Майстар лозапляцення з Хатыніч: «За гадзіну магу сплесці кош!»
Аляксандар Ваўчок з Хатыніч – інжынер-механік па адукацыі, прысвяціўшы 15 гадоў сельскай гаспадарцы, апошнія гады ўвесь свой вольны час аддае справе, якую спасціг яшчэ ў дзяцінстве, хлопчыкам навучыўшыся плесці з лазы. З гэтага немудрагелістага прыроднага матэрыялу мужчына вырабляе вазы, кошыкі, карзіны, мэблю, посуд і шмат іншых неабходных ў гаспадарцы рэчаў.

Аляксандар Ваўчок з Хатыніч / Фото: Оксана Карпович
«Радасць лозапляцення заключаецца ў тым, што невялiкую работу можна зрабiць за некалькi гадзiн, да прыкладу кош, я магу сплесці за гадзіну! А аднойчы атрымалася сплесці ажні 30 цукерніц за пару дзён на вясельны стол да сваякоў – расказвае мужчына. – Плесці я навучыўся сам, у 1977-м годзе за добрую вучобу атрымаў пуцёўку ў лагер “Зубранё”, дзе хадзіў у бібліятэку і самастойна вывучаў літаратуру па лозапляценню.

Першай сплёў карзіну – мне спадабалася, з тых часоў я больш не спыняўся, негледзячы на тое, што лозапляценне часам не толькі супакойвае, а і прыгнятае» – працягваў Аляксандар Ваўчок.
Аляксандар Аляксандравіч чатыры гады вёў у Хатынічскай школе гурток па лозапляценню, і па словах майстра, гэты занятак, падуладны толькі людзям цярплівым і уседлівым.
«Самае галоўнае жаданне, а потым цярпенне, а ў дзецей яго не вельмі шмат. Калі паказваеш, як плесці, усё здаецца зразумелым. Даеш заданне стварыць што-небудзь самастойна – нічога не атрымоўваецца. Бо гэта толькі на першы погляд здаецца, што ўсё лёгка» – гаварыў мужчына.
Што адметна, рамяство лозапляцення ў адрозненні ад іншых, патрабуе найменшых выдаткаў:
«Дубчыкі я нарыхтоўваю на возеры каля в. раздзялавичы, іх там колькі хочаш. Я там і адразу працую на возеры з лазой. Увогуле, у нас на Беларусі налічваецца каля 250 відаў лозаў – паведаміў майстар. – Калі нарыхтоўваць лазу восенню ці ранняй вясной – дубчыкі трэба запарваць вадой, лаза сабраная летам хутка псуецца. Калі лаза нарыхтавана правільна, яна будзе вельмі доўна захоўвацца.
Да прыкладу, ёсць ў мяне нарыхтоўкі якім ужо 15 гадоў і яны прыгодныя для выкарыстання, замочвай вадой напярэдадні ды пляці – адзначыў Аляксандар Аляксандравіч.
– Калі людзі бачаць мае вырабы, заўсёды здзіўляюцца, многія не могуць зразумець з якога матэрыялу яны створаны. Амаль усім падабаецца натуральны колер гатовых вырабаў і часта даводзіцца чуць: «А-я-яй! А што гэта такое? А ты мне падорыш такое?» – з усмешкай гаварыў мужчына.
– У апошні час вяскоўцы часта да мяне звяртаюцца з просьбай сплесці карзіну, маўляў вельмі зручна ў краму з ёй хадзіць. Ды і перад Вялікаднем просяць, каб сплёў кошыкі на яйкі» – сказаў Аляксандар Ваўчок.
Варта адзначыць, што прыгожыя плеценыя вырабы майстар стварае амаль голымі рукамі: «Нож і шыла, а больш мне ніякіх інструментаў не патрэбна» – паведаміў мужчына.
Работы Аляксандра Ваўчка не аднаразова выстаўляліся на раённых выставах, майстру нават давялося паўдзельнічаць у Рэспубліканскім свяце-конкурсе лозапляцення “Лазовыя карункі”.
Асабіста мяне ўразіла плеценае крэсла, на якое запрасіў прысесці майстар, далікатнае на першы пагляд, яно з лёгкасцю вытрымала маю вагу, па словах майстра, мэбля з лазы трывалая і пры ўмовах правільнай эксплуатацыі можа доўга служыць чалавеку.
У творчых планах майстра удасканаліцца ў вытворчасці мэблі і стварыць што-небудзь габарытнае.
