weather

USD 2.5623

EURO 3.0749

RUR(100) 3.4247

search

Самай старой жанчыне Ганцавіцкага раёна хутка будзе 99

Надзея Рыгораўна Мышкавец кажа, што нарадзілася на свята Троіцы ў 1922 годзе. У наступным годзе ў жанчыны будзе 100-гадовы юбілей. Яна мае чатырох унукаў, сем праўнукаў і пяць прапраўнукаў.

Надзея Рыгораўна Мышкавец
Надзея Рыгораўна Мышкавец

Адзін з унукаў – Вячаслаў Савеня, які амаль штодня бывае ў бабулі, – праз інтэрнэт падлічыў магчымую дату дня яе нараджэння – 4 чэрвеня 1922 года.

Да гэтага часу самай старой жанчынай у раёне лічылася Кацярына Іванаўна Бруй з Дзяніскавіч. Але яна нарадзілася амаль на месяц пазней – 1 ліпеня 1922 года. Надзея Мышкавец жыве адна ў прасторнай хаце ў Будчы. У яе чыста, светла, цёпла.

Калі да яе завіталі журналісты, то, угледзеўшы іх на двары, яна адразу адчыніла дзверы. А вось слых у бабулі амаль адсутнічае. Прыходзілася крычаць, каб яна магла нешта пачуць, але і гэта амаль не дапамагло.

«Усе гукі, якія вымаўляеце, зліваюцца ў адно слова, і я нічога не магу зразумець», – сказала Надзея Рыгораўна.

Пра сябе жанчына расказала сціпла і коратка. Расла сіратой. Спачатку памерла маці, а калі ёй было дзесяць год, не стала і бацькі. Гадавалі яе бабуля з дзядулем. У пятнаццаць год Надзея выйшла замуж, а ў сямнаццаць нарадзіла першае дзіця. Працавала ў мясцовым калгасе паляводам.

«З траіх дзяцей засталася толькі я. Нарадзілася я ў 1938 годзе, калі маме было сямнаццаць год. Сястра Люба памерла ў 48 гадоў. Брат Міхаіл, які быў ваенным, таксама памёр. Пахавалі яго ў Брэсце», – расказвае Марыя Новік, старэйшая дачка Надзеі Мышкавец.

Надзея Рыгораўна Мышкавец
Надзея Рыгораўна Мышкавец

Унук Вячаслаў Савеня працуе начальнікам участка камунальнай унітарнай гаспадаркі «Ганцавіцкая РЖКГ» па Будчанскай сельскай выбарчай акрузе № 11. Вячаслаў распавёў, што бацькі цяжка працавалі, таму бабуля да чатырох гадоў гадавала яго, а цяпер ён глядзіць яе.

Калі журналіст патэлефанаваў Вячаславу Аляксандравічу, той ужо быў у бабулі. Жыхар Будчы Мікалай Хандрыка выказаўся, што ўнук глядзіць старэнькую, як роднае дзіця: усё ёй купляе і па гаспадарцы ўсё робіць.

«Сёння быў у яе. Прыехаў, вадзічкі прынёс, дроў падрыхтаваў. Я не аформлены па яе доглядзе, прыязджаю, як унук. Прывожу ёй з горада бананчыкі, ёгурты, калі-небудзь частую і чырвонай рыбай», – кажа Вячаслаў.

Надзея Рыгораўна па сённяшні дзень прытрымліваецца праваслаўных пастоў. Некалькі год таму магла яшчэ з`ездзіць разам з унукам у ягады. Вясной жанчыну не застанеш у хаце: яна займаецца агародам. У сваім узросце бабуля яшчэ добра чытае і далёка бачыць.

«Як толькі пачынаецца цёплы сезон, бабуля мая на агародзе: садзіць градкі, бульбу, потым поле іх. Яна яшчэ маладзейшым фору дасць і гаворыць, што пакуль чалавек рухаецца, датуль ён жыве», – кажа Вячаслаў.

Надзея Рыгораўна Мышкавец
Надзея Рыгораўна Мышкавец

САМЫЯ СТАРЫЯ ЛЮДЗІ РАЁНА

У лік доўгажыхароў, якім споўнілася па 98 гадоў, акрамя жыхаркі вёскі Будча і Дзяніскавічы, увайшлі яшчэ дзве яе цёзкі – Вольга Іванаўна Крысюк (в. Яловая, Хатыніцкі сельвыканкам) і Вольга Мікалаеўна Савеня (в. Будча, Чудзінскі сельвыканкам).

Паводле афіцыйнай статыстыкі Белстата, у нашым раёне пражывае 7413 чалавек, старэйшых за працаздольны ўзрост – гэта прыкладна трэцяя частка ўсяго насельніцтва Ганцаўшчыны (або 28,1%).

Практычна палова пажылых людзей – ва ўзросце ад 70 гадоў і старэйшыя (3185 чалавек). Пры гэтым большасць з іх – сельскія жыхары, якіх 2196 чалавек. Гараджан гэтага ўзросту ўсяго 989 чалавек.

Материалы по теме
Top