weather

USD 2.6057

EURO 3.1662

RUR(100) 3.5028

search

І па жыцці мудрэц, і на баяне ігрэц

Аграгарадок Кукава – адзін з самых утульных, прыгожых і адметных на Ганцаўшчыне. Менавіта тут жыве чалавек, які карыстаецца аўтарытэтам сярод насельніцтва і якога ведаюць у вёсцы амаль усе ад старога да малога – Іван Іосіфавіч Муха...

Іван Іосіфавіч Муха – майстар на ўсе рукі: печ складзе і баян адрамантуе, кош спляце і крэселка змайструе!
Іван Іосіфавіч Муха – майстар на ўсе рукі: печ складзе і баян адрамантуе, кош спляце і крэселка змайструе!

Адметны аграгарадок Кукава не толькі перадавой гаспадаркай у раёне, якая носіць назву СВК “Дубнякі” па адной з вёсак калгаса. Ёсць тут вуліца Садовая, якая поўнасцю адпавядае сваёй назве: па двух баках яе амаль праз кожныя пяць-дзесяць метраў растуць пладавітыя яблыні. Непадалёк узвышаюцца дрэвы парку. Пасаджаны маладыя саджанцы былі яшчэ пры былым старшыні калгаса Уладзіміру Арсенцьевічу Марозаве, а ўдзел ва ўвасабленні ідэі кіраўніка пасадзіць парк прымаў і тагачасны малады дырэктар мясцовага СДК Іван Муха.

Іван Іосіфавіч шмат гадоў жыве на Садовай. Цяпер ён ужо на заслужаным адпачынку. Але актыўнаму, адказнаму Івану Муху на вясковым сходзе жыхары Кукава даручылі заняць пасаду старасты вёскі. Аўтарытэт ён заслужыў за многія гады.

Адпрацаваў Іван Іосіфавіч нямала: 37 гадоў, і ўсе гэтыя гады – дырэктарам Кукаўскага сельскага Дома культуры. Старажылы і зараз памятаюць, якія цікавыя праводзіліся пад яго кіраўніцтвам “святы вёсак”, якая моцная была мастацкая самадзейнасць, колькі было моладзі на дыскатэках… Не пералічыць грамат і дыпломаў, якія атрымаў гэты чалавек на працягу сваёй творчай працы.

Разам з работнікамі культуры Іван Муха (крайні справа), бывае, наведвае вяскоўцаў. З вернымі сябрамі – баянам і добрай песняй – весялей крочыць па жыцці!

Чым толькі не давялося займацца яму ў грамадскім жыцці, акрамя асноўнай працы: капітан калгаснай футбольнай каманды і калгасны фатограф, мастак і майстар, музыкант і спявак. Няма такой працы, якой бы не ведалі яго рукі, бо быў здатны на ўсё: ці печ злажыць, ці кошык сплесці, ці плітку пакласці.

І сёння яго рэдка застанеш дома. Ён актыўна ўдзельнічае ў тэатры мініяцюр, вакальным калектыве мясцовага Дома культуры. У гэтым годзе калектыў-трыа, у склад якога яшчэ ўваходзяць Віталь і Аляксандр Макаеды, быў пераможцам раённага агляду сямейнай творчасці і прымаў удзел у абласным свяце “Пад дахам дома твайго”. Знаходзіць Іван Іосіфавіч час, каб і паспяваць у народным хоры ветэранаў працы ў ГДК. А ў мінулым годзе ён стаў пераможцам раённых спаборніцтваў па більярдзе.

Усё жыццё Іван Муха (у цэнтры) сябруе з песняй. Сёлета трыа з Кукава прымала ўдзел у абласным свяце «Пад дахам дома твайго»

Жыхары вёскі, з якімі давялося размаўляць, усе як адзін гаварылі пра Івана Муху толькі добрыя словы. Хоць карэспандэнт “ГЧ” крышку правакаваў вяскоўцаў на крытыку свайго старасты, калі ёсць за што, – ды не паддаліся тыя. Відаць, нездарма яго абралі старастам вёскі. Чалавек з адкрытай душой, шчыры, справядлівы і з пачуццём гумару, ён заўжды гатовы прыйсці на дапамогу, падзяліцца жыццёвым вопытам. Менавіта па такіх людзях, як Іван Іосіфавіч, пазнаецца характар нашага народа…

Кукаўцы пра старасту вёскі

Леаніда Іванаўна Жыгар, пенсіянерка:

Леаніда Іванаўна Жыгар

Даўно ведаю Івана Іосіфавіча і толькі добрыя словы магу сказаць пра яго. Ён і гаспадар руплівы, і майстар на ўсе рукі. На просьбы людзей заўсёды адгукаецца. Калі звяртаюцца людзі да яго, ніколі ў дапамозе не адкажа.

Вось і я звярталася. Без гаспадара жыву, папрасіла пры дарозе абкасіць – Іосіфавіч таксама не адмовіў і дапамог. Напэўна, у вёсцы не знойдзеце чалавека, які пра яго што дрэннае скажа.

Леанід Аляксандравіч Булат, аграном СВК Дубнякі”:

Леанід Аляксандравіч Булат

Толькі харошае магу сказаць пра Івана Іосіфавіча. Добраўпарадкаваннем парка, могілак кукаўскіх займаецца, сочыць, каб у вёсцы паўсюль парадак і чысціня былі. Арганізатар добры, умее з людзьмі ладзіць. Шмат гадоў працаваў загадчыкам сельскага Дома культуры і радаваў вяскоўцаў.

За такога чалавека не сорамна, што ён наш стараста.

Зоя Сямёнаўна Рылка, пенсіянерка, фельчар ФАПа:

Зоя Сямёнаўна Рылка

Папраўдзе, чым павінен займацца стараста, я не ведаю, таму не магу казаць пра тое, як Іван Іосіфавіч спраўляецца са сваімі абавязкамі. А вось тое, што чалавек ён харошы, дык гэта так. Больш за 30 гадоў я ў Кукаве жыву амаль па суседстве з ім і добра яго ведаю. Шмат гадоў, калі ён працаваў у Доме культуры, разам у мастацкай самадзейнасці спявалі, ездзілі з канцэртамі. А зараз вось, калі крыж трэба перад святамі прыбраць, дык звяртаюся – ідзе і дапамагае.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики