weather

USD 2.4512

EURO 2.8432

RUR(100) 3.4397

search

Віктар Гардзей сустракае юбілей з новай кнігай

Тры чвэрці стагоддзя таму прыйшоў на гэты свет Віктар Гардзей (Вікенцій Канстанцінавіч Гардзей) – паэт, празаік, нарысіст, крытык, перакладчык. Нарадзіўся 19 жніўня 1946 года ў в. Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёна ў сялянскай сям’і. І вельмі рэдкі выпадак, што на яго 50-годдзе, у роднай вёсцы з’явілася вуліца Віктара Гардзея.

У вядомага беларускага пісьменніка Віктара Гардзея - двайное свята
У вядомага беларускага пісьменніка Віктара Гардзея - двайное свята / Фото: blr.by

Яго жыццёвы шлях да знакамітасці быў увесь час звязаны з творчай працай. Віктар закончыў Круговіцкую сярэднюю школу (1963). Працаваў у мясцовым калгасе. Быў карэспандэнтам Ляхавіцкай (у 1965–1966), затым Ганцавіцкай (1967–1983) “раёнак”. Завочна закончыў факультэт журналістыкі БДУ (1984).

Пасля пераезду ў Мінск (1983) працаваў журналістам і рэдактарам у часопісах “Беларусь”, “Родная прырода”, “Маладосць”, “Вожык”, у выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Завяршыў свой працоўны шлях у 2016 годзе ў газеце “Літаратура і мастацтва”.

З’яўляецца аўтарам больш чым двух дзясяткаў кніг прозы і вершаў, у тым ліку для дзяцей. Аднак сёння хацелася б асабліва вылучыць наступную пісьменніцкую іпастась Віктара Канстанцінавіча.

Нарадзіўшыся ў маляўнічых мясцінах і выгадаваўшыся на ўлонні прыроды ў суладдзі з ёю, паэт не перастаў жыць яе хараством нават пасля пераезду ў вялікі горад.

Улюбёнасць у родную флору і фаўну прысутнічае ў творчасці Віктара Гардзея ад самага пачатку пісьменніцкага шляху – першай дзіцячай кнігі «Чырвоны грабеньчык» (1976).

Далей у паэта было шмат кніг, адрасаваных дзецям: “На арэхавай палянцы” (1982), “Коцікі на вярбе” (1988), “Мой тата — трактарыст” (1989), “Зай, які лічыў варон” (1991), “Зайкава балалайка” (1998),“Малая дзіцячая Чырвоная кніга” (2008),“Малая дзіцячая Чырвоная кніга, Ахоўная флора” (2010),“Мудры воран” (2013), “Сарочына цырульня” (2013),“Лясная трывога” (2015).

Як бачым нават па назвах, фактычна ўсе яны завязаны на прыродным свеце. Дзве з іх – асаблівыя: прадстаўляюць малому чытачу ў апаэтызаваным выглядзе “чырванакніжнікаў”.

Летась у шэраг не зусім звычайных выданняў гэтага аўтара далучылася яшчэ адна адрасаваная перадусім школьнікам кніга Віктара Канстанцінавіча – “Птушка года Беларусі 2000–2020”. Узнікла яна ў рамках шматгадовай акцыі, якая праводзіцца з 2000 г. грамадскай арганізацый «Ахова птушак Бацькаўшчыны»: выбіраецца пэўная птушка як ганаровы сімвал, праз які праводзіцца асветніцкая і экалагічная дзейнасць. Прычым да акцыі далучаны і мастакі слова.

У прыватнасці, В. Гардзей кожнаму птушынаму абранніку прысвячае вершаваны твор. Натуральна, і з боку фатографаў той птушцы ўдзяляецца павышаная ўвага. Акцыя атрымала водгук у шырокіх масах, стала з’явай сацыяльнай і дзяржаўнай. Таму ці не кожная птушка года знайшла свой адбітак на паштовых марках, многія (з 2007 г.) – таксама на памятных манетах.

Структура гэтай кнігі прывабіць самага запатрабаванага чытача. Кожная птушка прадстаўлена свайго роду візітоўкай. Назва даецца ў трох варыянтах: найперш – беларуская, затым – руская і лацінская. Далей ідзе верш В. Гардзея, у якім апаэтызаваны жыццё і норавы той ці іншай птушкі.

Побач – празаічны тэкст, дзякуючы якому можна атрымаць інфармацыю ў навукова-папулярным фармаце (дарэчы, само выданне мае менавіта гэтакі грыф, хаця, па вялікім рахунку, яму больш пасавала б шыльда мастацкага). Некаторыя нарысы суправаджаюцца геаграфічнымі картамі, дзе адлюстраваны арэал гнездавання і месцы зімоўкі пэўнага героя кнігі.

Само сабою, шматлікія фотаздымкі, ілюстрацыі марак і манет удала дапаўняюць вербальны блок і не даюць воку адарвацца ад выдання, пакуль яно цалкам не будзе паглынутым. Тым не менш у дадзеным водгуку хацелася б адзначыць галоўную стыхію аўтара – перадусім вершы і празаічныя нарысы.

Віктар Гардзей сустракае юбілей з новай кнігай
Віктар Гардзей сустракае юбілей з новай кнігай

Пачынаецца кніга з прадстаўлення вяртлявай чаротаўкі. Яна ніколі не была птушкай года. Затое займела гонар упрыгожваць эмблему арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Яе засталося на планеце няшмат – з дзясятак тысяч пар. Яны ў асноўным канцэнтруюцца на Палессі. Таму, можна сказаць, гэты рэгіён вылучае Беларусь у арніталагічным свеце.

Самым першым жа сімвалам года стаў, як належыць зямлі пад белымі крыламі, бусел:

Сёння пачнецца зямлі красаванне,

Буйнаю сілай набраклі сады.

Ранняй вясною на Звеставанне

Бусел вяртаецца з поўдня заўжды.

В. Гардзей для кожнай птушкі знаходзіць асаблівыя словы, ніводную не абыходзячы цеплынёю. Хаця, здавалася б, вершы збольшага напісаны ў тоесным ключы: паэт расказвае пра прылёты птушак у родны край і адлёты ў вырай, пра іх жыццё на нашай зямлі, удзяляе ўвагу вывядзенню дзетак-птушанят і г. д. Не забывае паэт і пра народныя назіранні за птушкамі, прыкметы і паданні. Напрыклад, пра ластаўку піша:

Засведчаць на твары вяснушкі,

Хто гнёзды яе разбурыў,

А што да паводзінаў птушкі –

У іх ёсць біблейскі матыў.

Была ля Хрыста – прасачыла

Пакуты яго да канца:

Вадой яму вусны змачыла,

Вымала калючкі з вянца.

Непаўторнымі вобразамі аніякая птушка не абдзелена. В. Гардзей не толькі расказвае пра сваіх улюбёнцаў, але і піша, не раўнуючы, іх партрэты:

Ах, прыгажун! Зірніце на глушца!

Глушэц пяе, аддадзены азарту.

Тырчыць бародка – рыхтык у купца,

Які прыбыткі лічыць пасля фарту.

Удзельнікі праекта, напэўна, зыходзілі з таго, што вершы ўспрымуцца ў поўнае меры не кожным рэцыпіентам. Таму рыфмаваныя творы ў выданні суправаджаюцца празаічнымі нататкамі. У нарысах часткова паўтараецца завершаваная інфармацыя.

Тым не менш празаічны фармат дазваляе пашырыць інфармацыйнае поле. Так, што датычыцца таго ж бусла, паведамляюцца яго іншыя дадзеныя беларусамі імёны – чарнагуз, буська, бацян.

У вераб’я таксама некалькі народных найменняў: арабейка, канаплянік, у кнігаўкі – кныга, чайка, кігіка, у сокала-пустальгі – шулячок, аралок, у чорнага свіргуля – шкурат і г. д. Многія птушкі маюць пэўныя адметнасці.

Пра гэта не забывае В. Гардзей і дзеліцца звесткамі, часта нечаканымі. Напрыклад, пра тое, што белая пліска з’яўляецца нацыянальным сімвалам суседняй з Беларуссю краіны Латвіі, што ў гонар авяльгі названы астэроід, што 20 сакавіка адзначаецца сусветны дзень вераб’я, а 15 мая нашы продкі лічылі салаўіным днём, што 1 красавіка ў Шатландыі называецца “днём зязюлі” і да т. п.

Практычна ва ўсіх нарысах В. Гардзея пра птушак прысутнічае добры пласт фальклору і біблейскіх экскурсаў. Тое-сёе будзе вядома чытачу. Але нешта можа і здзівіць. Так, “паводле народнай міфалогіі, верабей жыве і множыцца, бо гэта дазволіў яму Бог за тое, што ён украў адзін цвік, якім збіраліся прыбіваць да крыжа Ісуса”.

Стракатае апярэнне савы вытлумачваецца тым, што некалі яна была зусім голая і, каб “апрануцца”, напазычала пер’я ў іншых птушак, але не аддала доўгу, таму і хаваецца ўдзень. Кнігаўка ж, ізноў-такі паводле легенды, калі ствараўся свет, хітравала і не насіла ваду ў родны край, таму і была пакарана тым, што цяпер яна не можа напіцца з вадаёма і вымушана лавіць кроплі дажджу і расы.

Разам з тым і ў прозе В. Гардзей стараецца лірызаваць падачу інфармацыі, пры гэтым не цураючыся суб’ектыўнасці, прапускаючы праз асабісты досвед і сваю душу: “Гэтая пярэсценькая птушка, – пачынае В. Гардзей нарыс пра не самую сімпатычную паводле людскіх меркаванняў птушку – звычайную зязюлю, – нам запомнілася з дзяцінства – вястунка сапраўднай цёплай вясны.

Барвовіцца край неба, вось-вось над лесам пырснуць залацістыя сонечныя прамяні, як зусім блізка, у бярозавым пералеску, а то і на яблыні за плотам, раптам пачуецца галасістае і радаснае “ку-ку”, якое на нейкі момант, здаецца, заглушае нават шалёны салаўіны цёхкат”; “Помніцца з дзяцінства.

Летняй, ужо даволі позняй, раніцай, калі высока паднялося сонца і падсохла раса на траве, а каровы збіваюцца ў гурт і пачынаюць жаваць жвачку, ты, вясковы пастушок, ляжыш дзе-небудзь у цяньку, паклаўшы галаву на мяккую купіну, і з жывым інтарэсам сочыш, як белыя кучаравыя воблакі няспынна мяняюць сваю форму – аж да смешных фігур усялякіх фантастычных жывёл.

Захоплены неверагодным відовішчам, адразу і не ўцяміш, адкуль у сіняй нябеснай вышыні ўзнік меладычны званочак, але праз нейкі момант радасна ўсміхнешся: гэта над пашай заліваецца звонкай песенькай нябачны знізу жаўрук”; “Шчыгол з характэрнай кантраснай афарбоўкай апярэння – адна з любімых птушак дзяцінства.

У маёй палескай вёсцы Малыя Кругавічы першым зазімкам і пазней, у самыя халады, чародкі шчыглоў можна было бачыць на старасвецкай канаве, пазначанай як выток ракі Цны. Птушкі прыляталі сюды шумна – з пошчакам і шчэбетам, размяркоўваліся ў кронах высокіх алешын, карміліся і гэтак жа шумна знікалі.

Мы, вясковыя хлапчукі, цэлымі днямі гойсаючы на замёрзлай канаве, заўсёды радасна віталі птушыныя чародкі і нават азартна дражнілі шчыглікаў дасціпным вершам, які, здаецца, самі ж і прыдумалі:

Шчыглік, шчыглік невялічкі

Вяжа дзюбкай рукавічкі.

Вельмі лютая зіма,

Рук жа ў шчыгліка няма.

Крыльцы вострыя, як шыльцы,

Ды не мерзнуць тыя крыльцы”.

З улікам сказанага не памылімся, што чытачамі такой адметнай кнігі стануць не толькі школьнікі, але і іх бацькі. Прыдасца выданне і работнікам культуры, а таксама лясной гаспадаркі. Напрыканцы заўважым, што праект “Птушка года” не закончаны. Адзначанае выданне падводзіць толькі прамежкавую рысу. У канцы мінулага года паўстаў новы сімвал – ляляк, або казадой. В. Гардзей у выпрацаваным стылі прадставіў гэту “птушку ночы”:

Сказ, вядома, не пра цацку –

То не лялька, а ляляк!

Птушка ночы, дык знянацку

Не спаткаеш аніяк.

Вылеціць з-пад хвоі сумнай І ўвядзе як ёсць у зман: Гэтак плаўна і бясшумна Лётае хіба кажан. Закрычыць і енчыць, стогне – Лёгкі пострах на бары. Тут і воўк мацёры дрогне, Выгляне барсук з нары. Крылатых сяброў на Беларусі яшчэ шмат. Таму і традыцыі, запачаткаванай больш чым два дзясяткі гадоў таму, суджана доўжыцца ў вяках.

Балазе, самых розных відаў птушак на Беларусі не менш двухсот. Віктару Канстанцінавічу ў сувязі і з “птушыным” праектам, і з высокім юбілеем паэта пажадаем, каб здароўя хапіла яму для ўдзелу ў “Птушцы года” як мінімум яшчэ на чвэрць сотні крылатых сяброў! АНАТОЛЬ ТРАФІМЧЫК

Материалы по теме
Из рубрики
Top