weather

USD 2.6105

EURO 3.1197

RUR(100) 3.5091

search

Таямніцы лёсу доўгажыхаркі з Раздзялавіч

Сакрэтам даўгалецця і амаль вегетарыянскім рацыёнам харчавання падзялілася з чытачамі «ГЧ» жыхарка в. Раздзялавічы Таццяна Іванаўна Шуляк, якую наш карэспандэнт наведала на мінулым тыдні. Настаўніца з 41-гадовым педагагічным стажам, траўніца і сыраедка, яна расказала не толькі пра галоднае дзяцінства, але і гісторыю кахання з вучнем, якога яна вучыла ў пачатковых класах і які потым стаў яе мужам.

91-гадовая Таццяна Іванаўна Шуляк, жыхарка вёскі Раздзялавічы
91-гадовая Таццяна Іванаўна Шуляк, жыхарка вёскі Раздзялавічы / Фото: Ксенія Жданюк

Размяняўшы 10-ы дзясятак гадоў (цяпер ёй 91 год), бадзёрая жанчына выглядае значна маладзейшай і скардзіцца толькі на зрок, бо ўжо два гады яна практычна нічога не бачыць.

Каб уратаваць дзяцей, маці аддала іх у прытулак
Нарадзілася дзяўчынка ў беднай сям`і на хутары каля вёскі Шэрахаўская Буда, што на Гомельшчыне. Сям`я з шасці асоб рана засталася без кармільца і жыла ў хаціне з аднаго пакоя, а за перагародкай ад жылога памяшкання знаходзіўся курнік і катух для свінні.

Дзесяцігадовая Таня была старэйшай з дзяцей.
Таццяна Іванаўна ўспамінае, што да школы было два кіламетры, а на ногі не было чаго абуць. Лапці з ліпавага лыка хутка зношваліся, і часта позняй восенню дзеці босыя бегалі ў школу.

У 1932 годзе была страшная галадуха, людзі хадзілі па полі і збіралі гнілую бульбу. Мама Таццяны Іванаўны мыла гэтую бульбу, высушвала, таўкла ў ступе і з атрыманага крухмалу пякла аладкі. Людзі збіралі шчаўе, казелец, а галоўкі з дзятлавіны зрывалі і сушылі, потым у ступе таўклі і таксама пяклі блінцы, але ж яны былі горкія-горкія.
У 10 гадоў дзяўчынку наняла ў нянькі полька з Рагачова, якая на ноч клала спаць Таню на лаве ў каморцы разам з курамі. У першы ж вечар на дзяўчынку напалі курыныя вошы, уся сарочка была імі ўсыпана…
Аднойчы дзядзька дзяўчынкі параіў яе маме аддаць дзяцей у прытулак, каб з голаду не папухлі.

Адзіны здымак, на якім Таццяна Іванаўна разам з мамай

І Хадора, маці Таццяны, адважылася на такі крок.

 Спачатку яна завяла двух Таніных братоў і сястрычку ў бальніцу, пасадзіла на лаўку, сказала малым, што хутка прыйдзе, а сама не вярнулася па іх. Потым і Таню з малодшым братам Грышкам напаткаў такі ж самы лёс: калі дзеці паехалі з мамай ў Мінск, яна сказала, што пойдзе булачак купіць, і не вярнулася.

Пазней Грышка і яшчэ адзін брат і сястра знайшліся, а пра лёс брата Колі нічога не вядома па сённяшні дзень.
Міліцыя адправіла дзяцей у прыёмнік. Таццяну размеркавалі ў Мсціслаўль. Калі доктар пры аглядзе спытаў пра ўзрост, дзяўчынка разгубілася, а потым сказала, што нарадзілася ў сераду перад Спасам і ёй ці то 12 гадоў, ці то 14. Доктар прасунуў руку пад кашулю і запісаў лічбу 12.

«Праз паўгода мяне знайшла мама, і я вельмі спалохалася, што яна мяне забярэ, бо ў дзіцячым доме мне падабалася. У мяне з`явілася някепская вопратка, я нават магла салодкімі падушачкамі паласавацца. Хаця спачатку мне было там цяжка. У туалет я прасілася па-вясковаму, і з мяне ўсе смяяліся… Нягледзячы на розныя цяжкасці, у дзіцячым доме мне вельмі падабалася».

 Дзяўчынка вучылася добра і была дысцыплінаванай. Таму праз тры гады менавіта Таццяну і яшчэ трох дзяўчат накіравалі вучыцца ў школу фабрычна-завадскога навучання ў Магілёў. Там дзяўчатам далі давучыцца да 7-га класа.
«Мы жылі на ўтрыманні фабрыкі і вучыліся. У маі нас адправілі на месяц адпачыць, і я паехала да мамы. А ў чэрвені пачалася вайна…», – расказвае Таццяна Іванаўна.

 Ваеннае жыццё
Таніна мама на той час працавала ў калгасе даяркай. На пачатку вайны паступіла распараджэнне перагнаць кароў у г. Дзмітрыеўск Арлоўскай вобласці. Таццяна Іванаўна ўспамінае:
«Я памятаю, як мама сказала: «Ідзі ты замест мяне, то мо хоць жывой застанешся». І я пайшла… Пальцы пухлі і не згіналіся, бо патрэбна было 12 кароў падаіць. Толькі праз два тыдні абозам з 20-ці падвод мы загналі кароў на месца.

Увогуле мясцовасць, дзе мы жылі, вайна кранула не так моцна, як іншыя куткі Беларусі. Цяжэй нам было, калі прыйшлі наёмнікі – вельмі нахабныя і жорсткія: яны адбіралі ежу ў людзей і прыставалі да дзяўчат. Каб пракарміцца, я наймалася да людзей працаваць. І снапы абівала, і жала, і малаціла. Але я была крэпкай дзеўкай, сіл было, як у каня. Толькі ў канцы 1943-га да нас прыйшло мірнае жыццё…»

 Маладая настаўніца
У канцы 1944-га года дзяўчына паехала ў Гомель вучыцца на настаўніцу. Праз пяць месяцаў вучобы яе накіравалі на працу ў вёску Ліпск на Ганцаўшчыну. Таццяна Іванаўна нават памятае шлях ад вакзала да Ліпска на падводзе: 7 масткоў і 13 паваротаў, а кругом таўшчэразныя сосны. Школа знаходзілася ў вясковай хаце, якая была разгароджана на дзве часткі: жыллёвы пакой і клас, у якім за адной партай сядзелі па чатыры чалавекі. Пісалі на газетах, бо не было паперы.
Як толькі маладая настаўніца з’явілася ў Ліпскай школе, на зваротным шляху дадому за ёй увязаўся першакласнік Павел Шуляк і бойка заявіў маладой настаўніцы: «От паглядзіш, вырасту і ажанюся з табой»…
Час ішоў, але свайго суджанага Таццяна Іванаўна ніяк не магла сустрэць.

Таццяна Іванаўна ў гады маладосці

«Усе вакол жанатыя, ды і гады пасляваенныя – не было за каго замуж ісці, таму так да 30-ці год у дзеўках я і прасядзела.

Гады маладосці. Таццяна Іванаўна на фотаздымку злева

Вучань мой падрос і ў 17-гадовым узросце пачаў падбіваць кліны. А мне ж сорамна: што ж людзі падумаюць – дзіця ж ён яшчэ?
Да той пары, пакуль 18 яму не стукнула, я трымалася (усміхаецца), а потым адважылася, бо ён мне таксама надта ж падабаўся, і мы таемна пачалі сустракацца.

Сваякі яго, калі даведаліся, што мы сустракаемся, добра аднесліся да гэтага і ніхто не сказаў, што старая дзеўка вочы хлопцу засляпіла. Павел быў вельмі прыгожым, і не дзіўна, што дзяўчаты яго ўзросту палкі ў калёсы нам ставілі. Адна дзяўчына сляпіцай лезла ў вочы: «Паглядзі, якая я маладая, а нашто табе гэтая старая?» Але Павел быў верным мне адной.

Калі я была цяжарнай, тут раптам кавалера майго забралі ў марфлот аж на чатыры гады.

Павел Карпавіч Шуляк - муж Таццяны Іванаўны пад час службы ў марфлоце, на фотаздымку зправа

А я рашыла: будзь што будзе, мне хоць дзіцятка застанецца. Толькі дарэмна я перажывала, бо праз чатыры гады службы ён адразу прыбег да мяне і сыночка Станіслава, і з таго часу мы пачалі жыць адной сям`ёй.

Таццяна Іванаўна -шчаслівая мама

Потым нарадзіліся яшчэ дзве дачкі – Іна і Таццяна. Мы ніколі з Паўлам не сварыліся, пражылі 40 шчаслівых гадоў».
Павел Шуляк дабіўся немалых вышынь: працаваў і старшынёй калгаса ў Малькавічах, і старшынёй сельсавета ў Начы, сакратаром партарганізацыі ў саўгасе «Адраджэнне», узначальваў прафкам. У 1995-м годзе Павел Карпавіч пасля інсульту пайшоў з жыцця.
Здаровае харчаванне
Ужо гадоў сорак Таццяна Іванаўна цікавіцца літаратурай па раслінаводстве і харчуецца здаровай ежай.

Таццяна Іванаўна практычна нічога не бачыць, але на здароўе не скардзіцца.

Каля свайго дома да нядаўняга часу жанчына вырошчвала разнастайную агародніну і экзатычныя расліны: сельдэрэй, брокалі, гарчыцу, агурэчную траву, амарант, фенхель, спарагус. На агародзе красаваліся цюльпаны, хрызантэмы, нарцысы, ірысы. Насенне заказвала па пошце ці купляла ў краме.

Вегетарыянкай Таццяну Іванаўну не назавеш, хутчэй яна сыраедка, бо ўсё ж у зімовы час крыху мяса яна ўжывае, аргументуючы гэта тым, што мяса садзейнічае захаванню цяпла ў арганізме і калі яго не есці, чалавеку будзе холадна.

У некаторыя перыяды года жанчына мяса не ўжывае. Таццяна Іванаўна патлумачыла, чаму так рэдка есць мяса:
«Мне не падабаецца яго смак. Каб яно пераварылася ў арганізме, патрэбна шмат часу і пасля ўжывання такой ежы я адчуваю слабасць, узнікае жаданне паляжаць і паспаць. Другая справа агародніна! Раслінная ежа не абцяжарвае арганізм , а наадварот, дае яму неабходнае падмацаванне».

У рацыёне жанчыны ў асноўным гарбата на травах ці незвычайныя салаты, напрыклад, салата з трыпутніку, лістоў парэчак і ліпы, сельдэрэя, запраўленага аліўкавым алеем, супы з агародніны; любіць жанчына паласавацца і салодкім, але не злоўжывае гэтым.

Жанчына паведаміла карэспандэнту, што яе салаты есці ніхто асабліва не хоча. Але ж яна не крыўдуе: такі народ ў нас – сала-мяса яму падавай.
Лекам Таццяна Іванаўна не давярае. Напрыклад, гнойную ангіну жанчына вылечыла часночнай настойкай, а ад бранхіту вызвалілася закальваннем – месяц абціралася халоднай вадой, і ўсё прайшло.
На развітанне Таццяна Іванаўна выказала пажаданне ўсім чытачам «ГЧ»: «Менш ешце булак, каб на жыватах не нарастаў тлушч!».

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики