weather

USD 2.6057

EURO 3.1662

RUR(100) 3.5028

search

Лявон Крапінскі: «Маё самае запаветнае жаданне не споўніцца ніколі»

Калі я прыехала ў вёску Раздзялавічы і пацікавілася ў мясцовых жыхароў, пра каго можна напісаць да Міжнароднага дня інвалідаў, то сяльчане параілі наведацца да Лявона Крапінскага, які 10 гадоў таму абгарэў і па гэтай прычыне застаўся без ног.

У краме патлумачылі, што хата Лявона Мікалаевіча стаіць наводдаль ад асфальтаванай цэнтральнай вуліцы. Іду па вузенькай сцяжынцы ў той бок, куды паказалі. Падышоўшы да плоту, заўважаю, як з хаты, куды я накіроўвалася, выходзіць старэнькая бабулька, накладвае на замок клямку і, павольна перастаўляючы кіёчак, выходзіць з двара.

Адважваюся спытаць у яе, ці тут жыве Лявон Мікалаевіч. Бабуля сказала, што гэта яе сын і што жыве ён тут. Яна і правяла мяне ў хату.

Заходзячы ў памяшканне, я вельмі хвалявалася, думала, з чаго пачаць размову, як загаварыць пра тое, што ён чалавек асаблівы, і распытаць, як яму жывецца?
Прывітаўшыся, але яшчэ нават не паспеўшы сказаць, хто я і што мне патрэбна, я ўжо сядзела на ложку, бо гаспадар сказаў, што трэба адразу госцю з дарогі даць прысесці, а потым ужо выясняць, што яму трэба. Мужчына завіхаўся каля шафы, нешта там складаў.

«Вось прыйшла, каб напісаць пра аднаго з самых зайздросных кавалераў у вёсцы», – адважваюся пажартаваць я.
«Ну гэта і добра, я ж збіраюся яшчэ ажаніцца. Можа, ёсць у вас хто на прыкмеце?» – з усмешкай адазваўся мой субяседнік.

Так размова і завязалася.

Лявон Мікалаевіч расказаў, што дзяцінства ў яго было цяжкае. Бацька пакінуў іх, калі яму было два месяцы. Як пайшоў у армію, так і не вярнуўся ў сям`ю. Таму з самага маленства ва ўсім трэба было дапамагаць матулі. А гаспадарку трымалі вялікую, бо трэба ж было неяк жыць.

«Памятаю як маці касіла сама, а потым сена з балота выносілі. Аднойчы парвалася вяроўка, і я, праламаўшы лёд, уваліўся ў ваду. Дахаты імчаўся бягом, вельмі замёрз, ледзь адагрэўся, – успамінаў мужчына. – Якое тады было дзяцінства? Тут усюды было балота, магазіна нават не было. Ездзілі ў горад на грузатаксі. Наб’ецца туды людзей як селядцоў, а дарога была дрэнная, таму ехалі да горада гадзін чатыры».

У вёсцы была васьмігодка. Пасля яе заканчэння пайшоў у трактарысты. «А іншага тады мы і не ведалі», – адзначыў вясковец.

Успамінаў ён, як пасля школы ў Хатынічах лён малаціў, як працаваў на трактары, а потым яшчэ бег буракі рваць, а дома яшчэ чакала гаспадарка. «А што было рабіць? Як прыйшоў з войска, дык у армейскай форме хадзіў, бо грошай на адзенне трэба ж было яшчэ зарабіць», – гаварыў ён.

Доўга працаваў на трактары «Т-75». Потым пачаў подводзіць зрок. Перасеў на бульдозер. Па словах расказчыка, на тэхніцы адпрацаваў 30 гадоў. Меў граматы, узнагароды, медалі, прэміі.

«Змянілася ўсё ў адно імгненне, калі я абгарэў…, – сказаў Лявон Мікалаевіч, а ў яго вачах заблішчала сляза. – Зараз ужо звыкся, а тады… Думалася: як далей жыць?»

На той час Лявон Крапінскі жыў з жанчынай, але сваіх дзяцей так і не займеў. Жонка пяць гадоў таму памерла. Цяпер мужчына жыве адзін. Дапамагае яму сацыяльны работнік і састарэлая 84-гадовая маці.

«Трэба, каб я маці даглядаў, а тут вось як яно сталася», – з душэўнай пакутай у голасе сказаў мужчына.

На пытанне, як жыве і чым займаецца, ён паказаў рукой на шафы. Там стаялі зробленыя з цыгарэтных пачак будынкі. Сярод іх можна было пазнаць касцёл, Крэмль, мясцовую царкву і школу… А колькі яшчэ пачатых канструкцый…

«Людзі ведаюць, што я люблю канструяваць, таму нясуць мне пустыя пачкі мяхамі. Застаецца толькі купіць клей, уключыць уяўленне – і наперад. Іншы раз у чатыры гадзіны ўстану і клею паціху, а што ж мне рабіць? – распавядаў суразмоўца. – Спрабаваў з запалкаў нешта рабіць, але рукі дрыжаць».

Летам, калі дапамогуць з хаты выехаць, то вясковец на калясцы можа і да цэнтра даехаць. Тады ўжо людзі кажуць, што ім з Лёнікам будзе весела. Але ён не любіць, калі яго так называюць.

«Мяне яшчэ клічуць Сівым, бо галава ўся белая. А калі называюць Лёнікам, то магу і галавы не павярнуць. А так я бабулям і навіны пачытаю, і байку якую раскажу. А калі няма настрою, то на ўсіх парах валю дахаты», – з умешкай сказаў Лявон Мікалаевіч.

А дома яго чакаюць два каты. Адзін, як пазначыў гаспадар, – пенсіянер, у яго вачэй няма, а другі малады. Вясковец іх у хату праз акно пускае, бо да дзвярэй даехаць не можа з-за высокага парога.

«Я разумею, што такога ўжо ніколі не будзе, але самае запаветнае жаданне –стаць на ногі. А яшчэ хачу, каб у вёсцы ўсім была работа, каб людзі не хадзілі без справы, каб маглі зарабіць сабе на добрае жыццё.  А калі б я выйграў шмат грошай, то аддаў бы іх маці – Марыі Васільеўне. Хай бы яна сабе кватэру купіла і пабачыла добрае жыццё.»

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики