weather

USD 2.608

EURO 3.1417

RUR(100) 3.5339

search

Бібліятэкар А. Харытонава: «Інтэрнэт адбірае ў дзяцей увесь час, на кнігу яго не застаецца»

Сваю работу Алена Аляксандраўна вельмі любіць і расказвае пра яе з захапленнем. «Многія лічаць, што бібліятэкар, акрамя выдачы кніг чытачам, сядзіць і цэлы дзень чытае або шкарпэткі вяжа. Гэта зусім не так», – пачала свой аповед бібліятэкар.

Алена Аляксандраўна Харытонава
Алена Аляксандраўна Харытонава

Акрамя таго, што працуе бібліятэкарам, яна і сама вельмі любіць чытаць. «Чытаць я любіла заўсёды, нават і цяпер добра памятаю сваю першую кнігу – «Мароз Іванавіч» Адаеўскага. Мне было 5 гадоў, калі мой тата завёў мяне ў бібліятэку, і я стала браць там кніжкі. З таго часу я і пачала з захапленнем чытаць, – успамінае Алена Аляксандраўна. – На жаль, зараз я чытаю менш, не хапае часу. На працы трэба паспяваць выконваць свае абавязкі».

За дзень да яе ў бібліятэку забягае каля 40 чалавек, але раней, па яе словах, было значна больш – да 120 чалавек. Тады працавалі 2 бібліятэкары, а зараз Алена Аляксандраўна спраўляецца адна. «Сучасныя дзеці ўвогуле чытаць не вельмі любяць, хіба што школьныя творы, ды і то ў скарочаным варыянце. Але ёсць і тыя, хто чытае з захапленнем. Часцей за ўсіх у бібліятэку забягаюць Улад Падгайскі, Паліна Паўлюкавец, Яўген Галубовіч. А ўвогуле ў першую чаргу гэта залежыць ад бацькоў, ці будуць іх дзеці чытаць, а калі будуць, то што. Мы ж, каб зацікавіць дзяцей, праводзім віктарыны, урокі памяці, прэзентацыі, урокі-казкі», – расказала бібліятэкар.

Яна заўважыла, што абавязкаў у бібліятэкара многа: кнігі, якія паступаюць, трэба апрацаваць, паставіць на ўлік, занесці ў каталог і прысвоіць нумар. Таксама патрэбна назіраць за кніжным фондам, рабіць розныя выставы і прэзентацыі, праводзіць розныя акцыі, напрыклад, «Падары кнігу школьнай бібліятэцы». Неабходна забіраць пошту і разносіць яе, падшываць часопісы і газеты. Бібліятэкар рыхтуе сцэнарыі мерапрыемстваў і робіць падбор розных цікавых матэрыялаў для чытачоў. І гэтак кожны працоўны дзень з 8.00 да 17.00. Акрамя гэтага, яна займаецца выданнем школьнай газеты, якая станавілася неаднаразовым прызёрам абласных і рэспубліканскіх конкурсаў «Школьныя дні».

Алена Аляксандраўна прызнаецца, што па характары яна чалавек добры, але вельмі не любіць, калі ёй хлусяць. «Ну, згубіў ты кніжку ці, можа, сапсаваў – прызнайся, навошта ілгаць?» – кажа бібліятэкар. Па яе словах, з такіх сітуацый выхад знаходзяць хутка: замест згубленай прыносіцца кніга ўзамен. Але калі чытачы прыносяць сапсаваную кнігу, то бібліятэкар патрабуе прывесці яе ў належны стан.

Расказала яна і пра розныя жартоўныя сітуацыі, якія здараюцца ў бібліятэцы. Калі дзеці забываюць, якую кніжку трэба ўзяць, дык гавораць, напрыклад, замест «Люцыяна Таполю» М. Танка – «ляцяць таполі»; замест «Казкі» Шарля П’еро – «жаранае пяро».

На пытанне аб тым, ці не выцесняць кнігу сучасныя гаджэты, яна адказала, што кніга ніколі не знікне і не страціць сваёй навізны.

«На кнігу, як і на адзенне ці абутак, таксама існуе мода, у розны час у трэндзі былі Акунін, Пелевін, Муракамі – гэта залежыць ад часу. Я лічу, што чытаць трэба, бо хто многа чытае – той многа ведае. Гэта дапамагае граматна размаўляць, павышае інтэлектуальны ўзровень. Але чытаць трэба не ўсё падрад, трэба фарміраваць густ, а гэтаму павінны садзейнічаць бацькі і бібліятэка», – канстатавала Алена Харытонава.

Яна сказала таксама, што цікавіцца кнігамі, выдадзенымі ў першай палове мінулага стагоддзя і па-добраму зайздросціла калегам, у якіх былі рэдкія кнігі, і прывяла ў прыклад СШ №2          г. Ганцавічы, дзе ёсць «Вялікая Савецкая Энцыклапедыя» 1929 года выдання. У бібліятэцы Алены Аляксандраўны таксама ёсць каштоўныя экзэмпляры. Самыя старадаўнія з іх датаваны 40-мі гадамі, іх 6-7 штук, і адносяцца да іх, па словах бібліятэкара, з асаблівай павагай. Ёсць кнігі і на іншых мовах: англійскай, балгарскай, украінскай. Ёсць у іх і кнігі савецкай эпохі: мемуары Леніна, «Капітал» Маркса. На жаль, па словах бібліятэкара, не хапае новых кніг сучасных дзіцячых аўтараў для чытачоў малодшага ўзросту.

«Калі з`яўляецца шанц купіць цікавую кнігу ці часопіс, бягу да дырэктара па дапамогу, ён яшчэ ніколі не адмовіў. Спісаныя кніжкі здаём у макулатуру, а бывае, некаторую кніжку так шкада, што клеім яе да апошняга», – расказала бібліятэкар.

Алена Харытонава вельмі ўдзячна тым, хто дапамагае папаўняць фонд бібліятэкі. «Многа кніг бібліятэцы дараць выпускнікі, напрыклад, Насця Вядзёрчык, настаўнікі многа кніг прыносяць з дому, нават жыхары горада. Вельмі многа кніг падаравала нашай бібліятэцы Ніна Пятроўна Цярэшка, за што ёй вялікі дзякуй. Вельмі шкада, што дзеці шмат часу праводзяць за камп`ютарам, а кнігам удзяляюць вельмі мала часу», – выказалася Алена Аляксандраўна.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики