weather

USD 2.5438

EURO 2.8795

RUR(100) 3.4391

search

Пасля працы ў сталіцы вярнулася ў Задуб’е

Марыя Маляўка жартам называе сябе экапасяленкай і жыве разам з бацькамі, братам і сястрой на асобным хутары ў вёсцы Задуб’е. Да гэтага сям’я жыла ў Кіеве і Кобрыне, але вярнуліся да месца вытокаў сваіх каранёў. Марыя скончыла факультэт філасофіі і сацыяльных навук  БДУ ў Мінску і пяць год паспяхова працавала ў сталіцы. Але ўсё ж такі вырашыла вярнуцца ў вёску. Чаму? Аб гэтым яна распавяла “ГЧ”.

Маша, распавядзі, як так здарылася, што пасля дзесяці год жыцця ў сталіцы, ты перабралася ў вёску? Распавядзі пра Задуб’е?

За гэтым рашэннем стаялі дзве звышідэі. Першая – я хацела сур’ёзна заняцца літаратурай. Пісаць мастацкае я пачала пасля таго, як навярнулася да Бога. З тых часоў жыву з дзвюма гісторыямі ў галаве. Мая шматзадачная праца ў Мінску не дазваляла заглыбляцца ў вялікі тэкст, паміж імі проста пачыналася лютая вайна.

Другая – мая сям’я даўно жыве ў Задуб’і. Яны маюць даволі спецыфічныя праблемы і адрэзаныя ад людзей. Якое б ні было вясёлае жыццё ў Мінску, за мной заўсёды стаяла пустэльня, якую ўяўляе з сябе наша глыбінка. Нарастала жаданне нарэшце прыкласці да гэтай пустэльні рукі.

Хоць насамрэч за гэтымі ідэямі стаяла адна глабальная: я хацела паўнавартасна служыць Богу. Гэта здавалася дзіўным, і вось чаму: я на той момант працавала ў хрысціянскай місіі, займалася рознымі справамі ў царкве, і людзям здавалася:

«У чым праблема, ты і так служыш Богу на 120%».

А я разумела, што ў гэтым служэнні не задзейнічыя мае самыя глыбінныя сілы, лепшае, што ў мяне ёсць. Гэта ўсё выбухала гадзін у 12 ночы і не давала супакоіцца да дзвюх, хоць у сем уставаць.

Тады я яшчэ не разумела, наколькі такое жыццё, як зараз, натуральнае для мяне. Мне цяжка сябе ўявіць без кавалка зямлі і дзікай свабоды, якую дае аддаленасць ад цывілізацыі.

Няшмат магу сказаць пра Задуб’е. Да пераезду я пражыла тут толькі адзін з кавалкаў жыцця, праведзеных у розных месцах. А калі пераехала, то не ў саму вёску, а фактычна на хутар. Я далёкая ад звычайнага вясковага жыцця. Лясы вакол Задуб’я ведаю лепш, чым Задуб’е.

Чым можа прывабіць вёска сталічнага жыхара?

У мяне шмат знаёмых-экапасяленцаў. Гэта паспяховыя людзі, якія з’ехалі з гораду, як і я, не ад дрэннага жыцця. Мне здаецца, людзі прыходзяць да гэтага ў пошуках чагосьці страчанага. Ёсць і фізічныя фактары: цішыня, экалогія.

Як часта выбіраешся ў горад? Як падтрымліваеш кантакты з сябрамі?

Нармалёва сябе адчуваю, калі выбіраюся хаця б раз на два тыдні. З-за каронавірусу даводзілася сядзець даўжэй. Еду так, каб захапіць нядзелю і трапіць у царкву. У Брэсце ў мяне праца, у Мінску асноўнае кола сяброў. У Ганцавічы ці Лунінец езжу за прадуктамі, бо ў Задуб’і з гэтым складана.

Ты верніца баптысцкай царквы. Што табе дапамагае захоўваць веру?

Я мяркую, што цішыня і адсутнасць інфармацыйнага шквалу дапамагаюць захоўваць веру.

Бываю на нядзельных набажэнствах, вядома, не кожную нядзелю, часам слухаю трансляцыі. Бываю ў розных месцах: Мінск, Брэст, Ганцавічы, Задуб’е… Ад гэтага стамляешся. З іншага боку, такі расклад для мяне натуральны: маё блізкае кола – з розных царкоўных грамад і нават канфесій.

Часам крытычна неабходна пабываць у каталікоў, паразмаўляць з праваслаўнымі. У мяне па жыцці роля такая: быць «паміж». Але больш за ўсё не хапае сустрэч з вернікамі сярод тыдня, калі можна было б пасядзець над Бібліяй, памаліцца, абмеркаваць бягучае.

Маша, ты хоць жывеш у вёсцы, але працуеш у «Брэсцкай газеце». Чаму менавіта журналістыка, а не што-небудзь іншае?

На гэта яснага адказу няма. З журналістыкай звязваюць даўнія складаныя адносіны. Да яе хочацца вяртацца. Гэта тое, што эфектыўней за ўсё звязвае мяне са светам паўсядзённага жыцця. У журналістыцы прываблівае магчымасць рабіць так, каб у людзей з’явіўся голас.

Чым апроч працы ў газеце ты займаешся? Што робіш у вольны час?

Правільней будзе расказваць, чым, акрамя працы над сваёй кнігай, я займаюся. Бо гэта я імкнуся ставіць у цэнтр, а астатнія заняткі падбіраю так, как яны гэтай справе дапамагалі ці хаця б не перашкаджалі. Калі так раблю, то і астатняе ладзіцца.

Яшчэ ў мяне рамесніцтва. Я раблю ўпрыгожванні з мікравышыўкай на даматканым палатне. Не лічачы розных спраў па хутарской гаспадарцы.

Ад паняцця «вольны час» я даўно адвыкла. Мабыць, так з усімі фрылансерамі адбываецца. Фіксаваных працоўных гадзін няма. Часам працуеш ноччу, а адпачываеш раніцай. А пакуль адпачываеш, рэжаш яблыкі на варэнне.

Мой адпачынак – гэта музыка і лес. Часам яшчэ цягнік.

Пра якія тэмы падабаецца пісаць найбольш?

Мабыць, пра тыя, дзе раскрываецца асоба чалавека. Самай значнай сваёй працай я лічу артыкул пра Тадэвуша Касцюшку, напісаны ў лютым гэтага года. Яшчэ да каранавірусу і астатніх падзей. Мала што ў жыцці мне давалася так цяжка. Некалькі ідэй, як зрабіць гэты артыкул, абваліліся з-за недахопу матэрыялаў.

Я здзівілася, што ніякіх арыгінальных дакументаў нельга знайсці ў вольным доступе. Не кажучы пра тое, што ад сутыкнення з асобай такога масштабу цябе пачынае гайдаць, як човен на хвалі.

Урэшце стала ляпіць артыкул з чаго ёсць, бо шкада было назбіранага па драбнічках матэрыялу. І тут маю ўвагу прыцягвае адно слова. Касцюшка быў прызначаны «дыктатарам» паўстання. Я вынесла гэтае слова ў загаловак, бо яно актуальнае і набалелае для нас.

Па сутнасці, гэты чалавек у адзін момант атрымаў неабмежаваную ўладу над вялікай краінай. Ці мог яе атрымаць. Так рабілі іншыя нацыянальныя лідары ў тыя гады. Іх часовая дзейнасць была больш паспяховай. Цікава, ці магло перамагчы паўстанне, калі б яго з’явіўся адзінаасобны жорсткі кіраўнік?

Мы не ведаем, але, мне здаецца, у гэтай развілцы – ключ да асобы Касцюшкі. Чалавека, які мог стаць дыктатарам, але не стаў. І ягоны выбар дагэтуль уплывае на нас. Гэта відаць па сёлетніх пратэстах. Мы таксама не хочам быць такімі. Не хочам браць гвалтам.

Дзе б хацела пабываць і што хацела б у жыцці зрабіць?

Хачу пабываць у Англіі. Гэта нейкая літаратурная Мекка для мяне. Акрамя таго, Беларусь чымсьці глыбока падобная да Англіі. Аднойчы я пачаставала англічаніна беларускімі чарніцамі, і ён пачаў пералічваць, што расце ў англійскіх лясах, і мы вырашылі, што Англія і Беларусь – амаль адно і тое ж.

А яшчэ хацела б пабываць на Данбасе. Я моцна спачуваю гэтай зямлі. Яшчэ хачу навучыцца граць на гітары і рабіць эльфійскія ўпрыгожванні.

Top