weather

USD 2.6234

EURO 3.1515

RUR(100) 3.5161

search

Хлеб ад бабы Мані з Борак па 100-гадоваму рэцэпту

Ці хацелі б вы паласавацца свежа-выпечаным  дамашнім хлебам, пахучым і гарачым, з  хрусткай скарынкай, рэцэпту якога  больш чым 100 гадоў? Па старадаўняму рэцэпту, які пераходзіць з пакалення ў пакаленне, ужо больш чым паўвека пячэ жытні хлеб 80-гадовая Марыя Адамаўна Барысік, жыхарка вёскі Боркі. Рэцэпт цеста за многія гады не зведаў зменаў, інгрыдыенты ў ім такія, як і 100 гадоў таму. 

Марыя Адамаўна Барысік з вёскі Боркі ўжо паўвека пячэ хлеб
Марыя Адамаўна Барысік з вёскі Боркі ўжо паўвека пячэ хлеб / Фото: Пётр Гузаеўскі

На мінулым тыдні, познім  вечарам  журналісты  “ГЧ” завіталі ў госці  да  Марыі Адамаўны, каб  паназіраць  за працэсам выпечкі хлеба. Пячэ хлеб Марыя Адамаўна менавіта па вечерам, а цеста замешвае за суткі да таго, як сажае боханы на гарачы чарэнь “рускай” печы. Сустрэла нас ветлівая і рухавая бабуля,  якая старанна мясіла цеста і трошкі хвалявалася: “Каб яшчэ хаця крышку падышло”.

будучы хлеб

 Рэцэптам цеста гаспадыня падзялілася і з намі.

Парыцца двухлітровы чыгунок абабранай бульбы, калі бульба зварылася, яе працэджваюць. Ваду выліваць не трэба. Бульбу таўкуць, падмешваючы тую самую ваду, у якой яна варылася. Дабаўляецца крыху халоднай вады і паступова замешваюць жытнюю муку, звычайна пяць кіраграмаў. Цеста месіцца ў дубовай дзежцы. Калі цеста добра замешана, дзежку накрываюць на суткі.  За пару гадзін да выпякання, дабаўляюць у цеста  дзве лыжкі солі, мукі, каб цеста было гусцейшым, можна і пшанічнай і  яшчэ гадзіну-другую трэба пачакаць, каб цеста падышло.

гаспадыня замешвае цеста

Некаторыя гаспадыні дабаўляюць у цеста дрожджы, тады не патрэбна чакаць суткі, зранку замясі — к вечару можна выпякаць хлеб”.

Пакуль цеста падыходзіла, Марыя Адамаўна  распачала аповед пра сваё жыццё:

«Я нарадзілася ў сям’і калгаснікаў і з самага ранняга дзяцінства працавала, дапамагала бацькам  па гаспадарцы,  па восем кароў  мы тады трымалі. Мая мама заўсёды пякла хлеб,  яна і мяне навучыла. А свой першы самастойны бохан я спякла ў 25 гадоў, калі ўжо было замужам. Працавала я ўсё жыццё ў калгасе паляводам. З мужам Васілём нарадзілі сем дзяцей — 3 дачкі і 4 сыны, маю 10 унукаў і 7 праўнакуў”.

Сямейнае фота

Складаны лёс у Марыі Адамаўны – жанчына пахавала мужа, сына, чатыры гады таму, у выніку трагічнага выпадку  загінула маленькая праўнучка Марыя. Журба, адчай, жалоба… гледзячы на Марыю Адамаўну здзіўляешся, як змагла перажыць столькі гора гэтая маленькая, худзенькая жанчына. Усю сваю любоў Марыя Адамаўна аддае дзецям, унукам і праўнукам праз хлеб, які  і пячэ ў асноўным  для іх, для сябе і сына Віктара, яна пакідае звычайна  адзін бохан.

А печ тым часам паліцца

Цеста ўжо было гатовым і тут  я здзівілася: ні ў якія спецыяльныя формы гаспадыня яго класці не збіралася. Яна пякла хлеб на паперы, на звычайным пустым пачку з выкарыстанай мукі.

Марыя Адамаўна выпякае хлеб ні у формах, а на звычайнай паперы з пад мукі

Пачак распрамляецца, пасыпаецца мукой і на яго  кладуць цеста.

хлеб рыхтуецца у печ

Каб паменьшыць жар, гаспадыня крэпіць у печы вадой, пры дапамозе мятлы з сасновага вецця

Праз пару хвілін спрытныя рукі гаспадыні адзін за адным “ садзілі” боханы ў печ, якіх атрымалася пяць.Каб хлеб спёкся,  чакаць патрэбна было  газіны дзве.

Марыя Адамаўны расказала і пра хлеб, які пяклі  ў яе дзяцінстве, якое выпала на часы вайны і пасляваенныя гады.

“Пяклі хлеб з жалудоў, якія высушвалі і малолі на муку. Трэба ж было нешта есці…Потым ужо пяклі  хлеб з  жытняй мукі, зерне малацілі самі і мука атрымлівалася  не такого дробнага памолу, як зараз.Часта такой мукой гаспадыні пасыпалі лапату і проста хлеб “садзілі” ў печ, не падкладваючы пад яго нічога, нават я адзін час так пякла. На лістах пякла таксама неяк уперад — на дубовых ды кляновых.”

Раптам я схамянулася, надта ж гучна я размаўляўла, на ўсю хату, а ў печы хлеб… Звычайна нельга крычаць і грукаць дзвярыма, калі ў печы булкі,  я ведала гэта з дзяцінства,  калі яшчэ  мая бабуля  пякла пірагі на Вялікдзень. Але гаспадыня мяне супакоіла, адказаўшы, што паводзіць яна сябе як звычайна і нават не чула ніколі пра такія засцярогі, пажартаваўшы пры гэтым: “Хлеб, як госць, паеў ды пайшоў”-гэта значыць, што хлеб, які б ён не атрымаўся, ўсё роўна з`есца,  пагэтаму хвалявацца не трэба.

-А чаму менавіта вечарам пячаце?- ізноў пацікавілася я.

Вечарам работы менш, таму мне так зручней, а днём па гаспадарцы з сынам ўвіхаемся. І кабанчык ў нас ёсць і шэсць катоў і сабакі.

Каты, якія не любяць хлеб

Дарэчы, калі гаспадыня прапанавала мне пакаштаваць цеста, адзін з катоў раптам  пажадаў са мной “сябраваць” – гэта была кошка Мурка, якая праз пару хвілін падсунула ліслівую мордачку да цеста і нахабна стала есці.

Кошка Мурка уважліва сочыць за працэсам

Кошка Мурка ласуецца сырым цестам

Гаспадыня з сынам здзівіліся, як гэта кошка, вырашыла паспрабаваць цеста. “Да хлеба ж яна не вельмі— сказала гаспадыня. Як трошкі хлеба застаецца, ласуюцца ім сабакі, а каты чамусці не любяць”.

Пяку я прыкладна раз у месяц, як з`есца хлеб, — кажа Марыя Адамаўна. —  Але і ў магазіне купляю. Мне ўвогуле падабаецца наш ганцаўскі хлеб, ён смачны”.

На Вялікдзень Марыя Адамаўна, як і  многія пячэ булкі. Але яе рэцэпт таксама своеасаблівы.  Усе інгрэдыенты яна дабаўляе на вока.

На літр мукі – літр малака, сахар на вока, трохі солі, дрожжы, яйкі — колькі ёсць, менш, значыць менш, ёсць больш яек, дабаўляй больш. Ну і на смак карыцу,мак ці ізюм.

Гэты рэцэпт нас вельмі развесяліў.  І  мы нават прапанавалі гаспадыні так і назваць здобу “Булка  на вока”.

Гарачага хлеба мы не пакаштавалі, вельмі ж доўга прышлося б чакаць. На наступны дзень дзве свежыя буханкі, кожная важыла амаль па два кілаграма, Марыя Адамаўна перадала ў рэдакцыю “Ганцавіцкага часу”.

Свежы хлеб, які спякла Марыя Адамаўна з Борак

Па яе словах, захоўваецца яе хлеб тыдзень і больш.

Частаваліся хлебам  не толькі супрацоўнікі “ГЧ”, але і ўсе, хто заходзіў у рэдакцыю. Хлеб людзям спадабаўся. Спадабаўся ён і мне — саладкаваты на смак з невялікай кіслінкай, хлеб раставаў у роце. І мне нават падалося, што бохан пахнуў святам і ўрачыстасцю, нечым вельмі важным і каштоўным, што нельга перадаць словамі… 

Як беражлівая гаспадыня, я зацікавілася і рашыла падлічыць, ці выгадна выпякаць хлеб дома.Атрымаліся наступныя разлікі.

Дамашні хлеб
Жытняя  мука-  кошт 5000 (за 1 кг.) х 5=25000 
Бульба —  кошт 3000(за 1 кг.) х 2=6000
Пшанічная мука кошт 8000 ( за 1 кг.)* 1= 8000 

Агульны кошт – 39000 тысяч за 10 кілаграм .хлеба , 3900 за адзін кілаграм

Крамны хлеб кошт  6900 тысяч рублей за 800 гр.

10 кг. крамнага хлеба = 12,5 буханак

12,5 буханак х *6900=86250 — агульны кошт за 10 кілаграм, 8625 тысяч рублёў – кошт за адзін кг.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики