weather

USD 2.5864

EURO 3.1186

RUR(100) 3.4027

search

Лепшы сват Палесся жыве ў Ганцавіцкім раёне

Мікалаю Іванавіча Хандрыку ў Будчы ведаюць пад мянушкай Байко. Яшчэ з юнацтва ён спявае шмат частушак, расказвае байкі, прыпеўкі, шмат з якіх прыдумаў сам.

Лепшы сват Палесся жыве ў Будчы
Лепшы сват Палесся жыве ў Будчы

«Урадзіўся вясёлым. Умеў працаваць языком», – кажа пра сябе Мікалай Іванавіч.

Будчак таксама вядомы як лепшы сват Палесся, бо 26 год праводзіў вяселлі і быў шмат на якіх з іх сватам.

ЗДОЛЬНАСЦІ ЗАЎВАЖЫЛІ І Ў ВЁСЦЫ, І Ў ВОЙСКУ

Нарадзіўся Мікалай Хандрыка ў 1943 годзе. Артыстычныя здольнасці ў будчака праявіліся рана, але з-за сарамлівасці ён не рашаўся выступаць на публіцы. А першы дэбют Байко адбыўся ў 15 год, калі ён граў жаночую ролю на сцэне ў п`есе «Ой, рана на Івана».

Тады настаўніца Ганна Макараўна сказала хлопцу словы, якія ён запомніў на ўсё жыццё:

«Будзеш ты, Коля, артыстам!» 

З той пары Мікола разам з Рыгорам Рулінскім стаў самым актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці ў вёсцы. Рыгор іграў на гармоніку, а Мікола спяваў і весяліў гледачоў.

Таленавіты хлопец заслужыў павагу ў аднавяскоўцаў і ў кампаніі заўсёды быў любімцам і душой калектыву. Збіраць на рэпетыцыю хор ці гурток заўсёды адпраўлялі Міколу. Яго слухалі і малыя, і старыя.

Мікалай успамінае, што калі ў вёсцы з`явілася радыё, то выконваў у суседзяў любую працу па гаспадарцы, толькі каб яму далі паслухаць песні і музыку. З той пары ён завёў блакнот, у які запісваў песні. Назбіралася тры вялікія блакноты з запісамі, але адзін укралі ў клубе.

У 1962 годзе Мікалая забралі ў войска. Служыў будчак спачатку ў Палтаве, а потым у Забайкаллі на кітайскай мяжы ў ракетных войсках у аўтамабільным батальёне.

«Калі забіралі ў войска, я ведаў 150 частушак. Меў тры блакноты з песнямі з кінафільмаў і якія спявалі па радыё. Сёлета аднаму з рукапісных зборнікаў спаўняецца 60 год. Калі пераязджалі ў іншую часць у Забайкаллі і цягнік стаяў больш за гадзіну на станцыі, я разам з саслужыўцам, які іграў на баяне, даваў імправізаваныя канцэрты», – кажа Мікалай Іванавіч.

Камандаванне ацаніла здольнасці вайскоўца, забрала яго ў штаб, і да канца службы ён быў актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці вайсковай часці. Пасля прыходу з войска будчак уладкаваўся на працу ў будаўніча-мантажнае ўпраўленне (БМУ).

ДОЎГАЯ ДАРОГА Ў КЛУБ

Неяк на 8 Сакавіка Мікалаю прыйшла ідэя арганізаваць канцэрт. Дапамаглі яму ў гэтым сябры і аднавяскоўцы. Канцэрт у Доме культуры сабраў аншлаг. Мікалай у той вечар спяваў са сваёй будучай жонкай Вольгай. Усё тая ж настаўніца Ганна Макараўна сказала пасля канцэрту прарочыя словы: 

«Будзеце вы з Вольгай цудоўнай парай». 

Так яно і сталася: у 1967 годзе Мікалай і Вольга пажаніліся. І сёння яны жывуць душа ў душу. У іх два сыны і чацвёра ўнукаў. А на клубнай сцэне яны спяваюць разам ужо 55 год. 

«З канцэртамі мы праехалі ўвесь Ганцавіцкі раён, а таксама суседнія – Лунінецкі і нават Копыльскі. Песні, якія выконваем – народныя і эстрадныя», – кажа Вольга. 

У тым жа годзе Мікалаю прапанавалі пасаду загадчыка сельскага клуба. Ён пагадзіўся, стварыў хор, праводзіў шмат мерапрыемстваў. Але праз год звольніўся, бо не сышоўся поглядамі са старшынёй калгаса і вярнуўся ў БМУ брыгадзірам будаўнічай брыгады. 

І толькі праз 10 год самі аднавяскоўцы прапанавалі кандыдатуру Мікалая на пасаду ў занядбаны клуб. Дзейнасць клуба ў Будчы на той час вялася толькі на паперы. 

У самім клубе былі паразбіваныя шыбы, паламаныя дзверы, старыя лаўкі і падлога. Моладзь збіралася ў гурт, але не было ладу. Усе справы вырашаліся з бутэлькай… 

Жаданне працаваць у Мікалая было, але не хацелася мяняць заробак з 300 рублёў на 80. Зрабіць выбар дапамог тагачасны старшыня калгаса Вікенцій Монцік, які паабяцаў сваю падтрымку ў апрацоўцы зямлі Мікалаю і ўсялякую іншую дапамогу. І Мікалай Іванавіч пагадзіўся. 

Ладзіць святы і канцэрты яму дапамагалі метадысты ДК з Ганцавіч. Акампаніятарам у Байко стала гарманіст Любоў Гузоўская. 

За тры месяцы клуб змяніўся да непазнавальнасці. Падлога зазіхацела новымі дошкамі, а вокны – шыбамі. У вёсцы арганізаваўся хор з 56 удзельнікаў. 

26 гадоў Мікалай Іванавіч аддаў працы загадчыка сельскага клуба, адраджэнню і захаванню традыцый, звычаяў і абрадаў народнай культуры.

Лепшы сват Палесся жыве ў Ганцавіцкім раёне

З 1998 па 2003 год клуб, у якім я працаваў, займаў першыя месцы па ўсіх паказчыках.

МІКАЛАЙ ІВАНАВІЧ

лепшы сват Палесся, бо 26 год праводзіў вяселлі і быў шмат на якіх з іх сватам.

БЫЦЬ СВАТАМ – ГЭТА МІСІЯ

У першы раз сватам на вяселлі Мікалай быў у 1969 годзе ў швагра. Пасля гэтага будчакі наперабой пачалі запрашаць загадчыка клуба быць сватам. Нават з часам склалася павер`е, што калі Байко будзе сватам, то ў маладых будзе любоў, згода і шчасце да скону жыцця. 

Сват вёў вяселлі, хадзіў выкупляць маладую, запрашаў на танцы, частаваў гарэлкай «запарожных гасцей» (тых, хто прыходзіў паглядзець звонку на вяселле). 

Уся Будча і навакольныя вёскі збіраліся, каб паслухаць на вяселлі Байко і ягоныя спевы з парадамі. Ён умеў вялікае застолле ператварыць у тэатр і вясёлую гульню . А сам умудраўся з усімі выпіць і пры гэтым не напіцца, а быць пры розуме і весці вяселле. 

Сам Мікалай Іванавіч дакладна не ведае, колькі ботаў стаптаў на вяселлях і колькі разоў дзяліў караваі, але ўпэўнены дакладна, што распаліся толькі дзве пары з тых, каго ён «ажаніў». 

У доме Хандрыкаў захоўваецца калекцыя прыгожых ручнікоў – як напамін пра тое, што гаспадар быў сватам. Падумаўшы, Мікалай Іванавіч кажа, што сватам быў 26 разоў, а дзяліў караваі больш чым на 60 вяселлях. Байко дзяліў яго весела, не шкадаваў добрых слоў і настаўленняў для маладых. 

Каравай – сімвал новага жыцця, і дзяліць яго было пачэснай справай. Таксама лічылася, што вершаваныя тосты Байко мелі незвычайную моц і звязвалі навечна маладых. У адрозненне ад сучаснага тамады, будчак за вяселлі грошай ніколі не браў. 

«Быць сватам – гэта не прафесія, а місія», – кажа Байко. 

Цяпер Мікалай Хандрыка спявае ў царкоўным хоры ў будчанскай царкве Перамянення Гасподняга. Разам з Вольгай і сёння яны яшчэ могуць выйсці на сцэну і паспяваць, павесяліць народ. 

На жаль, чатыры гады таму ў яго на сэрцы з`явіўся кардыястымулятар. Аднак Байко не губляе аптымізму і весялосці і ганарыцца тым, што народ яму давярае і паважае. А яшчэ ён вядзе дзённік. 

«Дзесяць гадоў вяду дзённік Будчы. Ужо сабралася тры дзённікі. Кожны дзень запісваю падзеі і надвор`е ў вёсцы», – кажа Байко.

Top