weather

USD 2.6234

EURO 3.1515

RUR(100) 3.5161

search

Вальшчык лесу з Малькавіч адваяваў у смерці жыццё і асвоіў алмазную вышыўку

У жыцці кожнага з нас узнікаюць цяжкія жыццёвыя сітуацыі, і ўсе мы па-рознаму рэагуем на іх: адны людзі пакорна мірацца з бядой, другія бясконца шукаюць выхад, хтосьці замыкаецца ў сабе, а нехта і ўвогуле праклінае лёс і ўвесь белы свет. Але ёсць і такія моцныя людзі, якія змагаюцца да апошняга, нават у такіх сітуацыях, калі змагацца ўжо няма сэнсу і калі ўрачы апускаюць рукі і гавораць блізкім несуцяшальнае «Рыхтуйцеся да самага горшага».

Максім Максімавіч Дранец да трагедыі
Максім Максімавіч Дранец да трагедыі / Фото: фота з архіва сям`і Дранец

Менавіта такім моцным чалавекам і з`яўляецца Максім Максімавіч Дранец з вёскі Малькавічы. Гэты чалавек не толькі адваяваў у смерці сваё жыццё, але яшчэ, нягледзячы на праблемы са здароўем, стаў займацца творчасцю і навучыўся «вышываць» без іголкі бісерам.

Работа Максіма Дранца ў тэхніцы алмазная вышыўка

Тры гады таму восеньскі дзень перавярнуў жыццё мужчыны з ног на галаву. Максім Максімавіч працаваў вальшчыкам лесу і ў адзін з працоўных дзён атрымаў цяжкую траўму галавы: на мужчыну ўпала дрэва. Ён правёў 10 дзён у коме і перанёс дзве клінічныя смерці. Урачы толькі разводзілі рукамі і паўтаралі, што з такімі траўмамі людзі не жывуць. І сапраўды, тое, што Максім Максімавіч застаўся ў жывых – сапраўдны цуд.

Калі мужчына прыйшоў да сябе, то пакутаваў ад страшнага болю, але лячэнне ні ў адной медыцынскай установе не давала вынікаў. Да той пары, пакуль мужчына не трапіў у медыцынскі цэнтр «Эліос» – першае і адзінае месца ў Беларусі, дзе спалучаюцца дасягненні сусветнай медыцыны ў дыягностыцы і лячэнні з канонамі і традыцыямі праваслаўнай царквы.

Ужо праз дзесяць хвілін знаходжання ў гэтай установе мужчына адчуў, што боль адступае. Побач былі любячыя жонка і дзеці, якія верылі, што мужу і тату абавязкова палягчае.

Максім Дранец разам са сваёй сям`ёй

На сённяшні дзень Максім Максімавіч можа сядзець, размаўляць, валодаць рукамі. Кожны дзень ён працуе над сабой: гэты моцны і сур`ёзны 45-гадовы мужчына паспяхова асвойвае алмазную вышыўку – новы від сучаснай творчасці – або, як інакш яе называюць, вышыўку без іголкі, ці алмазную мазаіку.

Работа Максіма Дранца ў тэхніцы алмазная вышыўка

У спецыяльных магазінах можна набыць наборы са схемай, палатном і клейкай асновай, на якую прыклейваюць акрылавыя стразы квадратнай або круглай формы, што таксама ўваходзяць у камплект.

Камплекты прадстаўлены ў розных тэмах і шырокім каляровым дыяпазоне, так што лёгка можна знайсці які-небудзь сюжэт на свой густ і адпаведнага стылю. Працаваць патрэбна пінцэтам. Праца карпатлівая, патрабуе цярпення і стараннасці.

Работа Максіма Дранца ў тэхніцы алмазная вышыўка

(Мне прапанавалі паспрабаваць пінцэтам злавіць бісерынку. Сяк-так я ўхапіла гэту дробязь пінцэтам, але толькі з трэцяга разу. – Заўвага аўтара). Максім Дранец расказвае: «Каб лепш валодаць рукамі, напачатку я складваў канструктары, пазлы.

Каб развіваць маторыку рук, на пачатку Максім Максімавіч складваў пазлы

 

Потым дачка пазнаёміла мяне з тэхнікай «алмазная мазаіка». Адна карціна складаецца з 40 тысяч стразаў. Каб стварыць адну работу, мне патрэбен месяц часу, пяць гадзін кожны дзень я пасвячаю гэтай справе, займаюся ёю з лета. І час хутчэй ідзе, і галава працуе, і рукі. Канешне, вочы стамляюцца, бо стразы блішчаць, але гэта не страшна.

Першая карціна мне цяжка далася, цяпер лягчэй… Работ пакуль не вельмі многа, але спыняцца не збіраюся, планую стварыць палатно на ўсю сцяну. Паколькі працаваў я раней у лесе, мне вельмі блізкая тэма прыроды, амаль на ўсіх маіх карцінах – ваўкі: выявы гэтых лясных жыхароў я лічу абярэгам свайго дома.

Ваўкі- работа Максіма Дранца

Ваўкі на камянях работа Максіма Дранца

Карціны я не прадаю і збіраюся ў хуткім часе іх раздарыць дарагім для мяне людзям».

Работа Максіма Дранца ў тэхніцы алмазная вышыўка

Людміла Станіславаўна – жонка Максіма Максімавіча – успамінае:

«Я не магла паверыць, што гэта ўсё адбылося з маім мужам. Я добра памятаю, як, пачуўшы несуцяшальныя словы ўрачоў, я звярнулася да Бога і папрасіла:

«Божа, зрабі такі цуд, каб яму потым здзіўляліся ўсе ўрачы і прафесары». І гэты цуд адбыўся!
Два гады мы правялі ў бальніцах. Муж стараўся ніколі не скардзіцца – наадварот, ён падтрымліваў нават тых, хто быў не такі цяжкі хворы, як ён сам. Ён заўсёды гаварыў такім людзям: «Што вы на лёс наракаеце, вы ж можаце хадзіць, і гэта такое шчасце»…..

А дзеці нашы вераць, што яшчэ трошкі – і тата паправіцца і ўстане на ногі.

У адной з бальніц урачы мне і ўвогуле прапанавалі адказацца ад мужа, аргументуючы гэта тым, што ён ніколі не зможа хадзіць і размаўляць. На жаль, аднойчы я была сведкай таго, як ад цяжкахворага адвярнуліся родныя людзі. Гэта страшна… Таму я хацела б звярнуцца да сваякоў хворых людзей: не здраджвайце сваім родным. Ваша падтрымка ім патрэбна, як паветра. Не пакідайце іх сам-насам з горам.

Добра памятаю, як праз пэўны час у адной з бальніц здзіўлены урач запытаў у мяне: «А што, ён у вас, можа, яшчэ і размаўляе?» …Кожны дзень я малюся Госпаду і за мужа, і за блізкіх, і за ўсіх людзей на зямлі».

Дарэчы, да трагедыі Максім Максімавіч быў атэістам.

«Раней я не верыў у Бога,а цяпер усё інакш… Калі мы здаровыя і нам добра, то мы часта забываем пра Бога… У самым пачатку мне не хацелася жыць, я быў абыякавым да жыцця, але з Божай дапамогай я ўзяў сябе ў рукі.

Хацелася б выказаць словы ўдзячнасці ўсім людзям, хто не застаўся абыякавым да майго становішча. Дзякуй Уладзіміру Паўлавічу Лагвіновічу і ўсяму калектыву нашага лясніцтва, дзякуй аднакласнікам, вяскоўцам і ўсім тым, хто падтрымліваў мяне як мог.

Я б хацеў сказаць людзям, якія апынуліся ў падобнай жыццёвай сітуацыі: ніколі не здавайцеся, не адчайвайцеся і з усіх сіл змагайцеся за жыццё, нават калі ўрач гаворыць, што надзеі няма. Усё ў нашых руках, таму не апускайце іх».

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики