weather

USD 2.5593

EURO 2.8761

RUR(100) 3.3862

search

Дзе пасвіць кароў люсінцам?

З такім пытаннем звярнуліся ў рэдакцыю газеты “Ганцавіцкі час” жыхары аграгарадка Люсіна, якія выпасваюць кароў за вуліцай Матросава.

Дзе пасвіць кароў люсінцам?
Дзе пасвіць кароў люсінцам?

Па словах жыхароў, у мінулыя гады пляцовак для выпасу было больш, таму такой праблемы не было. А сёлета сельгаспрадпрыемства “Люсіна Агра” пасеяла на адной пляцоўцы кукурузу, таму засталася толькі адна пляцоўка, дзе і пасуць жывёлу вяскоўцы.

Праўда, гэтага кавалка зямлі для двух-трох дзясяткаў кароў сяльчан было б дастаткова, каб паша была дагледжана. Зараз яно ў такім занядбаным стане, што добрага малака ад каровак не атрымаеш: асот, які паўсюль разросся, яны есці не будуць.

Журналісты “ГЧ” у панядзелак прыехалі ў Люсіна і пабывалі на пашы, паразмаўлялі з людзьмі. Вяскоўцы расказалі, што вясной, калі быў сход у клубе, пытанне, дзе пасвіць жывёлу, яны ўздымалі.

Па словах люсінцаў (а на сходзе прысутнічалі старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Шапель, дырэктар ААТ “Люсіна Агра” Аляксандр Амельяновіч, старшыня Люсінскага сельвыканкама Вячаслаў Шкут), ім паабяцалі, што на гэтай пляцоўцы пакуль папасвяць, а калі з суседняй збяруць першы ўкос, то дадуць людзям пашу.

“Пра гэта ж усе людзі кажуць, якія былі на сходзе. А зараз дырэктар сельгаспрадпрыемства не дае гэтай пляцоўкі, а калі самавольна будуць пасвіць кароў, то пагражае адказнасцю і штрафам, – расказала “ГЧ” Ала Занька, якая якраз дапамагала маці пасвіць кароў. – А зараз Вячаслаў Шкут кажа, што абяцанняў ніякіх не было, а неяк інакш ішла размова”.

Пра абяцанні пацвердзілі і іншыя вяскоўцы, якія чакалі кароў з пашы. За каментарыем галоўны рэдактар звярнуўся да старшыні сельсавета Аляксандра Шкута.

“Я ў курсе праблемы, але няхай яны (вяскоўцы – заўв. аўтара) вам раскажуць праўду, – адказаў Вячаслаў Аляксандравіч і, было відавочна, так заспяшаўся, што паклаў трубку.

Старшыня Ганцавіцкага раённага Савета Дэпутатаў Юрый Шапель сказаў:

«Людзям праноўвалі ў дагавор унесці пункт і прадугледзяць невялікую аплату штомесячна, каб ААТ «Люсіна Агра» даглядала пашу для кароў».

Дырэктар ААТ “Люсіна Агра” Аляксандр Амельяновіч дэтальна выказаў сваю пазіцыю. Спачатку Аляксандр Цімафеевіч выказаў папрок у бок людзей, што яны, вобразна кажучы, ні капейкі не ўклалі, каб гэты выпас падтрымліваць у належным стане, і хаця б скошвалі траву.

“Адзінае рашэнне праблемы, якое я зараз бачу – гэта тэрмінова скасіць гэтую пашу, а калі пройдзе некалькі дажджоў, то ўжо ў жніўні пойдзе свежая трава, – сказаў Аляксандр Цімафеевіч. – Ну ніяк я не магу выдзеліць пляцоўку, якая побач знаходзіцца! Сітуацыя складаная, нам няма дзе пасвіць кароў з сельгасгаспадаркі”.

Дырэктар патлумачыў, што вяскоўцам трэба сабраць грошы і заплаціць толькі за паліва і працу, якая будзе налічана механізатару за тыя гадзіны, што ён будзе касіць. Хто будзе арганізатарам і збярэ грошы, калі такі варыянт задаволіць, – тут трэба вырашаць самім люсінцам.

Разбірацца, хто што казаў ці абяцаў, канешне, справа кожнага. Калі абяцалі, то трэба выконваць, а калі магчымасці няма, то лепш зыходзіць з пазіцыі, якая задаволіць абодва бакі. Аднак трэба нагадаць мясцовай уладзе пра дзеянне праграм па падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак.

Ёсць такая пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 лютага 2021 г. № 59 Аб дзяржаўнай праграме «Аграрны бізнес» на 2021-2025 гады ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2014 г. № 347 «Аб дзяржаўнай аграрнай палітыцы» і падпраграма 8 «Развіццё і падтрымка малых формаў гаспадарання».

Яна прадугледжвае стварэнне ўмоў для павышэння ўзроўню даходаў сельскага насельніцтва, павелічэння вытворчасці прадукцыі ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян і г.д.

Дык вось узнікае пытанне: у чым будзе заключацца гэтае садзеянне мясцовых улад?

Материалы по теме
Из рубрики
Top