў тым ліку сталі карыстацца рускай мовай. Але беларуская мова засталася ў душы кожнага назаўсёды, бо карані нашы беларускія.

Каб захаваць мову, трэба,  па-першае, пачаць з моладзі. Патрэбна, каб у дзіцячых садках выхавальнікі размаўлялі на беларускай мове, каб у школах і ва ўстановах вышэйшай адукацыі большасць прадметаў выкладалася на беларускай мове, таму што дзеці з сельскіх беларускамоўных школ ва ўніверсітэтах вымушаны прыстасоўвацца да рускай мовы.

Стэрэатыпы

Раней лічылася, што калі чалавек размаўляе на рускай мове, то ён ужо гарадскі або начальнік. Я заўважыў, як змянілася мова нашых кіраўнікоў, напрыклад, Віктара Супруна, які працуе начальнікам аддзела ідэалогіі. 

Мяне нават пакрыўдзіла, што калі ў Ганцавічы прыязджалі малдаване, то ён у сваім дакладзе называў мясцовых пісьменнікаў на рускі манер: Аляксандр Каско, Міхаіл Рудкоўскі, хоць іх ведаюць як Алеся Каско і Міхася Рудкоўскага. Ці сказаў бы ён у Расіі  Міхась Лермантаў?

Напрыклад, я часта слухаю радыёканал “Культура” і радуюся, што вядучыя і госці праграмы размаўляюць па-беларуску і чытаюць беларускія творы, напрыклад, Івана Мележа ці Івана Шамякіна “Снежныя зімы”. 

Я слухаю родную мову з задавальненнем. А на першым беларускім канале, калі я ўдзельнічаў у праграме, мне задавалі пытанне на рускай мове. Я лічу такі падыход здзекам.

Калі паглядзець на наша раённае кіраўніцтва, дык не кожны з іх можа адказаць па-беларуску. Я ўвёў бы такі закон, што дзяржаўны служачы павінен ведаць дзве дзяржаўныя мовы, асабліва беларускую. Гэта павінна быць адлюстравана ў законе. 

А так атрымліваецца, што мы адракаемся ад сваёй мовы.  Мяне балюча разанула, напрыклад, тое, што наш Бацька, калі выступаў у пасланні да народа, дык пра мову сказаў адзін толькі радок, што “народ должен знать свой язык”, і ўсё. А каб знаць, што рабіць?

Чым адметна беларуская мова

З месяц назад я напісаў аповед пра тое, што, на жаль, знікае мова беларуская, якая прызнана ЮНЭСКА і лічыцца па мілагучнасці другой пасля італьянскай. 

Па сэнсе беларуская мова вельмі выразная. Напрыклад, скажаш слова “надвор’е” – і адразу зразумела, што гаворыцца аб тым, што адбываецца на дварэ. Або слова “паснедаў” – “снедзь” абазначае  – “ежа”. “Павячэраў” – значыць, “паеў увечары”.

Ларыса Геніюш калісьці пісала:

“Матчынай мовай багата і слаўна, што ў фондах народа, бы скарб залаты. Не аддавайце бяздумна, бяспраўна, не прадавайце святога, браты”. 

У сваім лісце я расказаў, што нічога не маю супраць рускага народа і рускай мовы. Мае зяць і нявестка рускія – вельмі добрыя людзі, мы ў сям’і любім  і паважаем іх. Я сам сямнаццаць з паловай гадоў праслужыў у Расіі і вельмі добра ведаю рускі народ, іх культуру і мову. Нават Паўстоўскі пісаў: 

“Если человек не сохраняет свой язык, то он вредный для общества, потому что он не знает истории своей и даже не может себе представить будущее”.


Паэт Аляксей Галаскок

Дзеці не ведаюць беларускую мову

А нашы дзеці не ведаюць беларускай мовы. Напрыклад, прыйшлі да мяне тры гурточкі калядоўшчыкаў – дзеці ўзростам каля трынаццаці гадоў. Я і пачаў пытацца, чаму яны не гавораць на беларускай мове. Маўчаць, а потым кажуць: 

“Мы не знаем”. 

А я падрыхтаваў пакеты з цукеркамі і пяць рублёў. Пытаюся ў іх, як гучаць па-беларуску “конфеты” – ніхто не сказаў. 

Адна дзяўчынка сказала, што ў яе дзявятка па беларускай мове. Я пытаюся, а як будзе “сахар” па-беларуску, то здагадалася, што “конфеты” – гэта “цукеркі”. Я за гэта даў разам з цукеркамі і пяць рублёў. На вуліцы, як сустрэўся, то яна ўсміхалася мне і казала, што цяпер памятае, што такое “цукеркі”.

Гэты выпадак пацвярджае, што дзеці цяпер не ведаюць беларускай мовы. Таму ў школе я цяпер не выступаю, бо калі буду перакладаць і расказваць па-руску, аб чым я напісаў, то яны не змогуць успрыняць твор. А раней я часта выступаў у садках і школах.

https://www.youtube.com/watch?v=McqnHwVTHxI

Як распаўсюдзіць родную мову

Лічу, што сілай прымушаць дзяцей вывучаць беларускую мову не трэба, бо можна атрымаць адваротны вынік. Гэта трэба рабіць іншымі метадамі. 

Трэба мяняць школьную праграму, каб беларуская мова вывучалася глыбей, чым руская і замежная. 

Трэба, каб мова жыла і на тэлебачанні. Я не кажу, што трэба адрачыся ад рускай мовы – не, яна таксама павінна быць ва ўжытку, бо яна ўжо міжнародная. Але ж асноўныя каналы павінны вяшчаць на роднай мове. 

Напрыклад, у Францыі на тэлебачанні і на радыё забаронена ўжываць іншамоўныя словы, у Ізраілі ўсе перадачы вядуцца на сваёй мове.

Каб дзеці не забылі мову, трэба старэйшым, хто яе ведае, размаўляць на беларускай мове. Напрыклад, калі я прыходжу ў магазін і гавару па-беларуску, то прадаўцы адразу ўсміхаюцца і просяць сказаць яшчэ што-небудзь. 

Калі мы будзем размаўляць на роднай мове, то і мова дойдзе да людзей.

Як добра вы ведаеце беларускую мову?
Тэст

Новости

Материалы по теме
Из рубрики
Top