weather

USD 2.6057

EURO 3.1662

RUR(100) 3.5028

search

Няпросты лёс варажбіткі з Хатыніч

Калі я задалася мэтай напісаць пра цікавую жанчыну з незвычайным уменнем ці хобі, адразу некалькі чалавек параілі мне паехаць да Марыі Амрэйчык з Хатыніч. Маўляў, жанчына з няпростым лёсам, якае ўмее варажыць на картах. У тое, што сапраўдныя варажбіткі і знахаркі існуюць, я не вельмі верыла, але ідэя мне падалася цікавай, таму на мінулым тыдні я наведала 82-гадовую Марыю Паўлаўну. 

Фото: Оксана Карпович

З першых хвілін знаёмства я ўжо гатова была паверыць ў нешта магічнае: такім прывабным выглядаў твар нашай гераіні ў 82 гады! Шчыра кажучы, не кожны дзень можна сустрэць такую сімпатычную бабулю, але ў прыгожых вачах Марыі Паўлаўны чытаўся таксама і сум… 
“Бач, дзіцятка, якія ногі ў мяне, – як калы, у каленях не згінаюцца. Мяне маці такой нарадзіла, інвалід-дзяцінства я. У восем месячыкаў мне зрабілі ўжо першую аперацыю, папераразалі сухажылле… Ногі паставілі на месца, але праз час выкруціла іх зноў», – скардзілася Марыя Паўлаўна. 
Па хаце жанчына рухалася з вялікай цяжкасцю, пры дапамозе двух кійкоў.

“А раней я на кані нават верхам ездзіла. Не звяртала ўвагі, што хворыя ногі, што баляць… Я ў руках моцная была! І шыла, і вышывала, і вязала. А на гармоніку як прыгожа іграла! І на танцы, нават хадзіла босая, але сваіх ног саромелася. Падыдуць хлопцы – не ведаю, куды дзецца… Не хацела нікому замінаць і дзетак таму не нарадзіла, бо баялася, што напладжу такіх самых, бы я… А цяпер вось адна сяджу ў такой вялікай хаце”, – расказвала Марыя Паўлаўна, і вочы яе раз-пораз напаўняліся слязьмі… 

Марыя Паўлаўна Амрэйчык з вёскі Хатнынічы разам з сястрой

– Сям’я наша вялікая была, – працягвала жанчына. – Нарадзілася я на хутары Ходава. У бацькоў нас было васьмёра дзяцей, дзявятае памерла. Жылі на сваёй гаспадарцы. У час вайны бацькі былі сувязнымі ў партызан, дык было такое, што і нас ледзь не перастралялі за гэта. Трудненько было… Але не галадалі мы, бо бацькі зярно ў зямлю закопвалі, каб ніхто не адабраў, таму хлеб заўсёды быў.

У сорак сёмым я пайшла ў першы клас у Ходаўскую школу, а потым яшчэ два класы ў Люсіне вучылася. Я Якуба Коласа бачыла нават, – з гонарам зазначыла жанчына. – Закончыўшы сем класаў, працавала і ў быткамбінаце, і ў калгасе малаказборшчыцай, учотчыцай і 10 гадоў сястры кароў дапамагала даіць”. 

І тут жанчына нечакана спытала ў мяне, ці ведаю я, хто такая Валянціна Церашкова, і з гумарам распавяла, як аднойчы яна нават напісала пісьмо Церашковай, якая ў свой час была старшынёй камітэта савецкіх жанчын. 
“Аднойчы я праходзіла камісію, каб атрымаць велакаляску. Камісію прайшла, і каляска прыйшла, а забраць не магу. Ну я, доўга не думаючы, напісала пісьмо самой Валянціне Церашковай. І праз некалькі дзён прыйшоў адказ: “Вашу просьбу выканаем”. Далі, відаць, каму трэба пад хвост, і сваю каляску я атрымала.

Каб атрымаць велакаляску, жанчына напісала пісьмо Валянціне Церашковай

А калі мне было гадоў сорак, я здала экзамен, каб кіраваць аўтамабілем з ручным кіраваннем, які мне потым выдзеліла дзяржава. Каля 20 гадоў я была вадзіцелем”, – працягвала Марыя Паўлаўна. – Я вельмі ўдзячна дзяржаве, што клапоціцца пра інвалідаў і пажылых людзей. І райсабес матэрыяльную дапамогу аказвае. Бывае, канешне, калі і сама наймаю людзей – дровы парэзаць ці яшчэ што зрабіць. Але ўсё роўна прыемна, што хоць мы і старыя, але паважаюць нас, не даюць гараваць, – сказала жанчына. – Сацыяльны работнік Валянціна Кулан больш за дзесяць гадоў даглядае мяне. Яна мне як роднае дзіця – і дроў наносіць, і вады прынясе, і ў магазін збегае. Я яе заўсёды з радасцю чакаю”.

Калі размова зайшла пра карты, Марыя Паўлаўна доўга сумнявалася, ці можна пра такое гаварыць. 
“Падумаюць людзі абы-што пра мяне, скажуць: знайшла чым хваліцца… Я не знахарка і не чараўніца і не ведаю, што і адкуль узялося. Раней людзі як адпачывалі? Пасядуць хлопцы ды рэжуцца ў дурня. Я таксама гуляла ў карты, а потым да іх з`явілася нейкая іншая цяга. Я не ведаю, чаму так. Магла раскінуць калі калоду сваякам ці знаёмым, а ў апошнія гады сталі мяне людзі наведваць, прыязджаюць з розных куткоў Беларусі, а як яны пра мяне дазналіся, не ведаю”, – са здзіўленнем тлумачыла жанчына. 

“Бывала, што нават і ўрачы прыязджалі. Вядома, як дрэнна чалавеку, дык ён любога паратунку шукае, але ж я нікога не лячу і не шапчу – так, раскіну калоду ды ўсё, што карты пакажуць, што чакае чалавека, тое я і гавару. Бывае, што і памыляюцца, – гаварыла Марыя Паўлаўна. – А бывае, праходзіць час, і людзі прыязджаюць да мяне, каб падзякаваць, маўляў, дзякуй за параду, збылося тое, што вы гаварылі”. 

І цікава, і нават крыху боязна было даведацца, што ж скажуць карты мне. Але ўсё ж я адважылася на эксперымент, і жанчына мне паваражыла. Наша гутарка за картамі працякала шчыра і нязмушана – не так, як малявала я ў сваіх фантазіях, – без спецыяльных атрыбутаў варажбітак, без загавораў. Але звычайныя гульнявыя карты мяне здзівілі… Супадзенне ці не? Большасць сказанага варажбіткай аказалася праўдай, былі названы нават канкрэтныя факты пра колькасць членаў маёй сям’і і род іх дзейнасці. Для сябе я рашыла так: у добрыя прагнозы на будучае паверу, а сумныя (а былі і такія), пастараюся забыць, бо, думаючы аб дрэнным, мы самі праграмуем сябе на негатыў, прыцягваем тое, чаго баімся. 

“Не трэба гараваць, маркоціцца і плакаць.Трэба па жыцці ісці вясёлым, любіць і дараваць”, – сказала на развітанне Марыя Паўлаўна Амрэйчык.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики