weather
search

Пенсіянер з Агарэвіч зрабіў запісы на дваццаці тысячах каляндарных старонак

Не кожная жанчына можа пахваліцца, што яе муж ведае, калі квасіць капусту, саліць агуркі ці якая пара спрыяльная для таго, каб  сеяць цыбулю?   Ды і самі гаспадыні  не заўсёды ведаюць  такія рэчы. А вось  68-гадовы Іван Адамавіч Валошын, з Агарэвіч, у гэтых пытаннях эрудыраваны. 

Іван Адамавіч Валошын з Агарэвіч
Іван Адамавіч Валошын з Агарэвіч / Фото: Ксенія Жданюк

Садавод-агароднік? Не, звычайны, але ж вельмі дапытлівы  мужчына, якога цікавіць усё, што адбываецца навокал. Карысную, цікавую ці нават смешную інфармацыю вось ужо больш чым 50 гадоў ён занатоўвае ў звычайныя насценныя ліставыя календары. У яго калекцыі 55 календароў, самы старэйшы з 1969 года і  палі 365  старонак  кожнага з іх зпісаны.

55 календароў у калекцыі Івана Адамавіча з Агарэвіч

самы старэйшы запіс, каляндар 1969 года

Што тут толькі не знойдзеш: вясковыя навіны –хто нарадзіўся, жаніўся, ці пайшоў з жыцця, стан надвор`я,  значныя падзеі з жыцця краіны і краін СССР.

  Запісы самыя розныя: ” Прывязлі Наташу з радзільнага дома 24 мая з дзяўчынкай”, “14 жніўня  свята Макавей”. Ёсць у календарах Івана Адамавіча і  назвы фільмаў, якія паказвалі ў сельскім клубе ў  часы яго маладосці : “ Маёр-віхор”, “Памылка рэзідэнта” –1969 г.

Калі я запытала ў Івана Адамавіча, для чаго яму патрэбны такі занятак, то ён адказаў вельмі проста і зразумела: “Каб ўсё ведаць. Трэба што, узяў адкрыў каляндар, пашукаў”. Вяскоўцы звоняць да мяне, як у даведачнае бюро:” Адамавіч, калі лепш свінню калоць?”.  А ў каляндарах у мяне ўсё пазначана, але такую актуальную інфармацыю ведаю на памяць, бо часта да яе звяртаюся.

запіс 1994 года

Сябры аднойчы  бралі пачытаць мае запісы,  дык казалі , што жываты ледзь не парвалі з рогату, іх развесяліла тое, што адзін час  у сваіх календарах я нават пазначаў, калі і пры якіх абставінах мы прапускалі па чарцы.

Жонка калекцыянера, Праскоўя Рыгораўна, мужа падтрымлівае:

«Хай збірае, піша, як яму падабаецца. Абы чалавеку добра было. Нашы дзеці – два сыны і дачка, часта тэлефануюць і цікавіцца: “Калі, бацька, будзе добрая пара на тое і тое?”. У ўнукаў у дзяцінстве быў любімы занятак, пачытаць календары дзеда, яны заўсёды казалі: “Ну дзед і дае”.

А Іван Адамавіч расказаў, з чаго ён пачаў сваё хобі:

«Я нарадзіўся на хутары Падрадашча, каля Агарэвіч, бацькі чытаць-пісаць не ўмелі, навучыла мяне ўсяму Лыганоўская Надзея Антонаўна – першая настаўніца, з гэтага ўсё і пачалося, мне так хацелася пісаць аб ўсім, што я бачыў, пагэтаму пісаў дзе мог, часцей на палях сшыткаў. А  жаданне калекцыяніраваць у мяне таксама з`явілася ў раннім дзяцінстве, тады я  збіраў  наклейкі з запалак, пакуль маю калекцыю нехта не ўкраў.

Працаваў у калгасе імя Кірава паляводам, працоўны вопыт таксама запісваў ў календары. Календары часцей за ўсё купляю на пошце, выбіраю, дзе поле шырэйшае. Было календароў у мяне больш, і зусім старыя былі, ды пагубіліся пры пераездзе. Любімы мой календар серыі: “Жыцейскія справы”. Падабаюцца “Вясёлы каляндар”, “Каляндар для жанчын”, “Праваслаўны каляндар”.

серыя вясёлыя календары

серыя - каляндар жыцейскіх спраў

серыя жаночы каляндар

жаночы каляндар

 У мяне нават і першая зарплата пазначана – 1 рубель 96 капеек, і першая пенсія – 175 тысяч рублёў.

Запісы аб тым, што цікавага адбылося за дзень, раблю ранкам наступнага дня.

новая старонка будзе запоўнена на наступны дзень

Рэдка, але бывае, тры дні магу прафілоніць, а потым ўспамінаю, што адбылося цікавага і запісваю.  Сваю  калекцыю я шаную , часта яе пераглядваю, перачытваю.  

Добрае, чалавек часта забывае і наракае на Бога і лёс, а я ўсё памятаю, бо ўсё ў мяне запісана і таму я лічу сябе  шчаслівым чалавекам». 

 

 

Новости

Материалы по теме
Из рубрики
Top