weather

USD 2.6234

EURO 3.1515

RUR(100) 3.5161

search

Апошні ветеран з Дзяніскавіч і жартуе, і крыўдуе

Сёння ад пакалення пераможцаў Вялікай Айчыннай вайны засталіся толькі адзінкі. Узрост, хваробы і старыя раны робяць сваю чорную справу. З жахам думаецца, што настане такі дзень, калі не застанецца нікога з ветэранаў – жывых сведкаў тых падзей. Вось і ў вёсцы Дзяніскавічы жыве толькі адзін ветэран – 90-гадовы Васіль Рыгоравіч Берташ.

Зімой у «ГЧ» быў надрукаваны артыкул пра саюз даўжынёй у 65 гадоў – жалезнае вяселле, якое адзначылі Васіль Рыгоравіч з жонкай Марынай Якаўлеўнай. На вялікі жаль, у чэрвені не стала вернай спадарожніцы Васіля Рыгоравіча.

Васіль Рыгоравіч  з жонкай Марынай Якаўленай пражылі 65 гадоў

Нягледзячы на гора, ён трымаецца, як і належыць сапраўднаму мужчыне, салдату, але вельмі сумуе. Пра ваеннае жыццё і мірны час, пра добрыя падзеі і пра моманты крыўды ветэран расказаў карэспандэнту «ГЧ». 
Нарадзіўся Васіль 3 студзеня 1927 года ў Дзяніскавічах у звычайнай вясковай сям`і. У тыя часы з улікам гадоў нараджэння была блытаніна: не дзіўна, што і Васілю Рыгоравічу прыбавілі цэлы год, пазначыўшы 1926 год датай яго нараджэння. 
«Гэта было пры Польшчы. Ніхто і не ведае, як так атрымалася, што мне больш гадоў дабавілі. Царква ў Дзяніскавічах згарэла разам з дакументамі, праўды ўжо не даб`ешся», – патлумачыў Васіль Рыгоравіч. 

У 1944-м годзе сямнаццацігадовага юнака, якому па дакументах было васямнаццаць гадоў, прызвалі на фронт. Але і да гэтага хлопцу давялося сам-насам сустрэцца з вайной. У час акупацыі гарэлі Дзяніскавічы, у адзін з такіх дзён людзі беглі хавацца ў лес. 

«Нас было шасцёра ў бацькоў. Як сёння помню: схапілі нас бацькі і паперлі ў другі канец вёскі. Адзін я застаўся з бабай, хацелі забраць карову і кабылу, але як толькі скаціну выгналі з хлява, напаткалі партызанаў, якія мяне прымусілі на падводзе адвезці раненага партызана ў штаб, які знаходзіўся ў Будчы. Рабіў я гэта з вялікім страхам, бо калі б даведаліся немцы – разбірацца ніхто не стаў бы, знішчылі б усю сям`ю. Я нават і кабылу ў штабе пакінуў, каб не прыцягнуць да сябе ўвагу ворага», – успамінае Васіль Рыгоравіч. 
Калі хлопец вярнуўся дамоў, не было ўжо і бацькоўскай хаты – усё згарэла. Ад галоднай смерці сям`ю Васіля выратаваў склеп з бульбай, які агонь не крануў. 

У 1944-м годзе Васіль Берташ быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі, ваяваў у пяхоце. 
«Хочаш не хочаш, а ісці трэба было. Я быў прызваны ў жніво. Завезлі нас ў горад Шуя Іванаўскай вобласці. Пераапранулі, памылі. Там мы хадзілі на заняткі па ваеннай падрыхтоўцы да лістапада. Потым адправілі на фронт – пасадзілі ў эшалон і павезлі ў Венгрыю.

Я запытала ў ветэрана, ці было яму страшна ваяваць у такія маладыя гады. «Нічога страшнага. Ідзі, пакуль не заб`юць. А калі папраўдзе, то плакалі і мужчыны, і маладыя хлопцы. Ці я думаў, што буду жыць да гэтай пары? – сказаў Васіль Рыгоравіч. – Нядоўга мне прыйшлося паваяваць: пад Новы год, 29 снежня, на тэрыторыі Славакіі я атрымаў раненне ў грудную клетку, – працягваў Васіль Рыгоравіч. – Я страціў прытомнасць, прачнуўся ўжо ў шпіталі ў Венгрыі, дзе прабыў да красавіка.

Два разы мне рабілі аперацыю, рана ніяк не гаілася і так смярдзела, што я пад шыю падкладваў прасціну, каб не чуць той смурод. Аднойчы адчуў, што нешта ў ране як быццам варушыцца ці капошыцца. Гэта былі чэрві. Перавязачных матэрыялаў не хапала, сродкаў дэзынфекцыі таксама. Калі я запытаў у доктара, што мне рабіць з гэтым, то пачуў у адказ, што чэрві – гэта добра, яны ачышчаюць кроў. Так я данаступнай перавязкі і цярпеў», – сказаў ветэран. 

Калі закончылася вайна, Васіля зноў паклалі ў шпіталь, дзе ён праляжаў да жніўня і перанёс яшчэ дзве аперацыі на тое самае раненне (усяго іх было 4!). Затым хлопец быў накіраваны на службу ў камендатуру горада Вены, а потым перанакіраваны ў мінамётны батальён, дзе капітан часці адправіў Васіля на шэсць месяцаў на курсы вадзіцеля. 

Васіль Рыгоравіч Берташ на службе ў Вене, 1946 г.

Амаль дзесяць гадоў Васіль правёў на чужыне, за ўвесь час салдат прыязджаў дамоў толькі адзін раз. 
«Калі ў мяне памерла маці, мяне нават не хацелі адпускаць на пахаванне, пакуль салдаты не сталі абурацца. Праўдамі-няпраўдамі мне дазволілі паехаць дамоў на дзесяць дзён. Я крыху грошай назбіраў, ехаў з падарункамі. Сястры на заказ пашыў боты і прывёз матэрыял на адзенне. Старэйшаму брату купіў хромавыя боты і ўсім астатнім па пары чаравікаў,» – успамінаў дзед. 

Калі Васіль вярнуўся дамоў назусім, амаль адразу ён напаткаў сваю другую палавіну – у 25-гадовым узросце ён ажаніўся з 20-гадовай Марынай. 
«Жаніліся голыя-босыя. Нам нават і пабудавацца не было дзе. Ды і матэрыялаў на будаўніцтва не было. Кожнаму трэба было заплаціць.

 дом ветэрана

Цяжка нам было, без мацеры і я, і яна. Але неяк жылі… Сорак гадоў я адпрацаваў у леспрамгазе шафёрам, жонка працавала доўгі час у калгасе паляводам, 13 гадоў прыбіральшчыцай ў школе, – мужчына цяжка ўздыхнуў. – Памучылася яна, бедная, апошні час парашкі ды парашкі. Мы добра з ёй жылі. Сумуй не сумуй, а яе ўжо не вярнуць..,– з жалем сказаў Васіль Рыгоравіч. – Я раней быў рухавейшы: і дровы насіў, і бульбу парыў кабанам да мінулага года, а за гэтыя гады, пакуль жонка хварэла, аслабеў, пачаў падаць, ногі заплятаюцца». 

У Васіля Рыгоравіча дзве дачкі, трое ўнукаў і тры праўнукі. На дадзены момант ветэрану дапамагаюць дачка Любоў з мужам і малодшым сынам, якія прыехалі з Украіны, каб падтрымаць і падбадзёрыць Васіля Рыгоравіча. Дачка ветэрана Любоў Васільеўна расказала карэспандэнту «ГЧ», з якімі цяжкасцямі прыйшлося сутыкнуцца яе бацьку. 

«У 90 гадоў тату прымушаюць замяніць старую газавую пліту і купіць новую. Ён хвалюецца, што прыйдуць і забяруць пліту, якая працуе выдатна. Пад страхам смерці мы вымушаны купляць і другі газавы балон, бо можна карыстацца толькі адным, – сказала Любоў Васільеўна. – Былі цяжкасці і з правядзеннем вады, але нам дапамагла Людміла Міхайлаўна – старшыня нашага сельсавета, за што ёй вялікі дзякуй», – дабавіла жанчына. 

Сам жа Васіль Рыгоравіч паскардзіўся на тое, што некаторыя з вяскоўцаў апошнім часам сталі распускаць плёткі, быццам і не ваяваў Васіль Рыгоравіч і ніякі ён не ветэран, пенсію не заслужыў. «Каб самі пабылі ў тым пекле, то так бы не гаварылі», – сказаў мужчына. 

Дык вось каб ніхто не сумняваўся, ёсць у ветэрана дакумент (даведка аб раненні), які пацвярджае, што Васіль Берташ – удзельнік баявых дзеянняў. 

даведка аб раненні

Апошні ветеран з Дзяніскавіч і жартуе, і крыўдуе

Было цікава даведацца, колькі часу Васіль Рыгоравіч носіць такое сумнае званне «Апошні ветэран». 
«Другі год ужо ці трэці пайшоў, як я застаўся адзін. Мікіта быў перада мной – памёр ужо. А калісьці нас, ветэранаў, у Дзяніскавічах мо 200 чалавек налічвалася, – з сумам адказаў мужчына, а затым пажартаваў: – Раней чыкушку ветэранам давалі ў Дзень Перамогі. А цяпер не даюць: мусіць, лічаць, што ўжо зусім стары», – сказаў ветэран. 

Васіль Рыгоравіч Берташ- апошні ветэран з вёскі Дзяніскавічы

Напрыканцы размовы ветэран сказаў: «Добра, як на свеце спакойна і хораша – няхай растуць дзеці, вучацца і радуюцца мірнаму жыццю, а моладзь няхай не паддаецца гарэлцы і наркотыкам».

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики