Аб жыццёвых скарбах жыхаркі вёскі Хатынічы
Народныя самабытныя спевы і вышыўка па тканіне – захапленні ўсяго жыцця ўраджэнкі Хатыніч Надзеі Ярашэвіч.

Аб жыццёвых скарбах жыхаркі вёскі Хатынічы
ШМАТ ПЕРАНЯЛА АД МАМЫ
Нягледзячы на глаўкому, якая пачалася ў жанчыны з пачатку 2000-ых гадоў, яна патрошку працягвае вышываць гладдзю ці крыжыкам прыгожыя малюнкі па тканіне, з якіх потым атрымліваюцца ручнікі, абрусы, жаночыя вышыванкі. А вырабамі, якія хатынаўка расклала ва ўсіх пакоях, каб прадэманстраваць нам, мог бы ганарыцца любы сталічны музей.
«У 2004 годзе мяне аперыравалі з-за глаўкомы. Цяпер мне 65 гадоў. Некалькі гадоў пасля аперацыі не вышывала, а потым патрошкі зноў пачала. Люблю чорныя і чырвоныя малюнкі – кветачкі, ромбікі, лісточкі. Для мяне ў вышыўках няма ніякіх складаных элементаў», – кажа Надзея Васільеўна.
Яшчэ з ранняй маладосці жанчына навучылася шпарка перабіраць на кроснах (ткацкім станку), аздабляючы малюнкамі тканыя вырабы. Цяга да вышывання з`явілася яшчэ тады, калі вышывала яе мама. Ад маці Надзея пераняла ўменне вязаць кручком, спіцамі, прасці лён – дзяўчатам раней трэба было аздабляць свой пасаг да замужжа.
«Я з пятага класа вышывала ручнікі, навалачкі, прасціны. З гадамі накапіўся вопыт, удасканальвалася майстэрства. У маім жыцці сталася так, што я не ўяўляю сябе без гэтага», – смяецца жанчына.
А сумаваць Надзеі не было калі. Скончыўшы 8 класаў Хатыніцкай сярэдняй школы, пайшла працаваць у ПМК. Разам з іншымі землякамі будавала магазін у цэнтры вёскі. Пасля былі праца на цагельным заводзе ў Ляхавіцкім раёне, вучоба ў вячэрняй школе, ранняе замужжа.
У мясцовую маладую прыгажуню закахаўся настаўнік Андрэй Андрэевіч Ярашэвіч. У шлюбе сужэнцы ўжо 46 год. Нарадзілі сына і дзвюх дачок. Дочкі ўдаліся ў маму: захапляюцца рукадзельніцтвам, асабліва сярэдняя – Алена. Яна працуе ў Доме дзіцячай і юнацкай творчасці ў Ганцавічах. Малодшая, Людміла, выкладае ў Мазырскім педуніверсітэце.
ПАКАРЫЛІ БАЛТЫКУ
Акрамя захаплення вышыўкай, Надзея Ярашэвіч спявае ў гурце «Хатовічы», які быў створаны Верай Валуевіч і нябожчыцай Марыяй Зельвіч. Раней з імі разам спяваў і муж Надзеі – Андрэй Андрэевіч. У лютым гэтага года калектыву будзе 45 гадоў.
Гурт «Хатовічы» двойчы быў у Польшчы, выступаў у Літве і Латвіі. Гурткоўцы спяваюць песні, якіх няма на паперы, але якія жывуць у памяці і сэрцах яго ўдзельніц. Гэта аўтэнтычная творчасць, якая з часам растворыцца ў сусвеце разам з яе носьбітамі.
«Фальклор наш, хатынаўскі. Ад бабуль і матуль панавучваліся. Маем рэпертуар на розныя святы і каляндарныя нагоды – купальскія, калядныя, вясельныя, абрадавыя, застольныя песні», – расказвае Надзея Васільеўна.
Цяпер у калектыве шэсць жанчын ва ўзросце ад 65 да 75 год. «Хатовічы» пабывалі на шматлікіх сцэнічных пляцоўках Брэсцкай вобласці. Гэта яны адкрывалі першыя «Дажынкі» ў суверэннай Беларусі ў 1996 годзе ў Століне, неаднаразова запрашаліся ў Мінск.
Надзеі Ярашэвіч з замежных гастроляў найбольш спадабалася ў Латвіі. Там гурт правёў сем дзён у рамках фестывалю «Балтыка-2018». У ім удзельнічала 320 калектываў з 13 краін свету. Тады хатынаўкі Ганна Ярашэвіч, Лідзія Навумік, Надзея Ярашэвіч, Ганна Літвіновіч, Кацярына Ярашэвіч і Таццяна Буйкевіч упершыню пабылі на моры.
«Латвійскі прэзідэнт Вейёніс, калі ўгледзеў нас, спытаў, ці бачылі мы мора. Яму адказалі, што не… Тады ён загадаў, каб нашу праграму змянілі і завезлі на Балтыйскае мора ў Юрмалу. Было халаднавата. Але мы агалілі ногі і намачылі іх у марскіх хвалях. Уражанні неверагодныя! Нідзе яму канца няма. Толькі маленькія караблі віднеліся ўдалечыні», – распавядае Надзея Ярашэвіч.
Падчас наведвання Латвіі гурт быў запрошаны на прыём да беларускага пасла ў горадзе Рыга Марыны Даўгаполавай, якая родам з Баранавіч. Яна проста і сардэчна прымала зямлячак у пасольскім кабінеце. А хатынаўкі падаравалі ёй вышыты ручнік.
Пасол паабяцала, што ён будзе ляжаць на кожным афіцыйным прыёме як часцінка роднай Беларусі. Дарэчы, з аплатай паездкі калектыву тады прыйшлося напружыцца. Цэнтр нацыянальных культур у Латвіі аплаціў пражыванне, харчаванне і знаходжанне ў іх краіне калектыву.
Дарогу ж «Хатовічам» павінен быў аплаціць Ганцавіцкі раён. Сем чалавек ледзь выбілі з раённага бюджэту грошы на дарогу ў адзін бок. А старшыня ААТ «Хатынічы» Міхаіл Сергіеня адразу выдзеліў грошы на зваротны шлях.
«Нам заўсёды кажуць: «Вы наш брэнд!» А пра дарогу амаль ніхто не паклапаціўся», – каментуе Надзея.
НАДЗЯ ЯК КАМП`ЮТАР
Спачатку Надзея Ярашэвіч была ў двух калектывах: у «Надзеі», дзе выконвалі спевы пад баян, і ў народным «Хатовічы». Звычайна на сцэне, калі выступалі два калектывы, сялянка спачатку спявала ў адным, потым была паўза, падчас якой што-небудзь дэкламавалі. За гэты час жанчына прыбіралася ў народны строй і ішла выступаць з гуртом «Хатовічы».
Цяпер яна з-за ўзросту толькі ў адным калектыве – у народным. Песні хатынаўка запамінала пасля двухтрох выкананняў на ўсё жыццё. Ніколі не запісвала слоў у сшытак. Калі і цяпер хто-небудзь з выканаўцаў забывае словы, то тэлефануюць Надзеі, каб нагадала.
«Усе словы зместу песень нашы жанчыны пытаюцца ў мяне. Патэлефануюць і просяць, каб напела. Мне кажуць: «Надзя, ты як камп`ютар!» Але і я ўжо пастарэла», – кажа жанчына.
З Латвіі прыязджалі і здымалі фільм пра калектыў «Хатовічы». Запісвалі на відэа іх спевы. Гэты матэрыял цяпер у стадыі апрацоўкі і мантажу. Самабытны калектыў нават хацелі запрасіць у Амерыку, каб там выступілі з гастролямі.
«Перапісалі нашы пашпартныя дадзеныя, але мы пакуль нікуды не паехалі. Ды і баімся мы, людзі простыя, ляцець праз акіян», – кажа Надзея.
