weather

USD 2.6019

EURO 3.1407

RUR(100) 3.5146

search

65 гадоў шчаслівыя разам

На сямейным календары Васіля Рыгоравіча і Марыны Якаўлеўны Берташ з вёскі Дзяніскавічы 65 сумесна-пражытых гадоў, у хуткім часе пара плануе адзначыць жалезнае вяселле, сустракаецца такое даволі рэдка і гэты шлюб – прамы доказ, што каханне ўсё ж існуе. Пазнаёміліся яны ў пачатку пяцідесятых, на вячорках, ці яшчэ, як кажуць “зборках”. Маладому Васілю адразу  прыглянулася  прыгажуня, якая так звонка спявала, дзяўчына ж не магла  ні адказаць узаемнасцю хлопцу, у якога ў руках ажні "гарэў" гармонік. 

Марына Якаўлеўна і Васіль Рыгоравіч Берташ  65 гадоў разам
Марына Якаўлеўна і Васіль Рыгоравіч Берташ 65 гадоў разам / Фото: Ксенія Жданюк
 
 Прасустракаўшыся год маладыя пажаніліся, Марыне было 20, Васілю 25 гадоў.
Марына Якаўлеўна і Васіль Рыгоравіч Берташ  65 гадоў разам

Складана было людзям у пасляваенныя часы, кругом нястача ежы і адзення. А маладой пары  дык і увогуле дапамогі і падтрымкі чакаць не прыходзілася, ды і не было адкуль. Марына ў васьмігадовым узросце  з сястрой засталіся сіротамі — за два дні ад тыфу памерлі бацькі, гадаваў дзяўчат старэйшы брат.

Марына Якаўлеўна з сяброўкай на фотаздымку зправа

Складанае юнацтва дасталося і Васілю, у 1944 годзе семнаццацігадовы юнак быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. Але і да гэтага, хлопцу давялося паспытаць, што такое вайна. У час акупацыі ў Дзяніскавічах ворагі пачалі паліць вёску, у адзін з такіх страшных днёў, людзі беглі хавацца ў лес.

Вася не паспеў схавацца, напаткаў партызанаў, якія прымусілі падлетка на  асабістым кані адвесці раненага партызана ў штаб, які знаходзіўся ў Будчы.

Гэта было вельмі рызыкоўна, калі б немцы даведаліся пра сувязь з партызанамі, спалілі б сям`ю, на шчасце ўсё абыйшлося і  на наступны дзень хлопец ужо быў  разам з родзічамі. Як і Марына, Васіль  таксама рана застаўся без самага дарагога чалавека, мамы.

Калі  хлопец пайшоў на вайну, амаль адразу атрымаў  сур`ёзнае раненне, сем месяцаў правёў у шпіталі ў Венгрыі, а потым ажні сем гадоў служыў у Вене пры камендатуры. Там ён і навучыўся па-майстэрскі граць на акардэоне.

Васіль Рыгоравіч на службе ў Вене, 1946 г.

На пытанне, ў чым жа сакрэт сямейнага шчасця, муж з жонкай сціпла ўсміхнуліся. Марына Якаўлеўна адказала:

«Ну што сказаць, мы жылі заўсёды хораша, муж каля сельмага з пляшкай ніколі не стаяў. Ды і па характару вельмі добры. Ніколі ў жыцці мяне не папракнуў, нават калі што па гаспадарцы не паспявала. А работнік які! І араў ,і будаваўся – усё паспяваў. Бывала, а другой гадзіне ночы толькі клаўся адпачываць, а ў пяць ўжо быў на нагах”.

Васіль Рыгоравіч у сваю чаргу адзначыў, што жонка яго, самая найлепшая гаспадыня ў свеце, мудрая, акуратная, спакойная, а майстрыха якая: 

“Яна ніколі на месцы не сядзела. І шыла, і прала, і вышывала, і вязала. І на працу паспявала. А колькі кветак вакол дома садзіла.Ужо многа гадоў наш дом лічыцца домам узорнага парадку. Мы вельмі ўдзячны  старшыні сельскага савета в.Дзяніскавічы, Дубоўскай Людміле Міхайлаўне за аказаную дапамогу ў добраўпарадкаванні двара.”

дом сям`і Берташ

Васіль Рыгоравіч 40 гадоў адпрацаваў у леспрамгазе шафёрам, Марына Якаўлеўна працавала доўгі час у калгасе паляводам, 13 гадоў працавала прыбіральшчыцай ў школе.

У сям`і дзве дачкі – Надзея і Любоў, тры ўнукі  і тры праўнукі, дзяўчынка і хлопчык названы ў гонар прабабулі і прадзядулі. Надзея жыве ў Пярмі, яна ваеннаслужачая, Любоў у Адэсе,  дарэчы ад бацькоў ёй перадалася цяга да музыкі, яна настаўніца музыкі.

Васіль Рыгоравіч разам з дочкамі і зяцем

 “Я бачыла многа сямейных пар у гэтым жыцці, але такіх як матуля з татам, ніколі. Яны ўсё жыццё пражылі ціха-мірна. Можа калі і спрачаліся, але мы дзеці не бачылі гэтага ніколі.  Ніколі  мы і не чулі ад іх брыдкага слова. І па сёняшні дзень бацькі клапоцяцца адзін пра аднаго.
Тата ў наступным годзе адзначыць 90-гадовы юбілей, маме споўнілася  84 гады, не так даўно яна пашкодзіла моцна нагу, перанесла аперацыю, ёй цяжка рухацца.

Тата падтрымлівае маму, як можа, і коўдру паправіць, і падушку, каб ёй было утульна. Сам жа, негледзячы на ўзрост, адчувае сябе нядрэнна, і па сёняшні дзень увіхаецца па гаспадарцы, хоць і  з`яўляецца інвалідам другой группы, дарэчы ён апошні ветэран Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Дзяніскавічы”.
 

апошні ветэран вёскі Дзяніскавічы


Марына Якаўлеўна і Васіль Рыгоравіч Берташ, свята 9-га мая

Напрыканцы я запыталася, што б Марына Якаўлеўна разам з Васілём Рыгоравічам  параілі маладзейшым парам, якія так часта сустракаюцца з цяжкасцямі ў сямейным жыцці і сварацца з-за дробезяў, амаль у адну хвіліну  дзядуля з бабуляй адказалі: “галоўнае навучыцца саступаць адзін аднаму”.

Марына Якаўлеўна дапоўніла:“жанчынам я б раіла іншы раз прамаўчаць, навошта пачынаць сварку, жанчына павінна быць мудрай”.

 

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики