weather

USD 2.5782

EURO 3.1288

RUR(100) 3.4135

search

ЯСЯНЕЦ — ВЁСКА БЕЗ ПЕРСПЕКТЫЎ, АЛЕ З БАГАТАЙ ГІСТОРЫЯЙ

За 18 кіламетраў на паўночны ўсход ад горада  ляжыць вёска Ясянец. Паводле кнігі “Памяць” па Ганцавіцкаму раёну на 1997 год тут размяшчалася 20 двароў і 57 жыхароў. Але ўжо прайшло 23 гады. Што ў вёсцы цяпер?  Хто тут жыве? Чым займаюцца людзі?

Самы знакаміты дылетант Беларусі — тэлевядучы Юры Жыгамонт  мінулай восенню пабываў тут і зрабіў невялічкую  аўтарскую праграму пра малую ганцавіцкую вёску. Яна так і называецца “Падарожжа з Жыгамонтам. Вёска Ясянец”. 

НЯМА ТАГО, ШТО БЫЛО РАНЕЙ

Калі мы ўехалі ў вёску, то першае, што ўбачылі, дамы, якія сведчылі аб тым, што іх гаспадары даўно іх пакінулі. Паразмаўляяць таксама ўдалося не адразу. Два чалавекі, якіх мы ўбачылі былі негаворкія і насупленыя. Аднак адзін з іх паказаў дом, дзе жыве стараста вёскі. Да яго мы і пакрочылі.

Прыход незнаёмцаў першымі заўважылі малыя “разведчыкі”, унукі Уладзіміра і Жаны Гайцюкевічаў. Саша і Рома апавясцілі дзеда з бабай пра нечаканы прыход гасцей. У праём каліткі адразу высунуўся гаспадар, які ўпусціў нас на двор. Спыталі папіць. Гаспадыня хутка набрала  з калодзежа, у якім помпавы рухавік, халоднай прыемнай вады. Папілі, ды і пачалі гамонку.

Займаючыся хатнімі клопатамі, паміж справамі, Уладзімір, разам з жонка прамовіў:

“Я не мясцовы, з Мельнікоў сам. Але жыву тут 30 год. Дзевяць жыхароў засталося ў нас. А прыпісана дваццаць. Працую ў калагасе вартаўніком у Востраве, а жонка загадчыцай фермы”.

Як стала вядома ад Гайцюкевічаў у вёску амаль штодня прыязджаюць райпоўскія, або еўраоптаўскія машыны з ежай. Купляй, не хачу. Але людзей каля іх амаль не бывае. Гаспадыня кажа:

“Закупляемся ў Востраве, бо я там раблю. А аўталаўку пілнаваць трэба, бо адзін дзень прыедзе так, у другі раз па іншаму графіку. А дома спраў шмат, не да пілнавання”.

Раней ў вёсцы быў свой калгас. Называўся “Праўда”. Тут трымалі шмат кароў і пяць тысяч авечак. Жыццё для вясковых жыхароў было імклівае. Але ў адначассе ўсё пачало мяняцца.

«Я сама 1969 года. У 1984 годзе скончыла восем класаў. Старшыня калагаса загадаў мне, каб ехала вучыцца ў Ляхавічы на чатыры гады на заатэхніка. Авечак жа шмат было. Я паехала на тую вучобу. А пакуль вучылася, дык і авечак усіх папрадалі, а калгас раскідалі. Усё ідзе на спад. Тады дваццаць два гады рабіла начальнікам пошты ў Начы і Мельніках. Пятнаццаць апошніх год была начальнікам паштовага аддзялення. Пошту таксама закрылі. Паштальён яшчэ быў трохі, а потым і пасаду паштальёна скарацілі. Стала на біржу. З біржы накіравалі ў Востраў. Раблю з мужыком цяпер у Востраве. Мужык звычайна на ноч ідзе вартаваць, а я ўдзень працую. Але адпрасілася сёння, бо з унукамі трэба быць. Месца ў нас добрае. Тутака і грыбы,  і ягады, і свежае паветра. Усе ўнукі з усіх хат заўсёды былі тут кожнае лета. А цяпер няма куды ехаць», — спакойна і сумна кажа Жана Гайцюкевіч.

Пытаюся:

“А як думаеце, што трэба, каб ажывіць вёску?”

«Ооо, яе тут ніхто ўжо не ажывіць!…»

«Большыя вёскі пустуюць. А нашая і так пустая ўжо, — па чарзе адказалі Гайцюкевічы.  —У Лактышах дык яшчэ выкупаюць хаты. Там рака, рыба. Мінскія людзі там адпачываюць. А ў нас ні ракі, ні рыбы, канава толькі, глуш…»

«Раней людзей шмат было. Столькі хат некалі стаяла. Людзі занятыя на ферме былі, праца была, ўсё было. Сёння нічога няма. Шмат папамерла людзей, астатнія павыехалі. У Лойкі Алены Міхайлаўны чацвёра дзяцей было. Усе павыехалі. Ніхто тут не застаўся. Рапейкі, Бронакі, Рапейкі, Зайцы… Усе іхныя дзеці з’ехалі адсюль. А раней было весела», — кажа Жана.

Гаспадары штодня летам топяць печ у лазні, бо трэба наварыць ежы парасёнку, ды і абмыцца самім пасьля дзённай працы. Ёсць у іх і ванна, якую прывезлі з Ганцавічаў дзеці, бо набылі сабе лепшую. Рому і Сашу ў вёсцы падабаецца. А дзядуля зрабіў для іх адмысловыя арэлі з аўтамабільнай сядушкі. Пагадзіўся гаспадар завесці і паказаць нам мясцовыя могілкі са шляхецкімі капліцамі. Разам з ім і ўнукамі рушылі да іх.

ГАЛАСЫ СІВОЙ ДАўНІНЫ

У вёскі Ясянец ёсць свая легенда. У ёй сказана, што калісьці тут быў вялізны горад, у якім гаспадарыў князь Ясь. Але сусед у Яся быў нядобразычлівы і зайздросны. Ён бачыў, што людзі ў горадзе жывуць добра і напаў на яго. Хітрасцю завалодаў ім і забіў князя Яся. Людзі ганарова пахавалі свайго валадара, але служыць злоснаму новаму гаспадару не сталі, разбегліся хто куды. А месца, дзе пахавалі Яся і празвалі Ясянец.

У Ганцавіцкім краязнаўчым музеі захоўваецца старажытны дакумант, які кажа аб тым, што ў Ясянцы калісьці бурліла жыццё. Тут захоўваецца гадавая ведамасць Ясянецкай суконнай фабрыкі, якая месцілася ля ракі Ясенчык. Калі яна была заснаваная ніхто не ведае, але належыла яна, як і сама вёска, вядомаму шляхецкаму роду Абуховічаў.

Але дакладна вядома, што тут стаяла тры будынкі, у якіх было 30 ткацкіх станкоў, механічныя машыны і фарбавальныя катлы. Было тры будынкі: два па трыццаць метраў, а трэці сорак пяць метраў. Працавала тут больш за 30 чалавек.

Для суконнай фабрыкі закупалі іспанскую воўну ў памеры 20 пудоў (амаль 300 кг). А простай воўны куплялі 300 пудоў, што складае амаль 5 тон. Для фабрыкі таксама закуплялі  алеі, мыла, гусінае сала і іншае. Фабрыка вырабляла высокаякаснае сукно чатырох гатункаў. Пасьля захопу Вяліка Княства Расійскай імперыяй, фабрыка перастала існваць.

Стаяў у вёсцы і драўляны палац мясцовых дваранаў —Абуховічаў.  Яго разабралі пасьля ІІ Сусветнай вайны і перавязлі ў вёску Гуту, дзе з гэтага дрэва зрабілі школу і сельскі клуб. Вакол палаца існаваў парк, ад якога захаваліся і па сёння кусты бэзу, акацыі, старыя ліпы, лістоўніцы і дубы.

У Ясянцы існуюць старажытныя могілкі, куды шляхта адвозіла сваіх памерлых. На ўзгорку могілак стаіць пахавальная капліца Вендорфаў. З гэтага роду паходзіць шэраг паўстанцаў з войска Кастуся Каліноўскага, якія змагаліся ў 1863 годзе з царскімі расійскімі войскамі.  Пасьля прыходу Саветаў капліца была разрабаваная, труны парушаныя, таблічкі з імёнамі пахаваных знішчаныя.

Таксама на могілках стаіць капліца старажытнага роду Яленскіх. З гэтага роду паходзіла Эма Яленская, пісьменніца і збіральніца народнага беларускага фальклору. З Яленскіх шмат хто служыў ад усяго сэрдца сваёй Айчыне. Падчас ІІ Сусветнай вайны партызаны заклалі пад магутныя дзверы капліцы, якія закрываліся на 16 абаротаў, міну і ўзарвалі скляпеньне. Капліца Яленскіх, як і Вендорфаў, была разрабаваная. Але і сёння замшэлыя камні будынкаў нагадваюць пра былую гісторыю гаспадароў вёскі.

РАЗМОВА ў АЛЬТАНЦА ПАД ЛІПАЙ

Ля дома Ірыны Аскеркі расце старая вялікая ліпа. На двары альтанка з кветкамі ў вазонах. Тут мы і прыселі. Гаспадыня ўжо восьмы год на пенсіі. Ёй 63 гады. Бадай што адзіная крыніца інфармацыі для яе — тэлевізар з дзяржаўнымі каналамі і раёнка.

—Працавала прадаўцом, потым сацыяльным работнікам, а потым пайшла на пенсію. Маю траіх дзяцей. Дачка жыве ў Навагрудку, а сын у вёсцы Ганцавічы. Яшчэ адзін сын на заробкі ездзіць. Мужа  няма ўжо як тры гады. Ён родам з Вялікіх Круговіч быў. Таму ў мяне прозвішча круговіцкае. Працаваў трактарыстам, ды памёр ад абшырнага інсульта. Сын прыязджае на выходных з сям’ёй. Пакосяць і ў мяне, і каля дома, дзе жыла мая мама. Чакаю іх, — распавяла пенсіянерка.

Успомніла Ірына і маладыя гады. Распавяла, што да мясцовых дзяўчат прыходзілі хлопцы з усіх навакольных вёсак. Ладзіліся файныя танцы, ды і народу шмат было.  А цяпер пустыя дамы…

Пытаюся, на што спадзяецца жанчына і як ставіцца да будучых прэзідэнцкіх выбараў. І чую адказ:

“Спадзяюся на тое, каб мір быў, каб не было так як у Амерыцы. За подпісамі да нас  ужо прыходзілі. Галасаваць будзем за Лукашэнку. А другога калі паставяць, ён жа нічога не выправіць. Як яно было, так  і будзе. Новы прэзідэнт захоча новага, але яно нічога не зменіць. Лукашэнка стараецца, правярае ўсіх. Сочыць за тымі, хто з працы звальняе людзей. Ён па тэлевізары сказаў, што трэба вярнуць звольненых людзей на працоўныя месцы. Я заўсёды за Лукашэнку галасую. Але нешта пенсію перастаў дабаўляць. Аднак ён харошы. З усімі можа дамовіцца. Я другога не хачу. З адным бацькам лепей жыць, а другога не трэба. У Беларусі хапае ўсяго. Раней ездзілі за кілбасой, манадарынамі, апельсінамі на Украіну, альбо ў Мінск. Цяпер і машыны, і матацыклы… Адзіная праблема — адсутнасць працы”.

Пасядзелі. Памаўчалі. І мы парушылі далей.

Прадавец любіць працу і будзе галасаваць за …

Неўзабаве прыехала райпоўская аўталаўка. Прадавец Вольга Валуевіч і шафёр былі здзіўленыя новым людзям. Але ўбачаўшы,  што мы свае, ганцавіцкія журналісты, пачала бойка распавядаць пра працу.

“Я вельмі добры прадавец. Раней працавала ў Раздзялавічах у магазіне. Потым у Яловай восем месяцаў. Папрасілі сюды, бо ніхто не хоча па дарогах ездзіць. Я сорак год у гандлі. 27500 за мінулы месяц зрабіла. Я план заўсёды выконваю. Мне праца падабаецца. Старшыня наш новы таксама добры. Новая машына ў нас з’явілася з ім. Чалавек стараецца, працуе. Люсіна, Макава, Ліпск, Малькавічы… Дзе мы толькі не бываем?!”

Паразмаўлялі і пра палітыку. Прадавец выказалася, што будзе галасаваць за Лукашэнку, а шафёр падтрымоўвае ЛДПР (расійскую партыю)?!

Напрыканцы Вольга Валуевіч сказала:

“Я як прадавец аўталаўкі ўсіх паімённа ведае, хто што курыць, хто што купляе, хто чым дыхае. Гэта мая прафесія. Я яе люблю”.

Пакідаючы Ясянец па дарозе нас застаў моцны дождж. Спёка скончылася прахладай. Водбліскі навальніцы міргалі над застаўшайся за спіной вёскай.

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments
Из рубрики