weather

USD 2.608

EURO 3.1417

RUR(100) 3.5339

search

Алена Ленкавец: «Марыла стаць настаўніцай, а стала бібліятэкарам»

«Мне заўсёды хацелася быць настаўніцай, пагэтаму я паехала паступаць у педінстытут імя М. Горкага, здала экзамены, але спалохалася конкурсу і вырашыла забраць дакументы. А тут жанчына з Магілёўскага тэхнікума якраз агітавала паступаць да іх, і я рызыкнула. Не ведаю, як у мяне склалася б з педагогікай, але бібліятэчная справа мне вельмі падабаецца. Чытаць я ўвогуле вельмі люблю, стараюся сачыць за цікавымі навінкамі і, калі выдаецца вольная хвілінка, абавязкова чытаю, – расказвае Алена Іванаўна. – У мяне ёсць любімыя пісьменнікі і творы, якія я перачытваю ўжо можа 20 ці 30 разоў, напрыклад, «На ростанях» Я. Коласа. Асабліва мне падабаецца чытаць пісьменнікаў, якія раней былі пад забаронай».

Работа бібліятэкара не з лёгкіх, але сваёй працай Алена Іванаўна вельмі задаволена. Працоўны дзень пачынаецца ў 8 гадзін і доўжыцца да 12.00 (працуе яна на палову стаўкі), але работы прыходзіцца выконваць шмат: сабраць і падрыхтаваць падручнікі да навучальнага года, кожны дзень прымаць кнігі ў вучняў і выдаваць ім новыя, рамантаваць кнігі. Калі паступаюць новыя падручнікі, іх трэба аформіць, праштампаваць і занесці ў картатэку. Мастацкая літаратура паступае 3-4 разы на год, а падручнікі яшчэ  часцей.

Дзесьці класы закрываюцца, дзесьці павялічваюцца, таму часта прыходзіцца дзяліцца падручнікамі з бібліятэкамі сельскіх школ. Трэба запоўніць фармуляры, раскласці здадзеную літаратуру па паліцах, штодня пераглядаць фармуляры чытачоў. На пачатку навучальнага года клопату Алене Іванаўне дабаўляецца: бывае так, што якіх- небудзь падручнікаў можа не хапіць па прычыне павелічэння колькасці вучняў, таму ў такія моманты   бібліятэкары-калегі выручаюць адзін аднаго.

«З самага пачатку працоўнага дня я іду да дырэктара школы за карэспандэнцыяй, раскладваю яе і падшываю, затым кіруюся  ў настаўніцкую. Там педагогі просяць мяне падрыхтаваць літаратуру да розных мерапрыемстваў», – расказвае бібліятэкар.

Раней не было інтэрнэта і бібліятэку наведвала больш дзяцей. Цяпер, каб падтрымаць у вучняў інтарэс да кніжак, Алена Іванаўна праводзіць розныя конкурсы, выдае дзецям граматы і сувеніры з лагатыпам «Лепшы чытач», «Самы чытаючы клас». Па яе словах, гэта вельмі добра дзейнічае на малодшыя класы.

Сярод самых актыўных чытачоў, па словах бібліятэкара, у яе Раман Лелес, Валерыя Бахур, Насця Анісімава. Гэтыя вучні не толькі прачытаюць твор, а яшчэ і перакажуць яго бібліятэкару.

«Цяпер, на мой погляд, ёсць мода на кніжкі і пісьменнікаў. Праўда, мне здаецца што праз некалькі дзясяткаў гадоў папяровая кніга можа знікнуць, яе заменяцьгаджэты і электронныя носьбіты. Ды і ўвогуле вучні цяпер чытаюць мала, іх хапае толькі на творы, якія трэба чытаць па праграме, хаця гэтыя творы даволі аб’ёмныя», – сказала Алена Іванаўна.

Па словах Алены Ленкавец, яна вельмі цэніць бібліятэчныя кнігі. Яна да іх адносіцца, як да сваіх дзяцей. «Спісваем толькі самыя старыя кнігі, а рэдкія шануем і адносімся да іх беражліва. Самыя рарытэтныя экспанаты датуюцца 1955 годам, напрыклад,»Неспакой» Ніла Гілевіча, кнігі Тэадора Драйзера. Таксама ёсць збор сачыненняў Маркса і Энгельса, «Капітал» Маркса. Не хапае нам спартыўна-энцыклапедычных выданняў, дзеці вельмі імі цікавяцца», – заўважыла бібліятэкар.

Улічваючы тое, што дзяцей у школе мала, густ сваіх чытачоў яна добра ведае і  можа падказаць кожнаму, што цікавае можна пачытаць. Настаўнікі школы таксама частыя госці ў бібліятэцы.

Камусьці трэба рыхтавацца да ўрока, хтосьці хоча пазнаёміцца са свежай перыёдыкай, а хто прыходзіць з вучнямі, каб выбраць кнігі для пазакласнага чытання. Наогул, настаўнікі многа чытаюць. Большасці з іх даспадобы творы  беларускіх аўтараў, яны любяць чытаць на роднай мове.

«Ад чытання вельмі вялікая карысць. Чытанне робіць чалавека граматным, цікавым суразмоўцам, інтэлектуалам, павялічвае багаж ведаў і слоўнікавы запас, таму чытаць проста неабходна», – дала наказ бібліятэкар.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики