weather

USD 2.6234

EURO 3.1515

RUR(100) 3.5161

search

Стараста – чалавек, якому давяраюць

Дзяцінства Сцяпана Сцяпанавіча прыйшлося на цяжкія пасляваенныя гады: нарадзіўся ён 17 лютага 1946 года ў маляўнічай вёсачцы Задуб’е. У сям’і ўсяго было 8 дзяцей, але старэйшую сястру ў 16 гадоў забілі немцы. Сцяпан быў малодшым сынам.

Сцяпан Сцяпанавіч і Марыя Нічыпараўна сёлета адзначылі сапфіравае вяселле
Сцяпан Сцяпанавіч і Марыя Нічыпараўна сёлета адзначылі сапфіравае вяселле / Фото: Юлия Полесская

“У школу я хадзіў толькі тады, як зямлю закрывала снегам. А так пасвіў кароў ды коней. Як толькі сыходзіў снег, пачыналася работа ў полі. Таму працы я не баюся, прывык да работы”, – расказаў Сцяпан Сцяпанавіч.

Пасля заканчэння сямігодкі, а потым вучылішча малады трактарыст крыху паспеў папрацаваць. У 1964 годзе яго забралі на службу ў Падмаскоўе. Тры гады служыў радыстам на аэрадроме імя Чкалава. Пасля 1,5 гадоў службы малады салдат атрымаў страшную навіну аб смерці маці. Бацьку самому было вельмі цяжка хадзіць па гаспадарцы, але збываць жывёлу было шкада. І тады малады салдат сказаў свайму тату: “Калі са мной за 1,5 года нічога не здарыцца, то мы справімся”.

Са службы вярнуўся ў снежні 1967 года.

“Бацька мне і кажа: “Гэта не справа, трэба ў хату гаспадыню. Шукай сабе нявесту”. Ну я і прыняўся за справу. Пабегаў на танцы, правёў адну дзяўчыну, другую, трэцюю. Са сваёй будучай жонкай Марыяй пасустракаўся можа месяцаў два. А потым прыйшоў да іх у хату, каб запрасіць у кіно, ды і прапанаваў пайсці за мяне. Яна згадзілася”, – успамінаў Сцяпан Сцяпанавіч.

Вось і крочаць яны разам па жыцці ўжо 46 гадоў. Па словах Сцяпана Сцяпанавіча, было цяжкавата. Работы было шмат: трэба было грошы зарабляць, дом будаваць, утрымліваць гаспадарку, дзяцей гадаваць, а яшчэ хацелася і пагуляць.

“У мяне ў гэтай вёсцы ўся радня і ў жонкі маёй таксама. Таму некалі была гулянка на гулянцы. Магло здарыцца так, што сёння мы на вяселлі, а заўтра на провады ідзём. Добра, калі дзіця было з кім пакінуць. А калі не, то клалі спаць, а потым бегалі з клуба наглядваць, ці спіць”, – расказваў Сцяпан Сцяпанавіч.

На пытанне журналіста, ці займаецца ён якім-небудзь рамяслом, стараста адказаў, што не было калі яму за работай чым-небудзь займацца. Быў час, калі трымалі па тры каровы, некалькі свіней, шмат курэй, садзілі па 1,5 гектара бульбы, сена трэба было нарыхтаваць, а праца была такая што і начаваць заставаўся на рабоце. Па словах Сцяпана Сцяпанавіча, ён 37 гадоў прарабіў кладаўшчыком у калгасе. За гэты час у калгасе змянілася 9 старшынь і 14 брыгадзіраў. А працоўны стаж старасты ўвогуле састаўляе 42 гады. Ды і цяпер Сцяпану Сцяпанавічу адпачываць няма калі: трымае гаспадарку, ходзіць па грыбы і ягады, дапамагае ўнукам.

“Жыццё амаль пражыта. Шмат чаго зроблена, ёсць што ўспомніць і над чым задумацца. Хочацца быць не горшымі за другіх, бо мы заўсёды ў сяле былі на віду. Хочацца проста пажыць, ажаніць унукаў, дачакацца праўнукаў, хочацца проста пажыць…”, – сказаў Сцяпан Сцяпанавіч.

— Сцяпан Сцяпанавіч, ці многа ў вас, як у старасты, абавязкаў?
– Абавязкаў няшмат. Старшыня сельвыканкама Ніна Паўлаўна Буйкевіч сказала, што цяпер я “галоўны” на вёсцы: павінен сачыць за парадкам і рэагаваць на ўсе станоўчыя і адмоўныя моманты, дапамагаць людзям вырашаць праблемы. Вось і змагаемся паціху, калі не можам з аднавяскоўцамі справіцца, тэлефануем да старшыні сельвыканкама і разбіраемся разам.

— Як да вас ставяцца задубенцы: баяцца ці паважаюць?
– Усім добрым не будзеш. Выконваючы такую работу, можна і ворага нажыць. Каму ж падабаецца, калі ты прыходзіш і раіш добраўпарадкаваць двор ці вырашаеш спрэчку не ў яго інтарэсах. Адзін прыслухаецца да парад, а другі адправіць і скажа, каб я яму не ўказваў. Як па мне, дык няхай сабе як хочуць: кожны сам сабе гаспадар. Але ж калі назначылі старастам, то трэба выконваць свае абавязкі. Па праўдзе кажучы, мне не хацелася гэтай пасады. Хочацца ўжо пажыць дзеля сябе.

— З якімі пытаннямі да вас звяртаюцца аднавяскоўцы?
– Пытанні розныя: скардзяцца на тое, што дарогі зімой чысцяць не так, як некаторым хацелася б, бываюць пытанні і па асвятленні вуліц, звяртаюцца са скаргамі на людзей, якія не прывязваюць сваіх сабак. Але мы з аднавяскоўцамі стараемся вырашыць усе праблемы на месцы, не выносячы іх за межы нашай вёскі. А не вельмі даўно карова адной гаспадыні ўлезла ў агарод другой і пашкодзіла агародніну. Вось і прыйшлося разбірацца.

— Якія праблемы ёсць у вёсцы? Што б вы прапанавалі зрабіць, каб пазбавіцца іх?
– Адной з самых галоўных праблем з’яўляецца тое, што ў нашай вёсцы няма працоўных месцаў. Аднавяскощцы могуць зарабіць толькі летам на ягадах ці грыбах. Але ж пражыць на гэты заробак не толькі цяжка, а і немагчыма. Колькасць пустых дамоў павялічваецца, бо старыя паміраюць, а моладзь выязджае. Кажуць, што калгас будуць адбудоўваць. Было б добра, з’явіліся б працоўныя месцы. А так шкада вёскі, але што тут можна зрабіць?

— Што вы ўжо зрабілі для вёскі і што яшчэ плануеце зрабіць?
– Я лічу, што самае галоўнае, над чым мы папрацавалі і чым можна пахваліцца – гэта тое, што мы прыбралі на могілках аварыйныя дрэвы, а то была пагроза, што яны ўпадуць і паб’юць помнікі. Але ўсё, што зроблена, зроблена разам, вялікі дзякуй маім аднавяскоўцам за тое, што яны слухаюць мяне і дапамагаюць. Праўда, прыходзіцца іншы раз плаціць са сваёй кішэні, але ж гэта нічога, абы дапамагалі і стараліся дзеля сваёй роднай вёскі. Без іх я нічога сам не зраблю. Хочацца, каб вёска была прыгожай, таму прыходзіцца вуліцы абкошваць, бо з ДЭУ не прыязджаюць. Цяпер у планах пазразаць аварыйныя дрэвы ва ўсёй вёсцы.

— Якія ў вас жыццёвыя прынцыпы?
– Я лічу, што не важна, хто ты – работнік калгаса ці чыноўнік, галоўнае – быць чалавекам сумленным і справядлівым, адказна адносіцца да ўсяго, што табе даручана. Баяцца працаваць не трэба: чалавек жыве, пакуль працуе.

Вяскоўцы пра старасту

Марыя Паўлаўна Маляўка, пенсіянерка:
– Я ведаю Сцяпана Сцяпанавіча даўно. Раней, калі мне даводзілася да яго звяртацца, ён заўсёды паслухае, не адкажа ў дапамозе. Ён і пажартуе, і паспявае, у бядзе параіць і падтрымае.

Марыя Рыгораўна Валасюк, прадавец:
– Мне, пакуль ён займае пасаду старасты, не даводзілася звяртацца да яго з асабістымі праблемамі. Але, працуючы ў магазіне, я чую, як аб ім адгукаюцца іншыя. Таму мне здаецца, што ён вельмі добры і адказны чалавек, іначай бы яго старастам не абралі.

Таццяна Станіславаўна Валасюк, паштальён:
– Са сваімі праблемамі я стараюся разбірацца сама. Як чалавек Сцяпан Сцяпанавіч добры, вясёлы, разважлівы, умее пагаварыць з чалавекам. У якасці старасты я яго ацаніць пакуль не магу, бо яшчэ мала часуён гэтую пасаду займае.

Ніна Паўлаўна Буйкевіч:
– Чалавек ён адказны, імкнецца, каб у вёсцы ўсё было ў парадку. Ён умее знайсці падыход да кожнага аднавяскоўца і заўсёды знаходзіць на гэта час. І ўвогуле, гэта самы паважаны чалавек у Задуб’і.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики