weather

USD 2.6057

EURO 3.1662

RUR(100) 3.5028

search

Нязменны стараста вёскі Хатынічы

Старастамі становяцца, несумненна, людзі выбітныя, адметныя ў вёсцы, найбольш актыўныя, камунікабельныя і аўтарытэтныя. Менавіта такі і Андрэй Андрэевіч Ярашэвіч, стараста вёскі Хатынічы.

З жонкай Надзеяй Васільеўнай шчасліва крочыць па жыцці Андрэй Андрэевіч амаль 39 гадоў
З жонкай Надзеяй Васільеўнай шчасліва крочыць па жыцці Андрэй Андрэевіч амаль 39 гадоў / Фото: Светлана Локтыш

Інстытут стараст у рэспубліцы ўзнік амаль 26 гадоў таму. Менавіта такі тэрмін і выконвае Андрэй Андрэевіч грамадскі абавязак старасты вёскі Хатынічы. Гады праляцелі, а яшчэ і сёння памятае ён той хвалюючы момант, калі напрыканцы справаздачнага сходу мясцовага калгаса, які праходзіў у сельскім Доме культуры, кіраўніцтва паставіла пытанне аб выбары старасты вёскі, і аднавяскоўцы назвалі яго імя ды дружна прагаласавалі “за”. “Было гэта ў лютым: на дварэ мароз, а на душы цёпла”, – згадвае свае тагачасныя пачуцці Андрэй Андрэевіч.

Давер жыхароў вёскі стараста апраўдвае да гэтага часу. Нямала дапамагла яму работа настаўніка: 44 гады адпрацаваў у школе, не адно пакаленне выхаваў! За сваю педагагічную працу яшчэ за савецкім часам, у 1985-м, быў узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік асветы СССР”. Кожнага свайго вучня памятае Андрэй Андрэевіч, вывучыў яго характар, таму калі што якое, ведае, дзе ключыкі да душы шукаць. Кіраваў ён і навучаннем моладзі, калі быў загадчыкам Хатыніцкага вучэбна-кансультацыйнага пункта Ганцавіцкай вячэрняй школы. На працягу 12-ці гадоў працаваў сацыяльным педагогам. За гэтыя гады наведаў амаль усе сем’і вяскоўцаў. “Таму цяпер яны па інерцыі звяртаюцца са сваімі праблемамі: каб і не быў старастам, усе роўна б ішлі”, – гаворыць Андрэй Андрэевіч.

Разам з грамадскай нагрузкай старасты Андрэй Андрэевіч нясе яшчэ адну – старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі. Вось і ў мінулы аўторак выступаў на Пленуме, які праходзіў у Малой зале Дома Саветаў з пытаннямі патрыятычнага і працоўнага выхавання моладзі.

А яшчэ ён з маладосці актыўна ўдзельнічае ў мастацкай самадзейнасці. Некалі нават быў лаўрэатам абласнога чытацкага конкурсу. Андрэя запрашалі паступаць у тэатральны інстытут, але хлопец пайшоў у армію (служыў у Карэліі), і лёс яго склаўся па-іншаму. Ды не шкадуе аб гэтым Андрэй Андрэевіч: актыўны творчы чалавек паўсюль знойдзе сабе прымяненне. А ён (была справа!) умудрыўся нават на педагагічных курсах у Брэсце хор арганізаваць, што ўжо казаць пра сваю вёску! У роднай школе стварыў музей, хор, арганізоўваў святы для настаўнікаў, не адно вяселле зладзіў у Хатынічах ды суседніх Раздзялавічах у якасці свата. І за мяжой бываў: у Баварыі, Югаславіі, па Маскве прагульваўся. А ў 1996 годзе дэлегат Усебеларускага народнага сходу Андрэй Ярашэвіч гадзіннік ад Прэзідэнта ў падарунак атрымаў.

Увогуле, як і ў любога вяскоўца, у старасты шмат дамашніх гаспадарчых клопатаў. “Трымаем гаспадарку, агарод вялікі ў нас – 60 сотак. Рамонт вось у хаце распачалі: ваду правялі, вокны і дзверы мяняем…” – пералічвае свае гаспадарчыя клопаты суразмоўца. А яшчэ, як аказалася, ён любіць вырошчваць экзатычныя расліны. Так, акрамя звычайных для вяскоўцаў культур, у яго агародзе і садзе даюць плады абляпіха, бузіна, ажына садовая, буякі, глог, шаўковіца, бружмель, айва, стэвія і шмат іншых лекавых раслін.

Актыўны грамадскі дзеяч, дбайны гаспадар, цудоўны чалавек, мудры дарадца… Характарыстыка хатыніцкага старасты будзе не поўнай, калі не адзначыць, што ён яшчэ і добры сем’янін. “Вось Надзея спявае на сцэне, а вось яе здымак з вышыўкамі ў абласной газеце, – паказвае фотаздымкі жонкі Андрэй Андрэевіч. Вакол яго вачэй разыходзяцца добрыя стрэлачкі-зморшчынкі, калі ён гаворыць аб сваіх блізкіх. – Надзея ў мяне не толькі спявае добра, але яшчэ і рукадзельніца. На многіх раённых выставах можна ўбачыць яе карункі і вышыўкі. Дачка Алена шмат чаго пераняла ад яе, цяпер працуе ў РЦДЮТ, перадае дзецям свае ўменні”. Згадвае Андрэй Андрэевіч сына, які жыве і працуе ў Маларыце, другую дачку, Людмілу, якая выкладае ў Мазырскім універсітэце. “Чырвоны дыплом атрымала, і вяселле яе на тым жа тыдні гулялі”, – усміхаецца ён.

У студзені будзе 39 гадоў, як разам з жонкай ступіў на шлюбны ручнік сам Андрэй Андрэевіч. Правакую яго пытаннямі, ці не астылі пачуцці за столькі гадоў, ці носіць дагэтуль вясковы стараста на руках каханую жанчыну? “Яшчэ як! Усю зіму нашу, – хітравата загараюцца яго вочы. – Левая рука стоміцца, дык на правую перасаджу – і далей нашу!”

…Пакідаю гасцінных гаспадароў з адчуваннем, што людзі нездарма даверылі Андрэю Андрэевічу пасаду галоўнага на вёсцы. Пагаворыш з ім – і святлей становіцца на душы, і па-іншаму, больш аптымістычна, глядзіш на свет, і хочацца жыць, тварыць, любіць…

Даведка «ГЧ»

Стараста населенага пункта выбіраецца адкрытым галасаваннем на сходах вяскоўцаў тэрмінам на два гады. Старастамі выбіраюцца асобы, якія пастаянна пражываюць у дадзеным населеным пункце, якія маюць аўтарытэт сярод вяскоўцаў і здольны прымаць эфектыўныя меры па навядзенні парадку і санітарнай культуры, задавальненні неадкладных патрэб і запытаў насельніцтва. Стараста ўключаецца ў склад адпаведнага сельвыканкама.

– Андрэй Андрэевіч, з якімі пытаннямі звычайна звяртаюцца да вас людзі?
– З самымі рознымі. Памятаю, нават разам з дэпутатам Вярхоўнага Савета У. Свірыдам рабілі запыт ажно ў Карэю – дабіваліся, каб чалавеку пенсію павысілі. Было, што грошы людзі мне неслі, а я ўносіў у касу – каб падсеялі пашу. Іншыя просяць праз мяне, каб соткі і сенакосы ім бліжэй далі, або каб я перадаў уладам розныя прапановы. Па сутнасці, як стараста, я з’яўляюся пасрэднікам паміж рознымі службамі і людзьмі.

– Андрэй Андрэевіч, што важнага вы як стараста хацелі б зрабіць для сваёй вёскі?
– Наша вёска, кажуць, прыгожая і чыстая. Але мне б хацелася, каб яе знешні выгляд быў яшчэ больш прывабны, каб каля кожнай хаты цвілі кветкі, кожны двор радаваў чысцінёй і парадкам.

Вяскоўцы пра старасту

Аляксей Фаміч МІНЬКО, пенсіянер:
Не ведаю, чым дакладна павінен займацца стараста, але бачу, чым займаецца наш Андрэй Андрэевіч. У першую чаргу ён сочыць за парадкам у вёсцы і санітарным станам надворкаў. Як толькі заўважае, што дзесьці трава вырасла ці смецця шмат, гутарыць з людзьмі, каб скасілі, прыбралі. З праблемамі сваімі я да яго не звяртаўся, сам вырашаю, але ўпэўнены, што наш стараста пастараўся б дапамагчы.

Віктар Рыгоравіч МІНЬКО, ляснік Хатыніцкага лясгаса:
– Думаю, стараста больш аказвае дапамогу старым і нямоглым людзям. Я са сваімі цяжкасцямі стараюся спраўляцца самастойна. Але ведаю Андрэя Андрэевіча па школе як добрага настаўніка і адукаванага чалавека, да якога можна звярнуцца з любым пытаннем. І ўсё ў яго з жартачкамі, з гумарам…

Віктар Уладзіміравіч КРУПЕНІЧ, будаўнік:
– Дома я бываю рэдка. Але вось прыехаў у гэты раз, уключыў тэлебачанне – а там нашага Андрэя Андрэевіча разам з самадзейнасцю мясцовай паказваюць. Прыемна, гонар бярэ! Як стараста, ён, ведаю, за парадкам глядзіць. А галоўнае, чалавек ён вясёлы, ветлівы. Ніколі міма не пройдзе, каб не сказаць “Добрай раніцы!”, не распытаць, як справы. Так што пішыце пра нашага старасту ўсё самае лепшае!

Галіна Уладзіміраўна СВІРЫД, загадчыца Хатыніцкай бібліятэкі:
– Андрэй Андрэевіч заўсёды быў і застаецца вельмі актыўным чалавекам. Нягледзячы на тое, што ўжо знаходзіцца на заслужаным адпачынку, ходзіць у бібліятэку ледзь не кожны дзень, наведвае ўсе мерапрыемствы – і нашы, і клубныя. Няма яму старасці!

Мы не раз станавіліся сведкамі гутарак старасты з цяжкімі падлеткамі. Ды не толькі з імі, а з любым чалавекам Андрэй Андрэевіч знаходзіць агульную мову. Нават прыемна збоку чуць і назіраць, як мудра ён гаворыць і з малым, і са старым. І слухаюцца яго, бо наш стараста – аўтарытэт на вёсцы!

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики