weather

USD 2.5008

EURO 2.6004

RUR(100) 3.9507

search

Жыхар Ганцавіч Леанід Муха памёр, не дачакаўшыся спаўнення запаветнай мары

У жыцці бывае шмат добрых знаёмых, калег, а вось сяброў – адзінкі. І Леанід Муха, адзін з нямногіх, што быў маім сапраўдным сябрам.

Жыхар Ганцавіч Леанід Муха памёр, не дачакаўшыся спаўнення запаветнай мары
Жыхар Ганцавіч Леанід Муха памёр, не дачакаўшыся спаўнення запаветнай мары

Праз некалькі дзён, 13 мая, мой сябар Леанід Уладзіміравіч Муха з вёскі Шашкі Ганцавіцкага раёна адзначыў бы чарговы дзень нараджэння. 

Але так не станецца. Гэта дата для яго родных і сяброў застанецца назаўсёды сумным днём.  У канцы верасня мінулага года Леанід раптоўна памёр ад каронавіруса. Таго самага Сovid -19, які прынёс гора ў многія сем’і.

Як так сталася, што чалавек са здароўем волата, дужы і моцны, згарэў літаральна за некалькі дзён? Гэта не ўкладаецца ў галаве. Прайшло амаль 8 месяцаў, як яго нястала, але не верыцца і зараз, што яго няма.

Прозвішча “Муха” на Ганцаўшчыне даволі распаўсюджанае. Але Леаніда Муху, многія ведалі па мянушцы Бабан, якую далі яму яшчэ ў дзяцінстве. Ён ніколі на гэта не крыўдзіўся. Бабан – азначае просты вясковы хлопец, мужык.

А Лёня быў такім–, простым, хоць і з паляшуцкай хітрынкай, але шчыры і з адкрытай душоў. Праўда я жартаваў і казаў:

“Можа Бабан – гэта не просты мужык, а чалавек курдскага княства Бабан Эмірат, якое існавала ў сярэдневеччы. Можа продкі там былі і аддуль пайшлі смуглявыя Бабаны? Лёня ўспрымаў любыя жарты і яго задорны смех нельга забыць».

Жыў Беларуссю і хацеў пабачыць іншыя краіны

Леанід перыядычна заязджаў у госці на кватэру ці ў рэдакцыю. Асабліва, калі яго хвалявала нейкае пытанне пра падзеі ў раёне, альбо хацелася эмацыянальна выгаварыцца і атрымаць падтрымку. Звычайна гэта былі нейкія  мясцовыя навіны аб тым, што робіцца на рыбгасе “Лактышы” – Леанід Муха адпрацаваў там 9 гадоў вадзіцелем рыбавозкі. Палітычнымі падзеямі таксама цікавіўся, але кожны  раз быў у роспачы, што несправядлівасці шмат, а за праўду людзі пакутуюць.

Яшчэ часта заходзіла размова након жыцця ў замежжы. Нягледзячы, што  Леаніду было ўжо за 55 гадоў, ён час ад часу цікавіўся, у якую краіну можна паехаць, каб спакойна жыць і працаваць.

Разважаючы ў чарговы пра краіны блізкага і далёкага замежжа, якія называў Леанід, усё скончвалася віртуальным падарожжам… у Ізраіль. Леаніду, чамусьці, вельмі падабалася гэта краіна. А я жартаваў, што яго туды не пусцяць без хірургічнага ўмяшальніцтва. Пасля чаго сябра гучна рагатаў на ўсю хату.

Нераўнадушны ён быў да палітычнай сітуацыі ў краіне. З-за чаго нерваваўся, а калі фонам ішлі навіны з аднымі і тымі ж палітычнымі дзячамі, Леанід, лаяўся і з боку нагадваў артыста Светлакова, якія гаварыў з тэлевізарам.

“Глядзець я на яго не магу! Выключы, каб вочы мае не бачылі”, – казаў Леанід, здзіўляючыся, як гэта ў мяне хапае нерваў глядзець беларускае тэлебачанне.

Бо, па яго словах, па тэлевізары ён глядзеў толькі перадачы з Ютуба розных палітычных журналістаў, блогераў, чаго па бэтэшных каналах не пакажуць. Газету “Ганцавіцкі час” чытаў з першых нумароў. Бывала, як не прыйдзе газета, паштальён спозніцца, ці захварэе, дык хваляваўся, ці не здарылася чаго.  Званіў заўсёды і цікавіўся.

“Я ў чацвер у скрыні паштовай “Ганцавіцкага часу” як не ўбачу, дык месца не знаходжу. Як нечага важнага мне не хапае”, – казаў Леанід, расказваючы, што па разоў пяць ці болей бегае па лесвіцы да паштовай скрыні глядзець, ці прыйшла газета.

На вяселлі свайго сына Аляксандра, Леанід даручыў ганаровую ролю свата. 

Не ведалі, што сустрэча стане апошняй

Зараз па іншаму ўспрымаецца сустрэча з Леанідам, якая стала апошняй… Дзень быў даждлівы. Лёня пазваніў і сказаў, што хацеў бы на пару хвілін пад’ехаць і параіцца. Прыехаў на веласіпедзе.  Але не зайшоў у кватэру, папрасіў спусціцца на вуліцу, што мяне здзівіла.

Сказаў, што вось думае можа зноў пайсці на работу на рыбгас. Цікавіўся маім меркаванне, ці ёсць у рыбгаса якія перспектывы. Сказаў, што была там вакансія на рыбавозку. Расказаў, што была такая прапанова, паказалі машыну, якую яшчэ трэба рамантаваць, але няма запчастак і грошай таксама няма ў рыбгаса.

Падзяліўся, што пра зарплату не пытаўся, але ж працаваць вадзіцелем яму больш душа ляжыць, чым сторажам на палігоне ў ліцэі.  Толькі парада яму не была патрэбна, пра банкруцкі стан рыбгаса Лёня ведаў не горш за мяне.

І ісці працаваць на зломак, дый яшчэ шукаць запчасткі, не было сэнсу. Я толькі і агучыў сумную перспектыву, дадаўшы некаторыя дэталі, што клёву у ААТ “Рыбгас “Лактышы” пакуль не назіраецца. Дакіраваліся на чарговым прадпрыемстве, “крэпкія хазяйственнікі”.

Чамусьці ўзгадалася, што Леанід тады дзіўна пажартаваў, сказаўшы, каб я ішоў дырэктарам на рыбгас, навёў там парадак і ўзяў яго на працу. Дабавіўшы, што абрыдла яму глядзець на ўсё, што творыцца навокал.

“Хочацца дажыць да лепшых часоў, каб зноў адчуць свабоду, каб хацелася, як раней, працаваць з ахвотай, азартам…”, – казаў сябар.

А пачуўшы, што я, хоць і перажываю за рыбгас, дзе мой цесць Мікалай Фёдаравіч Гардзей, вечная яму памяць, амаль з пачатку яго існавання 30 гадоў там працаваў, але ж не звар’яцеў, каб пры гэтай сістэме быць начальнікам. Леанід засмяяўся, як заўсёды з шалёнай сілаў паціснуў руку і памчаўся на сваім веласіпедзе…

А праз некалькі дзён пазваніў і сказаў, што трапіў ў бальніцу з каронавірусам.

Чарка і трактар ад Сovid-19 не лечаць

На той час не думалася, што варта перажываць. Не толькі сілы, а ле і сілы жуха у яго было на траіх. Леанід не прызнаваў існаванне ковіда, скептычна ставіўся да нашэння масак. Часта цытаваў аднаго “лекара”, кажучы, што чарка і трактар – гэта лепшыя лекі. І калі быў у гасцях, падымаў чарку і гучна смяяўся.

Але калі ён захварэў і пазваніў, у голасе адчувалася, што Леаніду было не жартаў. Ён трапіў у бальніцу разам з жонкай Наталляй Міхайлаўнай у адзін дзень. Яна працуе ў Круговіцкай школе і хахварэла першай.

Тады адначасова Сovid-19 падцвердзіўся яшчэ ў некалькіх чалавек з работнікаў школы і настаўніцы нямецкай мовы, якая была на пенсііі. Адна настаўніца засталася лячыцца дома, яшчэ дваіх, у тым ліку пенсіянерку, адвезлі ў райбальніцу.

Потым высветлілася, што ў вёсцы памерла адзінокая пенсіянерка, якая мела кантакт з адной з настаўніц. Звярнулася за медычнай дапамогай тады, калі ўжо было позна. Да бальніцы давезлі, але не выратавалі.

Жонка Леаніда і настаўніца-пенсіянерка выкараскаліся.  А вось Леаніда не змаглі выратаваць. Лекары аказалі бяссільныя.

Апошняя размова з сябрам…

Некалькі разоў мы гаварылі з Леанідам па тэлефоне. Ён стараўся трымацца бадзёра, хоць і не хаваў, што адчувае сябе неважна. Казаў, што такога адчування, калі ломіць усё цела, і здаецца, што баляць нават пазногці і валасы, ніколі ў жыцці не было. А вось апошні званок нясцярожыў.

Голас яго змяніўся. Казаў, што лячэнне не дапамагае, тэмпература трымаецца высокая і лекі дапамагаюць толькі на кароткі час. Стараючыся супакоіць, пераконваў, каб слухаўся медыкаў, бо яны ж за немалы час ужо павінны былі навучыцца, як змагацца з гэтым смяротным вірусам, ляжаць на спіне і не берагчы сілы. А моцны арганізм жа павінен адолець хваробу.

Паглаўшы трубку, нягледзячы на позні час, а было ўжо каля дзевяці гадзін вечара, патэлефанаваў доктару, на той час загадчыку  тэрапеўтычнага аддзялення Ганцавіцкай ЦРБ Івану Свірскаму.

Іван Міхайлавіч адказаў, што на той час чатыры пацыенты ёсць, у якіх няпроста праходзіць перыяд барацьбы з вірусам. Але ён абнадзеіў, што арганізм у Леаніда Мухі моцны, медыкаменты неабходныя ёсць і працэдуры, якія выкарыстоўвалі пры лячэнні ковід-19, якія паказалі эффектыўнасць, прымяняюцца.

Пазваніўшы сябру, перадаў словы доктара. Тады здавалася Леанід падбадзёрыўся і павесялеў. Гэта была апошняя наша размова…

Ганцавіцкія медыкі аказаліся перад СОVID-19 бяссільнымі

Іван Свірскі, загадчык тэрапеўтычнага аддзялення Ганцавіцкай ЦРБ
Іван Свірскі, загадчык тэрапеўтычнага аддзялення Ганцавіцкай ЦРБ

Праз дзень Леанід тэрмінова перавялі ў рэанімацыю. На той час загадчык тэрапеўтычнага аддзяленны Іван Свірскі казаў, што спачатку ніякіх апасенняў за жыццё Леаніда Уладзіміравіча не было. 

Перад тым, як ён трапіў у рэанімацыю, раніцай прыйшлі на агляд урачы, нават пажартавалі з Леанідамі. Але апоўдні стан хворага рэзка  пагоршыўся, паднялася высокая тэмпература.

Па словах, Івана Міхайлавіча, фактар, што ад высокай тэмпературы адбылося паражэння лёгкіх. А збіць тэмпературу не атрымоўвалася, што не рабілі. Здавалася, урач таксама быў у роспачы, што лячэнне не дапамагае.

На прамое пытанне, якія шансы выжыць у такім стане? Іван Міхайлавіч ён сказаў меркаванне, пасля якога холадам павеяла па спіне: “Пяцьдзесят на пяцьдзесят”. Але ноткі ў голасе ўрача выдавалі, што сітуацыя крытычная.

Роспач, бяссілле і пахаванне

Леанід Муха са сваім сябрам Вячаславам Хітрыкам, брыгадзірам калгаса
Леанід Муха са сваім сябрам Вячаславам Хітрыкам, брыгадзірам калгаса

Жонка Леаніда тады яшчэ сама ляжала ў бальніцы з каранавірусам, сын з нявесткай прыехалі з Мінску і не ведалі чым дапамагчы. І гэта чаканне і безнадзёга  былі цяжкім выпрабаваннем. Праз 8 дзён у рэанімацыі сябра адключылі ад апарата штучнага дыхання.

Развітацця з-за каронавіруса па традыцыях хрысціян не атрымалася. Труну сказалі не адкрываць. На пахаванне прыехалі і прыйшлі не толькі аднавяскоўцы. 

Усе былі здзіўлены, што Бабан не справіўся з хваробай. Пры гэта яны шапталіся, стоячы каля магілы. У роднай вёсцы пад бярозкай Леаніда пахавалі.

Сотні, тысячы людзей, чыя родныя захварэлі гэтым невядомыс вірусам, перанеслі  шмат пакут. Многія не справіліся з каронавірусам і пайшлі з жыцця.

Запаветная мара: хацеў жыць у вольнай Беларусі

Да пенсіі было далёка, таму ён яшчэ ўсё хацеў паехаць ў нейкую краіну, каб папрацаваць і адчуць пах свабоды. 

Ён частка казаў, што здзіўлены, як здзекуюцца над людзьмі, ператварыўшы іх у абслугу, маўклівых рабоў. Так, у яго быў нораў і хоць за свае правы і за правы сваіх таварышаў па працы мог і наперакор начальству пайсці.

На жаль, не ажыццявіліся яго мары, не дачакаўся ён тых часоў, якіх вельмі жадаў пабачыць на свае вочы. 

Хацеў пабачыць Беларусь з іншай уладай. Казаў, што хоча, каб дзеці і ўнукі жылі вольна і заможна. Хацеў справядлівасці, бо ў жыцці было шмат момантаў, калі людзей абманулі. Не раз расказваў гісторыі, як абманвалі людзей яшчэ ў СССР.

Працуючы ў калгасе, гадаваў яшчэ дома бычкоў, здаваў калгасу, а з накопленых грошай  і яшчэ з зарплаты, купіў, як і многія калгаснікі акцыі калгаса Імя Кірава. А ў выніку акцыі ператварыліся ў паперу. Калгас абанкруціўся.

У невялікім Ганцавіцкім раёне, дзе насельніцтва у 2022 годзе стала менш за 26 тысяч чалавек, за апошнія, так званыя «ковідныя» гады, у параўнанні з мінулымі, рост смяротнасці павяліўшыся на 10%.

Муха Леанід Уладзіміравіч

ДАВЕДКА:

Муха Леанід Уладзіміравіч, надзіўся 13.05.1964 года у вёсцы Шашкі Ганцавіцкага раёна. Пасля Круговіцкай школы 1978-1981 гадах,  вучыўся ў СВТУ-168 г. Ганцавічы. Ганцавіцкі сельскагаспадарчы ліцэй стаў і апошнім месцам, дзе працаваў Леанід Уладзіміравіч.

Служыў у арміі 1984-1986гг. Працаваў вадзіцелем у калгасе імя Кірава у вёсцы Агарэвічы. Затым у ААТ “рыбгас “Лактышы”. Як і многія жыхары Ганцаўшчыны едзіў на заробкі у Расію. Апошния гады жыў у Ганцавічах. Памёр 26.09.2021года.

Новости

Материалы по теме
Из рубрики
Top