search

Былога кіраўніка ДАІ Баранавічаў асудзілі на 7 гадоў калоніі

Былому выконваючаму абавязкі начальніка ДАІ Андрэю Валкавыцкаму прысудзілі 7 гадоў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Пракурор прасіў для падсуднага 5 год калоніі-пасялення. 

Андрэй Валкавыцкі ў час паседжання ўвесь час сядзеў з апушчанай галавой
Андрэй Валкавыцкі ў час паседжання ўвесь час сядзеў з апушчанай галавой / Фото: Павел Дайлід

Прысуд маёру міліцыі, які, у нецвярозым стане, рухаючыся на аўтамабілі на хуткасці каля 100 кіламетраў у гадзіну, збіў насмерць 36-гадовую Вольгу Стралкоўскую, быў вынесены 3 сакавіка ў судзе Ляхавіцкага раёну.

Апроч 7 год калоніі агульнага рэжыму (максімальны тэрмін паводле часткі 4 артыкула 317 Крымінальнага Кодэкса) Валкавыцкі павінен сплаціць 35 тысяч рублёў сваякам загінулай жанчыны, а таксама судовыя выдаткі.

Пракурор запытваў для Валкавыцкага 5 год калоніі-пасялення. Змякчаючымі абставінамі называлася, у прыватнасці, наяўнасць у абвінавачанага непаўналетніх дзяцей.

Валкавыцкі сваю віну прызнаў і заяўляў у судзе, што раскайваецца. Увесь час на судзе падсудны сядзеў з апушчанай галавой.

Пасля сканчэння судовага паседжання бацькі загінулай Вольгі Стралкоўскай сказалі, што лічаць прысуд справядлівым, яны баяліся, што былому міліцэйскаму начальніку дадуць меншы тэрмін. Падчас суду маці загінулай плакала, трымаючы ў руках фотаздымак дачкі.

Прысуд можа быць апратэставаны абвінавачаным на працягу 10 сутак.

Здарэнне адбылося 26 лістапада 2016 года. Каля вёскі Дарава Ляхавіцкага раёну супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль за парушэнне правілаў дарожнага руху.

У момант, калі жанчына-пасажыр спыненага аўто пераходзіла дарогу, яе збіла іншая машына, якой кіраваў моцна п’яны выконваючы абавязкі начальніка ДАІ Баранавічаў Андрэй Валкавыцкі. Жыхарка Слуцка Вольга Стралкоўская загінула на месцы ад атрыманых траўмаў.

У загінулай засталіся двое непаўналетніх дзяцей.

Новости

Из рубрики
Top