weather

USD 2.608

EURO 3.1417

RUR(100) 3.5339

search

Боркаўскія майстрыхі на пенсіі не сумуюць

Даўно ўжо на пенсіі родныя сёстры з Борак, але   са сваім любімым рамяством не разлучаецца ніводная з іх: Антаніна Фёдараўна Купрыянік – ткачыха, Ганна Фёдараўна Шушко – вышывальшчыца. Прасціны, навалачкі, ручнікі, сурвэткі, абрусы, посцілкі, ходнікі і нават адзенне – усё гэта жанчыны ствараюць сваімі рукамі.

Ганна Фёдараўна Шушко, вышывальшчыца з вёскі Боркі
Ганна Фёдараўна Шушко, вышывальшчыца з вёскі Боркі

На мінулым тыдні карэспандэнт «ГЧ» пабывала ў гасцях адразу ў абедзвюх майстрых.

Ганна Фёдараўна – пазітыўная і бадзёрая жанчына – сустрэла мяне каля брамкі ў беларускім нацыянальным строі, які быў вышыты ўласнымі рукамі, і выглядала значна маладзейшай за свае 74 гады. Калі ж я зайшла ў хату, то не ведала, куды кінуць позірк, бо кожны куточак зіхацеў вышыванкамі майстрыхі.

вышыванкі майстрыхі

вышыванкі майстрыхі

Пакуль я дзівілася на гэтае хараство, Ганна Фёдараўна распачала аповед пра сваё жыццё.

«Я рана засталася без мамы, навучыць вышыванню мяне не было каму – жыццё навучыла. Бо даўней жа як было: дзеўка замуж cабралася – значыць, павінна кашулю вышыць будучаму мужу: каўнерык, манішку. А цяпер жа ўся моладзь у інтэрнатах сядзіць, не надта працаваць хочуць, ды  і мяне ў той інтэрнэт пасадзілі, са сваякамі гутарыла па скайпу нават. Дык крычала гэдак, што голас чуць не сарвала. Бо я думала: дзе ж тая Расія ці Украіна – моцна трэба крычаць, каб мяне пачулі».

Амаль на кожнай вышыванцы Ганны Фёдараўны кветкі: ружы, васількі, анюціны вочкі.

На рахунку Ганны Фёдараўны больш чым дзвесце вышыванак

«Вышываю я гладдзю і крыжыкам. Некаторым узорам больш гадоў, чым мне – ад мамы і бабулі перайшлі, а навейшыя ў сябровак у часопісе «Ксюша» падгледзела. Работ 200, напэўна, ужо я вышыла і спыняцца не збіраюся», – ахвотна расказала майстрыха.

Узгадала жанчына і такі выпадак са сваёй маладосці: «Аднойчы кароў я пасвіла ды  згубіла на полі прасціну амаль вышытую – як ні шукала, а знайсці не магла. А потым пазнала cваю вышыванку па гораню (нітках – заўв. аўтара)  ў адной жанчыны з вёскі. Але ж тая не прызналася, дзе ўзяла, і  сказала, што сама вышыла…»

Па словах Ганны Фёдараўны, ручнік яна можа вышыць за тыдзень. Вышывае жанчына  абрусы і прасціны, вугалкі і сурвэткі, прычым часта ноччу, калі не спіцца, бо вышыванне супакойвае думкі і нервы

.

ручнік вышыты Ганнай Фёдараўнай Шушко

А сумных думак ніяк не пазбегнуць – у 35 гадоў Ганна Фёдараўна засталася ўдавой з шасцярымі дзецьмі на руках.

Ганна Фёдараўна разам  з мужам

«Я нават памірала аднойчы ад перажыванняў, ледзь мяне адратавалі. З той пары, калі на душы цяжка, бяруся за вышыванне», – сказала жанчына.

У Ганны Фёдараўны шасцёра  дзяцей – два сыны і чатыры дачкі. Кожная з дочак пераняла ад мамы любоў да вышывання, але больш за іншых здзіўляе бабулю адзінаццацігадовы ўнук Мікітка, які, калі бывае ў гасцях у бабулі,  адразу з парога просіць палатно і іголку з ніткай: для сваіх гадоў хлопчык ужо няблага ўмее вышываць.

Жыццёвым сілам гэтай жанчыны можна пазайдросціць: не кожная маладая гаспадыня можа справіцца з такой гаспадаркай, як у Ганны Фёдараўны: карова, каза, свінні, куры, качкі, сабакі і каты.

у Ганны Шушко вялікая гаспадарка

А яшчэ Ганна Фёдараўна – актыўная ўдзельніца культурных мерапрыемстваў горада і раёна, яна прыгожа спявае і майструе лялькі, якія ўпрыгожваюць тэрыторыю Боркаўскага клуба, у якім шмат гадоў яна адпрацавала тэхнічкай.

«Пайду я ў лес за палянячкамі і разважаю ўслых: асіна не падыдзе – будуць ножкі белымі ў лялькі, шкарпэткі прыдзецца апранаць. Алешыну шукаю. Кудзелі ў мех напхаю – гэта тулава лялькі, грудзі вялікія зраблю, каб на жанчыну была падобнай. Твар намалюю, апрану  – і лялька гатова».

тэрыторыю Боркаўскага клуба упрыгожваюць лялькі створаныя рукамі Ганны Фёдараўны Шушко

Закончыўшы свой аповед, жанчына звярнулася да мяне з просьбай: «Дзеткі, хай бы заскочыла да сястрыцы маёй ды  за кроснамі яе сфатагравала б, яна ж у мяне такая майстрыха, а то я не хочу адна ў газету».

Шчыра прызнацца, я даўно хацела напісаць пра ткацтва, і тут ўдача сама мне ўсміхнулася.

Праз хвілін дзесяць мы ўжо былі ў Антаніны Фёдараўны.

Антаніна Фёдараўна Купрыянік-ткачыха з вёскі Боркі

Гаспадыня гасцінна запрасіла ў хату:

– Заходзьце-заходзьце, калі ласка, паглядзіце, як жыву.

У вочы адразу кінуўся ткацкі станок (кросны – заўв. аўтара), бо гэты драўляны асілак займаў амаль палову невялічкага пакойчыка.

кросны

«Станок зроблены з ясеню, гадоў сто ўжо яму як не больш. Раней жа людзі з тканага толькі і жылі. Не было чаго насіць, парткі мужыкам і тыя шылі з тканага палатна, называліся яны «серакамі», – з усмешкай сказала гаспадыня. Парткі ткаліся з шэрых( серых) нітак, таму і «серакі», – патлумачыла Антаніна Фёдараўна.

Майстрыха колькі жыве, столькі год сама садзіць лён, апрацоўвае яго, прадзе і тчэ, фарбуе ніткі, выбельвае палатно.

«Сядзіць лён да восені ў агародзе. Потым я яго зрываю. Галоўкі абрываю асобна, калачу іх пранікам. Самі сцябліны на траву кладу, каб расой набрынялі. Сцябло адлазіць –застаецца лыка. Лыка трэба патрапаць, церніцай пацерці, пачысціць: атрымліваецца кудзеля – на палавікі і лён – на тонкую пражу.

кудзеля умацаваная на прасніцы

верацяно

Антаніна Фёдараўна стварае ніткі сваімі рукамі

Лён прывязваецца да поцесі, робяцца ніткі, якія трэба наматаць у клубочкі. Прабельваеш іх, намотваеш на цэўку – цэўку ўстаўляеш у чаўнічок і тады ўжо тчэш».

«Калі памерла наша маці, мне было гадкоў дзесяць. Застаўся пасля яе прадзены лён у клубочках. Прыйшла бабуля наша ды і кажа, што трэба зрасходаваць гэтыя клубочкі. Крыху суседка мне дапамагла, паказала, як навіваць, а ўсяму астатняму сама навучылася», – расказала Антаніна Фёдараўна.

Жанчына прызналася, што ўжо цяжкавата ёй за кросны залазіць, але мне падалося, што яна хітруе, бо калі я папрасіла майстрыху крыху паткаць за кроснамі, каб зняць гэты працэс на відэа – яна жвава скокнула за стан, за якім прадэманстравала хуткасць і спрытнасць.

Майстрыха за кроснамі

Па словах Антаніны Фёдараўны, можна адзін канец ручніка сёння саткаць, заўтра  – другі, і пры такім раскладзе, глядзіш, к канцу тыдня ручнік гатовы.

Антаніна Фёдараўна прасуе  саматканыя ручнікі, як гэта рабілі даўней

драўляны прас

«Вось настольніца, напрыклад, тчэцца радамі ў чатыры ніты, называецца такі ўзор «Вокначка», а можна і ў восем нітоў, каб у клетачку настольніца была – гэты ўзор мудрагелісты і складаны, – тлумачыла гаспадыня. – Можа, 200 ручнікоў ды настольніц я ўжо наткала, а можа, і болей. Радзюшкі і выбіранкі, палавікі, абрусы – шмат чаго я выткала, але ж усё раздарыла дзецям, унукам і іншым людзям».

саматканыя ручнікі майстрыхі

саматканыя ручнікі майстрыхі

Саматканыя ручнікі створаныя Антанінай Фёдараўнай Купрыянік

Антаніна Фёдараўна працавала паляводам, а апошнія гады перад пенсіяй – на ганцавіцкім «Модулі». У жанчыны пяцёра  дзяцей, не так даўно пайшоў з жыцця яе гаспадар. Дачка майстрыхі Святлана кліча матулю да сябе, каб тая разам з кроснамі да яе пераязджала. Па словах майстрыхі, яна б і рада  пераехаць, хочацца майстэрству навучыць дачку, але ж пакуль  яшчэ многа спраў дома. А ў планах саткаць кожнай дачцэ і сыну каляровую прасціну для лавы ў лазню.

Не толькі з ніткамі ды тканінай працуюць майстрыхі, яны яшчэ шчыруюць ля печы і радуюць блізкіх рознымі прысмакамі. На развітанне і мне пашанцавала пачаставацца смачнай булкай і паслухаць даўнейшую песню, якую праспявала Ганна Фёдараўна.

Пачастунак ад майстрых

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики