search

Пра чалавечнасць, або Каб не зарасталі памяці сляды

З альтэрнатыўных варыянтаў выбірайце не самы правільны, а самы добры.Браты Стругацкія

Не думала спачатку пісаць пра сустрэчу выпускнікоў Гуцянскай сярэдняй школы, якая адбылася 27 чэрвеня ў былым памяшканні школы, а цяпер Доме сацыяльна-культурных паслуг. Але нешта не дае супакою з таго дня і па сённяшні. Памяць адгукаецца і адгукаецца на той званочак, які запрасіў нас, ужо пажылых людзей, выпускнікоў Гуцянскай СШ на свой паўторны – праз 60–50 гадоў – выпускны баль.

Бязмерна ўдзячны мы ініцыятару і арганізатару гэтага мерапрыемства – выпускніку апошняга 10-га выпуску Аляксандру Свірыду і ўсім тым, хто дапамагаў яму ў гэтай высакароднай справе.

Усё было хораша, светла, узнёсла. Была радасць сустрэчы з аднакласнікамі і настаўнікамі. Былі слёзы і радасці, і смутку.

57 выхаванцаў школы з’ехаліся ў вёсачку Гута з розных куткоў Беларусі і іншых рэспублік былога СССР. Прыехалі, нягледзячы на свой шаноўны ўзрост, фізічны стан, жыццёвыя праблемы. Прыехалі, каб дакрануцца да свайго дзяцінства і юнацтва, каб пакланіцца той зямлі, той школе (будынку), тым – жывым і мёртвым, – хто дапамагаў ім знайсці сваю пуцявіну ў жыцці, хто напаўняў іх розум ведамі, а сэрцы і душы – любоўю, міласэрнасцю, чалавечнасцю, высокімі грамадзянскімі пачуццямі. Прыехалі, каб засведчыць, што не прапала дарма тое, што было закладзена ў іх душы і сэрцы, што яны годна ішлі і ідуць па зямлі, што вытрымалі іспыты на званне Чалавека.

Намаганнямі Аляксандра Свірыда і аргкамітэта быў выдадзены альбом-даведнік – фотаздымкі і кароткія звесткі пра ўсіх выпускнікоў (184-х чалавек).

Сустрэліся, пагаманілі, памаладзелі душой і целам, набраліся моцы, каб прадоўжыць свой жыццёвы шлях. Успомнілі тых, хто ўжо пайшоў з жыцця.

Хочацца пакланіцца тым, хто дабіраўся на сустрэчу здалёку, і з асаблівай пашанай – Яніне Міхайлаўне Антановіч, 1941 года нараджэння, трэцяга выпуску, якая прыехала з Вялікага Ноўгарада (Расія), прыехала, будучы інвалідам-калясачнікам.

Шкада тых, хто мог прыехаць ці нават прыйсці на сустрэчу, але не зрабіў гэтага. Дзіўлюся: няўжо ж 10 гадоў – бадай, самых шчаслівых у жыцці чалавека – для іх так мала значаць? Другая справа – немач, хвароба. Многія, што не змаглі прыехаць, даслалі пісьмы і такім чынам далучыліся да прысутных на сустрэчы.

Па сённяшні дзень памяць, якую аднавіла сустрэча, зноў і зноў адгукаецца ў сэрцы. Хораша і сумна на душы. Хораша, але ўсё ж…

Сталася, як у вядомым выслоўі пра бочку мёду. Усё было добра, пакуль ішла, так бы мовіць, урачыстая частка нашай сустрэчы, пакуль гэтую ўрачыстасць “разбаўлялі” сваім песнямі (нават і па нашых заяўках) дзяўчаты з Вялікакруговіцкай СДК пад кіраўніцтвам Ванды Чабатарэнкі. Калі ж мы захацелі пачаяваць, Нас “папрасілі” з памяшкання школы-клуба і з былой школьнай тэрыторыі. Мабыць, рашылі і загадчыца клуба, і мясцовая ўлада, што мы, 68–80-гадовыя выпускнікі, хто накульгваючы, хто з палачкай, падмацаваўшыся чаем з пячэннем, пачнём там “куралесіць” ды так па-заліхвацку таньчыць кадрылю, што падлога можа не вытрымаць нашых выкрунтасаў і ёсць небяспека нам, “скакунам”, атрымаць цялесныя пашкоджанні, за якія адказваць прыйдзецца мясцовай уладзе.

Нам усім было вельмі няёмка. А мне асабіста было, як заўсёды бывае ў падобным становішчы, сорамна. Нават не ведаю, за што і за каго. Як быццам мяне падазраюць ці ўлічылі ў нечым непрыстойным.

Мне ж думаецца, што тут якраз быў той выпадак, калі не літарай закона трэба кіравацца, а пачуццём чалавечнасці. Сярод нас – упэўнена! – былі толькі годныя людзі. Да прыкладу: Іван Сцяпанавіч Рудкоўскі – 1941 г.н., былы дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, ардэнаносец, ганаровы чыгуначнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1990г.); Леаніда Іосіфаўна Пакумейка – 1943 г.н., настаўнік вышэйшай катэгорыі; Іосіф Мікалаевіч Жукоўскі – 1940 г.н., навуковы супрацоўнік Аб’яднанага інстытута машынабудавання Акадэміі навук Беларусі, аўтар 20-ці вынаходніцтваў і іншыя.

Спужаліся службовыя асобы, што ветэраны працы запяюць “Шумел камыш”. А мы спявалі “Школьные годы чудесные”, “Тропинка школьная моя”… І акампаніравала нам паважаная Лілія Вадзюціна.

Успамінаючы той дзень, мне хочацца ўсклікнуць: “Ай ды чыноўнікі! Ай ды малайцы! Так трымаць! Вось каб так “шчыра” ўсе выконвалі свае абавязкі, слова “чалавечнасць” ужо даўно знікла б з нашага лексікона.

Міжволі ўспомнілася гісторыя часу Вялікай Айчыннай вайны, пра якую ўспамінала былая партызанка-франтавічка Яўгенія Каляноўская. Яна расказвала:

– Мы ішлі ўжо праз Усходнюю Прусію. Усе ўжо гаварылі пра Перамогу. І тут у адным з баёў загінуў мой муж. У вайну хаваюць хутка: зразу пасля бою звозяць усіх і засыпаюць у адной вялікай яме. Я ж не дала забраць мужа. Папрасіла: пасяджу ноч каля яго. І рашыла, што завязу дадому ў Беларусь. Раніцаю кідалася ад аднаго камандзіра да другога. Дайшла да камандуючага фронтам маршала Ракасоўскага. Адказаў у маёй просьбе. Усе тады лічылі, што я кранулася розумам. Я ў другі раз да Ракасоўскага: “Хочаце, стану перад Вамі на калені. У нас няма дзяцей, немцы спалілі наш дом, нават фотакарткі яго не засталося. Калі я адвязу яго на Радзіму, застанецца магіла, і мне будзе куды вярнуцца пасля вайны”.

Маршал маўчаў. Доўга. Хадзіў па кабінеце і маўчаў. Потым падышоў да мяне і пацалаваў мне руку… Мне далі спецыяльны самалёт на адну ноч.

І гэта – у часы вайны! Гэта ж чым рызыкаваў Ракасоўскі!

Вы можаце ўявіць падобнае сёння? Я – не магу!

Тады дзеля чаго ваявалі нашы дзяды і бацькі?

Як бы там ні было, усё ж мы – 57 выпускнікоў і чатыры нашы настаўніцы – малайцы!

Р.S. На днях патэлефанаваў Аляксандр Уладзіміравіч і паведаміў сумную вестку: памерла Яўгенія Макараўна Падгруша. Ён павёз ёй кнігу-альбом у вёску Карацк Клецкага раёна, а яе зусім нядаўна не стала. Радня, вядома ж, кнігу ўзяла як памяць пра блізкага чалавека. Але добра хоць тое, што Аляксандр Уладзіміравіч, калі наведваў яе, каб узяць фота і запісаць звесткі, расказаў ёй пра задумку сустрэчы. Упэўнена, што ў апошнія дні свайго зямнога жыцця яна таксама блукала ў памяці па дарагіх ёй сцежках юнацтва, успамінала школу, сяброў, настаўнікаў. Гэтыя ўспаміны прыносілі ёй і радасць, і сум. Але гэта быў светлы сум.

А яшчэ мы дамовіліся, што дзень 27 чэрвеня будзем адзначаць як Дзень вучня Гуцянскай школы.

Новости

Из рубрики
Top