weather

USD 2.6234

EURO 3.1515

RUR(100) 3.5161

search

Сваімі справамі заслужыў аўтарытэт і павагу

Калі гаварыць пра папулярных людзей Ганцаўшчыны, то Уладзімір Уладзіміравіч Кандрацюк, пра якога пойдзе гаворка, у гэтым спісе, безумоўна, павінен значыцца ў першай дзясятцы. І не толькі таму, што яго прозвішча ведае, напэўна, большасць жыхароў горада і раёна, але таму, што чалавек сваёй працай, адносінамі да людзей, добрымі ўчынкамі заслужыў аўтарытэт і павагу.

Уладзімір Уладзіміравіч Кандрацюк
Уладзімір Уладзіміравіч Кандрацюк / Фото: Пётр Гузаевский

Напісаць пра гэтага чалавека хочацца з нагоды яго юбілею. Пэўна, многім цяжка ў гэта паверыць, але 30 снежня Уладзіміру Кандрацюку споўніцца 70 гадоў. Загартаваны няпростым лёсам, ён заўсёды бадзёры, маладжавы. А цяпер ён загартоўваецца штодзённым купаннем, аж пакуль вадаём не скуе лёдам. Уладзімір Уладзіміравіч пра свае адносіны пра ўзрост адказаў вершам:

“Не будем судить о возрасте по числу набежавших лет.
Если ты еще полон бодрости – значит, старости места нет!
Пусть лицо озаряет улыбка, даже если седины, как снег.
Возраст – это ей богу ошибка, если молод душой человек!”

Паспяховы бізнесмен, ён валодае выдатнымі дзелавымі якасцямі і ўменнем кіраваць сваім невялікім прадпрыемствам і дружным калектывам з 8 чалавек. Прыватнае прадпрыемства “Прадукты і К”, дырэктарам якога Уладзімір Кандрацюк з’яўляецца, лічыцца адным з лепшых у раёне. Магазін Кандрацюка, дзе ў асноўным прадаецца мяса-каўбасная прадукцыя, карыстаецца велізарным попытам у ганцаўчан, а прозвішча Кандрацюк стала для тысяч пакупнікоў знакам якасці. Адзіны невялічкі магазін прадае каля 20 тон мясной прадукцыі штомесяц. На зарплаты ён не скупіцца, яго работнікі атрымліваюць каля 6 мільёнаў.

Свой прадпрымальніцкі шлях Уладзімір Кандрацюк пачаў у 1991 годзе і быў сярод першых бізнесменаў, якіх на той час называлі кааператарамі. Многія ганцаўчане памятаюць, што галоўным бізнес-прадуктам у Кандрацюка ў 90-я гады была сялёдка. Гандляваў спачатку на рынку проста пад змайстраваным навесам, потым было некалькі вагончыкаў. А гадоў 10 таму ён пабудаваў магазін “Прадукты”.

Нягледзячы на неблагі даход ад магазіна, Уладзімір Уладзіміравіч вядзе сціплы вобраз жыцця. Пасля таго як сем гадоў таму з жыцця пайшла яго жонка Ірына Мікалаеўна, у доме ён застаўся адзін. Там усё толькі самае неабходнае: ложак, халадзільнік. Ёсць там стулы і вялікі стол, бо Уладзімір Уладзіміравіч любіць прымаць у сябе гасцей. Частку мэблі ён зрабіў сваімі рукамі. Уражвае тое, што амаль у кожным пакоі паліцы з мноствам кніг, іх нават палічыць цяжка.

Кнігі займаюць многа прасторы не толькі ў доме Кандрацюка, але і ў яго жыцці. Некалькі кніг з соцень старонак з ілюстрацыямі Кандрацюк сшыў сам і зрабіў да іх вокладкі. На гэта пайшлі гады. Адна з кніг зроблена з выразаных цікавых артыкулаў і прыгожых ілюстрацый з савецкіх журналаў “Огонёк” і “Украіна”. Другая – з выразкамі вершаў Амара Хайяма і іншых вядомых паэтаў і мастакоў, а таксама рукапіснымі вершаванымі творамі самога Кандрацюка.

Па словах Уладзіміравіча, кнігі для яго – гэта сапраўдная скарбніца. “Шкада, што зараз моладзь кнігі не ўспрымае, – сказаў Уладзімір Уладзіміравіч. – Кнігі дапамагаюць заставацца сумленным, прыстойным чалавекам”. Ён з лёгкасцю можа працытаваць вершаваныя радкі і прозу вядомых аўтараў, імгненна знаходзіць патрэбную кнігу і неабходныя старонкі.

Асобнае месца ў хаце адведзена духоўнай літаратуры і іконам. За свае гады Уладзімір Уладзіміравіч сабраў шмат кніг аб праваслаўі, мае некалькі Біблій, іконы святых.

Уладзімір Кандрацюк – сціплы чалавек, таму замоўчвае, што час ад часу фінансава дапамагае грамадскім арганізацыя, дзецям, інвалідам. Але прызнаецца, што дае грошы не ўсім. Калі прыходзілі з БРСМ прасіць ахвяраваць на нейкія патрэбы, то ён прапанаваў хлопцам добра заплаціць, калі тыя возьмуць у рукі лапаты і ўскапаюць агарод. Павел Карчагін і другія камсамольцы савецкіх часоў будавалі чыгункі, самааддана працавалі на будоўлях, БАМе, цаліне, а цяперашні камсамол невядома чым займаецца, бо ўбачыць яго прадстаўнікоў можна толькі на святах і мерапрыемствах.

Велізарныя грошы ён асабіста, як і яго сябры, ахвяруе царкве. Яму за гэта ўдзячныя людзі і свяшчэннікі. Архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан адзначыў Уладзіміра Кандрацюка падзякай і благаславеннем за працу на славу святой праваслаўнай царквы.

Часта даводзілася чуць, што ў значныя даты, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, Уладзімір Кандрацюк заўсёды сярод ветэранаў. Уладзімір Уладзіміравіч – вязень нацызму, яго маці з бацькам знаходзіліся ў палоне. Спачатку былі ў канцлагеры, а потым працавалі на баўэра ў Германіі. У гады вайны, у 1944 годзе, у нямецкім горадзе Літцэ нарадзіўся і наш юбіляр, якому 30-га снежня споўніцца 70 гадоў.

Напярэдадні юбілею сябры У. Кандрацюка папрасілі праз газету пажадаць Уладзіміру Уладзіміравічу, каб на доўгія гады ў яго хапала сіл і энергіі, каб тварыць добрыя справы, быць карысным людзям.

Супрацоўнікі рэдакцыі «ГЧ» таксама віншуюць юбіляра з 70-годдзем і жадаюць здароўя, доўгага жыцця і каб яму заўсёды спадарожнічаў поспех.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики