weather

USD 2.4154

EURO 2.8032

RUR(100) 3.4731

search

У чым сакрэт даўгалецця 90-гадовага ганцаўчаніна

Невысокага хударлявага дзядулю з запуцейства часта можна ўбачыць у Ганцавічах на скутары альбо веласіпедзе, прыкмеціць каля «Санты», дзе ён гандлюе малінай. Завуць яго Генадзь Зігізмундавіч Салтановіч. Хутка яму споўніцца 90.

У чым сакрэт даўгалецця 90-гадовага ганцаўчаніна
У чым сакрэт даўгалецця 90-гадовага ганцаўчаніна

«Я адзін са старэйшых у горадзе. Нарадзіўся ў чэрвені 1932 года, але ў пашпарце запісана, што 2 студзеня 1933 года. Але гэта не мая дата нараджэння. Бо ў дзень, які запісаны ў дакуменце, мяне хрысцілі ў Ганцавіцкім касцёле. Мне тады было ўжо паўгода», – кажа, паказваючы пашпарт, Генадзь Зігізмундавіч.

Маці ганцаўчаніна Вольга Аляксандраўна паходзіла з Любашава, а бацька быў мясцовым. Памёр рана, у 1939 годзе. Генадзь быў адзіным дзіцем у бацькоў. Выхаваннем сына маці займалася самастойна.

З маленства Генадзь любіў вучобу. Таму працягнуў навучанне ў школе і пасля вайны. Скончыў вячэрнюю школу. Пасля было фабрычна-заводскае навучанне (ФЗН) ў Лунінцы на сталяра. Тады па ўсім СССР школы ФЗН дзейнічалі на базе прамысловых прадпрыемстваў і будоўляў. Там рыхтавалі рабочых масавых прафесій. Тэрмін навучання складаў шэсць месяцаў.

У 1952 годзе Генадзя забралі ў войска. На той час ён працаваў за Уралам у Свярдлоўскай вобласці на сплаве лесу.

«Служыў я тры гады ў Вільні ў Прыбалтыйскай ваеннай акрузе ў супрацьпаветранай абароне. У войску добра кідаў гранату, меў першы разрад па кіданні», – кажа Генадзь Салтановіч.

Пасля службы Генадзь працаваў на вугальных шахтах у Растоўскай вобласці. Праца была складаная і небяспечная. Вярнуўся ганцаўчанін пасля таго, як некалькі чалавек адначасова загінула ў суседняй шахце. У родным горадзе Генадзь уладкаваўся напачатку цесляром у прамкамбінат (на гэтым месцы цяпер стаіць «Модуль»).

Потым працаваў у камунгасе сталяром (быў на месцы сучаснага рынку). Але з-за малых заробкаў перайшоў працаваць у сярэднюю школу №2 намеснікам дырэктара па гаспадарчай частцы. Адначасова ў райкаме партыі вартаваў на палову стаўкі па начах. Так адпрацаваў 17 год. Потым перайшоў у раённы аддзел народнай адукацыі загадчыкам склада.

Пасля працаваў у леспрамгасе, адтуль і пайшоў на пенсію па ільготным стажы з-за працы на шахтах. Дом, у якім жыве Генадзь Салтановіч, падзелены на дзве паловы. У другой палове жыве дачка Вольга, якая таксама цяпер пенсіянерка. Яна ўсё жыццё адпрацавала ў школьнай бібліятэцы. Сын Генадзь памёр шмат гадоў. Генадзь Зігізмундавіч мае ўнука, унучку і чацвярых праўнукаў.

На агародзе ў пенсіянера няма ні травінкі зелля. Усё чыста праполата, растуць агуркі і наліваюцца чырванню памідоры. За парніком расце цэлая плантацыя маліны. Кожны дзень ён нешта робіць, выкарыстоўваючы кожны кавалачак зямлі на ўчастку. Пра свой сакрэт даўгалецця Генадзь Зігізмундавіч кажа проста:

«Я пайшоў па маміным родзе. Там усе доўгажыхары, па сто год жылі. У дадатак я ўсё жыццё не курыў, амаль не ўжываў спіртнога. Працаваў і цяпер шчырую на агародзе. Езджу ў лес».

Генадзь Салтановіч – заядлы рыбак. Едзіць на Дзікае возера альбо на Шчару на рыбалку. Таксама збірае журавіны і грыбы, якія сушыць і загатоўвае на зіму. А дабіраецца да лесу ці вадаёма ён на сваіх памочніках – скутарах. Іх у Генадзя Салтановіча два.

«Восенню закончыцца тэрмін майго вадзіцельскага пасведчання. Трэба будзе ехаць у Баранавічы і рабіць новае. Калі я атрымліваў правы ў 2011 годзе, то супрацоўнікі ДАІ былі ў шоку, што дзядуля ў такім узросце водзіць скутар. А зараз я думаю, што шок у іх будзе яшчэ большым», – кажа пенсіянер.

Таксама ён актыўна цікавіцца спортам, асабліва тэнісам. Ведае асноўных беларускіх тэнісістак – Вікторыю Азаранка, Арыну Сабаленка, Аляксандру Сасновіч.

«Цяпер ідуць Алімпійскія гульні ў Токіа. Сачу за ўсім, што там адбываецца. Калі б быў маладым, я б таксама ўзяў бы ў рукі тэнісную ракетку. У наш час такіх гульняў не было. Вельмі падабаецца гэты від спорту. А так жадаю ўсім нашым спартсменам перамог», – гаворыць Генадзь Салтановіч.

Материалы по теме
Top