search

Любашава: вёска будзе жыць, пакуль у ёй ёсць людзі

Наша вёска Любашава такая прыгожая! Адна назва чаго варта!.. Ды вы самі паглядзіце, і ўсё зразумееце..." Так прэзентавалі сваю вёску Любашава падлеткі, якія сустрэліся карэспандэнту на ўскраіне вёскі. Не толькі моладзь, але і старэйшае пакаленне, і дзеці, таксама ўлюбёныя ў родны куточак.

Вяскоўцы і ў выхадны дзень, нядзелю, заняты сваімі звычайнымі справамі: Алена Адамаўна Плотка пасвіць качанят
Вяскоўцы і ў выхадны дзень, нядзелю, заняты сваімі звычайнымі справамі: Алена Адамаўна Плотка пасвіць качанят / Фото: Cветлана Малышко

Вёска Любашава знаходзіцца на мяжы з горадам: на адным баку вуліцы размешчаны гарадскія будынкі, на другім – ужо вясковыя.  У гэтую нядзелю надвор`е было сонечным і цёплым, таму вёска не выглядала бязлюднай: на лаўках сядзелі бабулі і дзядулі – грэліся на сонейку і гаманілі між сабою.

Збіраліся людзі і ў гурт, каб пагутарыць, абмеркаваць справы вясковыя. Крыху маладзейшыя вяскоўцы шчыравалі на сваіх сотках. Сустрэлася і шмат дзяцей, якія бегалі па вуліцы ці каталіся на веласіпедах. А некаторыя вяскоўцы адпачывалі з вудамі на сажалцы каля фермы.

Любашава: вёска будзе жыць, пакуль у ёй ёсць людзі

Жыхары былі ветлівымі і з задавальненнем размаўлялі з карэспандэнтам, успаміналі былыя часы, радаваліся сучаснаму жыццю і выказвалі меркаванні пра будучыню іх малой радзімы.

Любашава: вёска будзе жыць, пакуль у ёй ёсць людзі

«Вёска цяпер не такая, не. Прыгожая, упарадкаваная, дарогі сухія, можна нават у штыблетах гарцаваць, – пасміхаўся 76-гадовы вясковец  Аляксандр Мікалаевіч Плотка. –А некалі па лыткі ў гразі вязлі…«.

Аляксандр Мікалаевіч Плотка

Дарэчы, мянушка вяскоўцаў «калатушнікі» пайшла не з-за таго, што яны любяць пабіцца, а менавіта з-за таго, што нярэдка ім прыходзілася мясіць нагамі брудную калатушу, каб прайсці па вясковых вуліцах падчас непагоды.

Змяніўся ў Любашаве (як і ўсюды, дарэчы) і ўклад жыцця. Цяпер вяскоўцы амаль не трымаюць гападарку. Па словах старажылаў, раней тут было пяць гуртоў па 40-50 кароў, а цяпер добра, калі на ўсю вёску паўсотні кароў назбіраецца…

Каровы трымаць, трэба шмат працаваць, а хто хоча гарбаціцца? А кароўку ж трымаць выгадна. Карова на сябе заробіць, здаючы малачко можна не блага зарабіць. Маладыя гэта не разумеюць. Шукаюць, дзе лягчэй, каб прыстроіцца”, — сказаў Аляксандр Мікалаевіч.

Любашаўцы правялі ў хаты газ і ваду

«О, каб мы раней так лёгка жылі! Памперсы, індэзіты, мікравалноўкі – усё на карысць, на палёгку моладзі. От яна і разбэсцілася, бо нічога па гаспадарцы з гэтымі цудамі рабіць не трэба. Прагрэс!» – праявіла асвядомленасць 83-гадовая жыхарка вёскі Алена Адамаўна Плотка.

Алена Адамаўна Плотка

Пры гэтым перспектывы жыцця ў сваёй вёсцы вяскоўцы бачаць толькі пры тых умовах, калі ў Любашаве будуць жыць людзі.

«А куды вёска згіне? Будзе жыць! Галоўнае, каб моладзь у  ёй заставацца хацела. А для гэтага ўмовы ёсць, бо вёска наша вельмі зручная для жыцця. От толькі каб яшчэ працу людзям даць, хоць бы і ў горадзе, і заробкі добрыя, дык і прасіць болей няма чаго!» – заключыў Леанід Плотка.

Леанід Плотка з 8-гадовым сынам Антонам

Пакідаючы гэтую гасцінную вёску, я прыйшла да высновы: хоць кароў у Любашаве амаль не трымаюць і моладзь адсюль стараецца з`ехаць ў вялікія гарады, але яшчэ рохкаюць у хлявах парсюкі, бегаюць па падворках куры, плаваюць у сажалках качкі і гусі, брэшуць вечарамі сабакі. Вёска жыве…

Любашава: вёска будзе жыць, пакуль у ёй ёсць людзі
Любашава: вёска будзе жыць, пакуль у ёй ёсць людзі

Матэрыялы на вясковую тэматыку:

Сукач — вёска, дзе пусцеюць хаты і не трымаюць кароў.

У вёсцы Ельня жывуць па-гарадскому, а працуюць – як вяскоўцы.

Самы малады і самы стары жыхары вёскі Боркі збіраюцца яе пакінуць.

Новости

Из рубрики
Top