weather

USD 2.608

EURO 3.1417

RUR(100) 3.5339

search

Любоў Занька: “Няхай дарогі люсінцаў будуць гладкімі”

Стараста в. Люсіна Любоў Мікалаеўна Занька марыць, каб вёска была добраўпарадкаваная, у сем’ях панавалі лад ды згода, а дарогі сяльчан – вясковая і жыццёвая – былі роўнымі, гладкімі.

Стараста вёскі Любоў Мікалаеўна Занька ні разу ў жыцці не пашкадавала, што пражыла ў Люсіна большую частку свайго жыцця
Стараста вёскі Любоў Мікалаеўна Занька ні разу ў жыцці не пашкадавала, што пражыла ў Люсіна большую частку свайго жыцця / Фото: Пётр Гузаевский

Вуліца Камсамольская, па якой журналістам давялося ехаць да старасты, канечне, ужо не падобна на тыя вуліцы, якія апісаў у трылогіі “На ростанях” беларускі класік. Ды ўсё ж роўнай ды гладкай назваць яе таксама цяжка. Хаця, як заўважыла Любоў Мікалаеўна, нядаўна дарожнікі залаталі выбоіны. Пра дрэнныя дарогі ў Люсіне яна неаднаразова пісала ў раённую і абласную дарожныя службы. “Адказвалі, што няма грошай на новы асфальт. Таму добра, што хоць латкі паставілі. Абяцалі таксама заняцца Піянерскай і Савецкай”, – расказала Любоў Мікалаеўна.

Дарэчы, нагрузку старасты жанчына нясе больш за 10 гадоў. І не толькі дарогамі прыходзілася займацца ёй за гэтыя гады. Люсіна – вёска вялікая, а значыць, і складанасцей, пытанняў, праблем хапае.

Яшчэ адной такой нядаўняй праблемай быў міні-палігон за вуліцай Крупеніча. Звалка падышла да самых хат людзей, якія там жывуць. “На сходзе стараст у райцэнтры я паднімала гэтае пытанне. У ЖКГ было накіравана хадайніцтва, каб закрылі міні-палігон. Цяпер усё ў парадку: камунальнікі падграблі смецце, а міні-палігон закрылі”, – расказала стараста і дадала, што цяпер у вёсцы працуюць два міні-палігоны: за могілкамі (там і ўказальнік стаіць) і за вуліцай Камсамольскай, у лесе.

Адзін з галоўных клопатаў старасты – добраўпарадкаванне Люсіна. Людзі ёсць розныя: хтосьці адразу прыслухоўваецца да просьбы прыбраць на ўласным надворку, а іншыя не рэагуюць на заўвагі, а то і спрабуюць скандаліць. “Раней я спрабавала з такімі размаўляць, пераконваць іх. Цяпер навучылася берагчы свае нервы: уручаю папярэджанне – і будзьце здаровы!” – дзеліцца сакрэтамі сваёй работы Любоў Мікалаеўна. Пры гэтым заўважае, што раней прыходзілася хадзіць па вуліцах і ледзь не кожнага прасіць, каб, напрыклад, абкасілі тэрыторыю, якая прылягае да дома. Цяпер жа большасць людзей стараецца без напамінанняў сачыць за парадкам. Бачаць, што на надворку старасты ўжо скошана – і следам стараюцца абкасіць свае двары.

Каб неяк падтрымаць тых, у каго чыстыя, прыгожыя надворкі, сельвыканкам разам са старастай падтрымліваюць добрую традыцыю і штогод да свята вёскі выбіраюць найбольш упарадкаваныя двары, уручаюць іх гаспадарам шыльды “Дом узорнага парадку” і сувеніры. Напрыклад, сёлета такім чынам былі адзначаны домаўладанні Марыі Васільеўны Дзямідчык, Васіля Рыгоравіча Занькі і Марыі Паўлаўны Цялушкі.

Любоў Мікалаеўна лічыць, што стараста ўвогуле павінен цесна працаваць з сельвыканкамам. У Люсіне паміж ім і мясцовай уладай наладжаны добрыя кантакты. Любоў Мікалаеўна штомесяц прымае ўдзел у пасяджэннях сельвыканкама, таму ў курсе ўсіх падзей вёскі. “Старшыня сельвыканкама тэлефануе мне, калі трэба апавясціць людзей аб нечым: што на некаторы час адключаць святло з-за рамонтных работ, што будзе праводзіцца абход домаўладанняў у сувязі з распаўсюджваннем свінога грыпу. Мяне прыцягваюць да работы, калі праходзіць перапіс насельніцтва, збіраюцца подпісы за кандыдатаў у дэпутаты або заключаюцца дагаворы на закупку маладняка буйной рагатай жывёлы і малака”, – прыводзіць Любоў Занька канкрэтныя прыклады, калі яе як старасту задзейнічае сельвыканкам.

Разам яны таксама праводзяць суботнікі, разы 3 – 4 на год прыбіраюць смецце з могілак. “Бывае, да 11 адзінак тэхнікі патрэбна, каб яго вывезці! Хочацца толькі, каб людзі цанілі нашу працу. А то, бывае, не паспеем прыбраць гурбы смецця з могілак, як тут жа нехта зноў звалку зрабіў”, – гэтыя словы старасты вымалёўваюць яшчэ адну праблему вёскі. Бо калі на сваіх надворках рана ці позна амаль кожны гаспадар змагаецца з бязладдзем, то могілкі многія, відаць, лічаць тэрыторыяй ці то агульнай, ці то нічыйнай. На магілах сваіх памерлых блізкіх смецце прыбралі – і выкінулі яго адразу за агароджу або цераз дарогу. Не кожны пастараецца вынесці ў спецыяльна адведзенае для гэтага месца…

Любоў Мікалаеўна ведае ўсіх жыхароў, таму найчасцей да яе звяртаюцца па дапамогу супрацоўнікі РАУС. Заўсёды была яна і застаецца актывісткай, удзельнічае ў грамадска-культурных мерапрыемствах. Колькі працавала ў бібліятэцы (а стаж склаў 37 гадоў), выбіралі дэпутатам сельскага савета, членам камісіі па справах непаўналетніх. А самае галоўнае, умее Любоў Мікалаеўна размаўляць з людзьмі, слухаць іх, нераўнадушная да іх праблем. Магчыма, таму і выбралі яе людзі старастай.

…Восеньскія вечары становяцца ўсё больш доўгімі. Сельскагаспадарчыя клопаты, якіх хапае і ў Любові Мікалаеўны, падыходзяць да завяршэння. Чым займаецца люсінская стараста ў вольны час? Чытае кніжкі. Вяжа пруткамі цёплыя шкарпэткі. І, пэўна, успамінае, як у далёкім 1972 годзе яна, маладая лунінецкая дзяўчына, па размеркаванні пасля заканчэння бібліятэчнага тэхнікума трапіла працаваць загадчыцай Люсінскай бібліятэкі. Менавіта ў гэтай вёсцы, апетай Якубам Коласам, знайшла яна сваё шчасце: праз год выйшла замуж за мясцовага хлопца Уладзіміра Заньку, з якім разам выгадавалі і вывелі ў людзі дзвюх дачок і сына.Коратка, але так шматзначна расказвае яна пра адносіны ў сваёй сям’і: “Мы задаволены сваімі дзецьмі, яны – намі. І з мужам жывём усе гады ладна, дружна”.

Што ж датычыцца аднавяскоўцаў, дык Любоў Мікалаеўна добра бачыць іх недахопы і добрыя якасці: “Ёсць у нас утрыманцы, якія лічаць, што за іх усё павінна рабіць дзяржава. Ёсць і нядбайныя сем’і; душа баліць за дзяцей, якія пазбаўлены ласкі і догляду. Ды ўсё ж найбольш у нас добрых, працавітых і адкрытых людзей. А яшчэ люсінцы даволі дружныя. Таму ні разу я не пашкадавала, што пражыла сярод іх большую частку свайго жыцця. І ў душы даўно адчуваю сябе карэннай жыхаркай Люсіна”.

– Любоў Мікалаеўна, што вы лічыце галоўным у рабоце старасты?
– Лічу, што ў першую чаргу стараста павінен сачыць за добраўпарадкаваннем. Цяпер вёска ўжо нашмат прыгажэйшая, чым раней, асабліва пасля таго, як атрымала статус аграгарадка. Але хочацца, каб кожны двор быў прыгожым, квяцістым, а дарогі ў вёсцы – роўнымі, гладкімі.

– З якімі пытаннямі вяскоўцы найчасцей звяртаюцца да вас?
– Раней востра стаяла праблема асвятлення вёскі ў цёмны час сутак. Цяпер яна вырашана. Сёння, пэўна, найбольш важнымі можна назваць пытанні падкормкі пашы і парываў труб у меліярацыйных каналах. Не ўсе вяскоўцы разумеюць, наколькі важна, каб каровы пасвіліся на багатай, угноенай пашы; прыходзіцца тлумачыць, пераконваць. Што ж датычыцца парываў труб, то ўжо разы два тэлефанавала ў ПМС. Праўда, работнікі прадпрыемства рэагуюць хутка і ўстараняюць непаладкі ў той жа дзень.

Вяскоўцы пра старасту

Ніна Рыгораўна ЗАНЬКА, сацыяльны работнік:
– Любоў Мікалаеўна – вельмі кантактны, прыемны і ветлівы чалавек. Як да старасты, нам да яе не прыходзілася звяртацца. Але ведаем, што яна кантралюе, каб быў парадак на надворках вяскоўцаў. Да яе слоў, парад людзі прыслухоўваюцца, а гэта важна.

Іван Іванавіч КРУПЕНІЧ, работнік СВК “Цельшына”:
– Раней я быў пастаянным чытачом мясцовай бібліятэкі, дзе часта сутыкаўся з Любоўю Мікалаеўнай. Таму добра ведаю, што чалавек яна харошы. Чым яна можа дапамагчы? Фінансаў у яе няма, не дастане з кішэні і не дасць. А вось добрым словам паможа. Таму для бабуль наша стараста – сапраўдная падтрымка: і выслухае, і падкажа, і падтрымае.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики