search

Ці стануць беларускія жанчыны нараджаць больш?

На сустрэчы са студэнцкім актывам Белдзяржуніверсітэта  16 кастрычніка памочнік Прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды агучыў вынікі ліпеньскага апытання Інстытута сацыялогіі НАН.

У час апытання рэспандэнтам прапаноўвалі адказаць, якія доўгатэрміновыя (да 2030 года) для Беларусі пагрозы яны бачаць.

Пагроза нумар адзін – змяншэнне колькасці насельніцтва з-за нізкай нараджальнасці (37% апытаных).

На другім месцы – страта роднай беларускай мовы, на трэцім – п’янства і алкагалізм, на чацвёртым – наплыў мігрантаў з іншых краін, на пятым – экалагічныя праблемы, на шостым – зніжэнне ўзроўню жыцця.

Дык чаму ж у Беларусі самай вялікай пагрозай стала нізкая нараджальнасць? Як на мой погляд, дык тут у наяўнасці цэлы комплекс прычын. Але галоўны антыстымул для нараджэння дзяцей у Беларусі – адсутнасць цэласнага жылля ў маладых сем’яў. Ды яшчэ і звычайныя прадукты харчавання абыходзяцца беларусам як прадметы раскошы! А ўтрымліваць дзіця ў садку! Каб сабраць сына ці дачку ў школу, то трэба збіраць грошы цэлы год! Дзяржава кажа, што яна траціць 17 мільёнаў на кожнае дзіця ў садку. А колькі яшчэ маладыя бацькі збіраюць на дзіцячыя садкі! Дык у такім разе трэба, каб нашы дзеткі там купаліся ў раскошы, а супрацоўнікі атрымлівалі куды больш дастойную зарплату, чым цяпер. Прэзідэнт рэспублікі, урад прымаюць шэраг мер, каб павялічыць нараджальнасць. Вось і чарговая праграма “Вялікая сям’я” прадугледжвае пры нараджэнні трэцяга дзіцяці пералічэнне на дэпазіт сям’і 10 тысяч долараў.

Чаму ж не атрымліваецца выцягнуць Беларусь з дэмаграфічнай ямы? Як прымусіць беларусак раджаць? Насельніцтва Беларусі на 1 кастрычніка 2014 года склала 9 мільёнаў 475 тысяч чалавек, павялічыўшыся за дзевяць месяцаў на 6 929 чалавек. Аднак размова тут ідзе пра так званы сярод вучоных-дэмографаў адмоўны прырост насельніцтва, г. зн. прырост выключна за лік мігрантаў. Але ж ці разумна рашаць гэтую праблему за кошт мігрантаў? Вучоныя лічаць, што неразумна. Як мне падаецца, тут нават любому маладасведчанаму беларусу відаць, што з гэтага атрымліваецца, калі паназіраць за мігрантамі Масквы, а яшчэ лепш – Заходняй Еўропы, асабліва ў Германіі і Францыі.

Мы, беларусы, лічым сябе талерантнымі, цярплівымі. Сапраўды, мы здаўна жывём у мірным суседстве з палякамі, рускімі, яўрэямі. Аднак пацікаўцеся ў сваіх гарадскіх знаёмых, ці спакойна яны рэагуюць на рост колькасці кітайцаў і каўказцаў у нашай краіне.

Прыцягненне мігрантаў у краіну для павелічэння насельніцтва – самы лёгкі шлях. Але ці самы ён добры?

Улады краіны робяць стаўку на мнагадзетныя сем’і, але, як лічаць некаторыя вучоныя-дэмографы і эканамісты, праблему не вырашаць 5 тысяч сем’яў з 7–10 дзецьмі. Трэба, каб большасць сем’яў мела 2-3 дзяцей.

Мне ж бачыцца галоўная прычына нізкай нараджальнасці ў матэрыяльных цяжкасцях маладых сем’яў і асабліва ў адсутнасці ў іх жылля. Маладыя не хочуць жыць з бацькамі, нават калі гэта дазваляюць жыллёвыя ўмовы. І гэта, хутчэй за ўсё, правільна. Пагэтаму маладым сем’ям трэба дапамагчы з кватэрамі. А ўжо ўсё астатняе няхай бяруць на сябе: абжываюцца, родзяць дзетак і самі іх гадуюць, дзелячы разам і радасці, і цяжкасці.

Дапамога маладой сям’і патрэбна ў самым пачатку яе стварэння, каб не адкладвалі яны нараджэнне дзяцей на потым. А дзеці – агульнавядомая ісціна – умацоўваюць сям’ю. Бо як часам бывае: не атрымліваецца набыць кватэру, каб нарадзіць дзіця, а ўжо, глядзіш, і разбегліся. А будзе свой куток, у галавы сям’і – дастойная работа з дастойнай зарплатай – тады і некалькі дзетак нарадзіць не страшна.

Успамінаю, як некалі я глядзела тэлеперадачу з удзелам Аркадзія Райкіна. У мяне самой тады быў маленькі першынец, таму, мабыць, і запомнілася. Тады праблемы дэмаграфіі не было, але ўжо пачынала турбаваць грамадства праблема нявыхаванасці падрастаючага пакалення. Хто вінаваціў сям’ю, хто – школу… А незабыўны Райкін выразіў гэта прыблізна так:

– Часто слышим: откуда берутся такие дети? Вот если бы маме рабочий день чуть-чуть поменьше, а папе зарплату побольше, то вопрос этот, может, отпал бы сам собой.

А вось паняцці “нараджальнасць” і “развод” узаемазвязаны вельмі цесна. Статыстыка распаду сем’яў у Беларусі шакіруе. Чытаю, напрыклад, “восем разводаў з дзесяці шлюбаў” – і вачам не веру.

Канешне ж, тут сваю чорную справу робіць і неймавернае ўжыванне алкаголю. Я баюся называць лічбы, па якіх мы лідзіруем, але мы ўжо даўно перайшлі тую мяжу, пасля якой, як сцвярджаюць вучоныя, ідзе выраджэнне нацыі (сярэднестатыстычны беларус выпівае ў год 17,5 літра чыстага алкаголю. Дарэчы, крытычны ўзровень ужывання – 8 літраў. І гэта вядзе да дэградацыі нацыі і краіны. Але з кожным годам узровень вытворчасці гэтага зелля ў краіне расце. “Наша ніва”, 22 ліпеня 2014 года).

Дадамо да вышэйсказанага падзенне нораваў як сярод мужчын, так і сярод жанчын. Гэта таксама вельмі спрыяе разводам. Таму перспектыва нарадзіць некалькі дзяцей, а потым застацца адной і выхоўваць іх спыняе многіх жанчын, хоць яны і згодны былі б раджаць, калі б у іх былі нармальныя сем’і.

Узнікаюць пытанні да абодвух сужэнцаў, сям’я якіх распадаецца: ці кахалі яны адзін аднаго, калі стваралі сям’ю? Чым кіраваліся пры гэтым?

Сёння пад прымусам пад вянец ідуць у выключных выпадках. Трэба кіравацца сваімі пачуццямі, выпрабоўваць іх. Не перашкодзіла б прыслухоўвацца да думак старэйшых.

У Заходняй Еўропе таксама многа разводаў. Менш, вядома, чым у нас, але даволі многа. А вось у Індыі, напрыклад, на 1 000 шлюбаў прыходзіцца 11 разводаў. Затое там, перш чым ісці пад вянец, радня маладых стараецца даведацца як мага больш пра сем’і сужэнцаў. Ды не толькі пра сем’і жаніха і нявесты, а і пра ўвесь род: ці ёсць алкаголікі і наркаманы, ці ёсць спадчынныя цяжкія хваробы, ці няма ў родзе зняволеных у турмах, сем’яў, якія распаліся… І гэта ў іх спрацоўвае станоўча. Дык, можа, прыслухаемся і не будзем кіравацца аднымі толькі пачуццямі?

Дапоўнім іх важнымі жыццёвымі развагамі перад такім адказным крокам у жыцці.

У нас падае прэстыж сям’і. Вучоным, грамадскасці і ўраду трэба ствараць культ сям’і. Трэба, каб у людзей склалася думка, што мець здаровую, моцную сям’ю – гэта вельмі прэстыжна. У першую чаргу гэта павінна быць дапамога з жыллём. Маючы яго, усе астатнія праблемы маладая сям’я будзе вырашаць лягчэй. Разводы ж будуць здарацца толькі ў крайніх выпадках.

Успамінаю, як мы ў 80-ыя гады будаваліся на свае зарплаты, без усялякай дапамогі збоку. Дапамога дзяржавы зводзілася толькі да выдзялення прысядзібнага ўчастка. Самастойна будаваліся, ды яшчэ і дзяржаве дапамагалі (у выглядзе падатку з зарплаты, у якім была графа – на бясплатнае жыллё), каб яна (дзяржава) давала некаму, галоўным чынам гараджанам, бясплатныя кватэры. Крыўдна, праўда, што пазней дзяржава маю ж нерухомасць абклала падаткам на сваю карысць. Гэта значыць, што я яшчэ засталася павіннай дзяржаве за тое, што вызваліла яе ад клопату пра жыллё для мяне.

Пра тое, што праблема народанасельніцтва існуе, гаворыць і наступнае. Мінэканомікі вынесла на абмеркаванне грамадскасці праект Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця РБ на перыяд да 2030 года. Дык вось у гэтым дакуменце гаворыцца, што колькасць людзей, занятых у эканоміцы, знізіцца з 4,432 млн у 2015 годзе да 3, 980 млн чалавек у 2030 годзе. Вырасце і беспрацоўе з 1% у 2015 годзе да 2% у 2030 годзе. Недахоп рабочай сілы дзяржава плануе кампенсаваць мігрантамі. Значыць, дзяржава выбрала самы лёгкі (гл. вышэй) шлях рашэння праблемы. Але ці самы эфектыўны? Варта паглядзець тэлеперадачы і ўпэўніцца, што робяць мігранты ў Заходняй Еўропе, якая выбрала такі шлях, асабліва ў Германіі і Францыі.

Тут жа напрошваецца выснова, што дзяржава прызнае неэфектыўнасць тых захадаў па павелічэнні нараджальнасці ў Беларусі, якія яна прымае (дапамога сем’ям з дзецьмі, 10 тысяч долараў праз 18 гадоў за трэцяе дзіця і г. д.). Тады спытаюся: чаму прымаюцца заведама неэфектыўныя меры? На іх жа траціцца столькі сродкаў!

Хочацца звярнуць увагу яшчэ на немалаважны аспект. Засела ў памяці дзесьці вычытаная фраза: “Секс выходит из ночи, из квартир на улицы и постепенно убивает любовь. Пока это так, пока ничего не изменится, количество разводов будет только расти”. Згодна поўнасцю з гэтымі словамі. Калісьці, калі людзі кахалі адзін аднаго, ад гэтага кахання нараджаліся жаданыя дзеці. Цяпер часам надта маладыя займаюцца сексам. З’яўляецца ж, вядома, непажаданая цяжарнасць, якая вельмі часта заканчваецца абортам. А гэта ў далейшым калі не бяздзетнасць, то ўсведамленне з узростам жанчынаю, што яна забіла сваё дзіцятка, і, адпаведна, душэўныя пакуты. Знакамітая фраза “У нас в СССР секса нет” зменена. Было сказана і тое, што ў нас на тэлебачанні сексу няма. І гэта было добра, бо была рамантыка, было каханне. Бо секс і каханне – гэта не адно і тое ж. Займацца сексам зусім не значыць кахаць. Ды і яго становіцца ўсё менш. Гэта адзначаюць медыкі. Стрэсы, алкагалізм, экалогія, неспрыяльны рэжым працы і адпачынку, недахоп жылплошчы зніжаюць палавую актыўнасць людзей дзетароднага ўзросту.

І яшчэ. Тэлебачанне, глянцавыя часопісы, рэклама – і ўсюды аголеныя целы, грудзі, ягадзіцы. На сцэне – тое ж самае. Усё гэта вядзе да страты інтымнасці, страты эмоцый. Застаецца голы інстынкт з поўнай адсутнасцю маралі.

А што ўжо казаць пра так званыя грамадзянскія шлюбы? Большасць пар у такіх шлюбах увогуле не заводзяць дзяцей. Ды і сам тэрмін “грамадзянскі шлюб” маладыя асобы і многія сталыя людзі разумеюць няправільна. Бо тое, што яны называюць грамадзянскім шлюбам, – гэта самае што ні на ёсць сужыцельства. А грамадзянскімі лічацца тыя, якія афіцыйна зарэгістраваны ў ЗАГСах, але не маюць царкоўнага асвячэння.

Таму лічу, што дзяржаве, ураду, вучоным, царкве і грамадскасці не трэба ўтрымліваць позу страуса, а працаваць і працаваць над праблемай нараджальнасці ў краіне, а разам з тым – над праблемамі матэрыяльнымі, а яшчэ больш – маральнымі. А што думаеце вы, паважаныя чытачы?

Новости

Из рубрики
Top