Мікалай Рылка не паспеў выдаць кнігу для дзяцей
Месяц таму назад сумная навіна абрынулася на родных, сяброў і многіх ганцаўчан. Усе, хто ведаў Мікалая Сямёнавіча Рылка, у гэтыя дні смуткавалі: раптоўна пайшоў з жыцця чалавек з вялікім сэрцам.

Микалай Рылка быў вельмі добрым і аптымістычным чалавекам. Фота з асабістага архіву сям'і.
Таленавіты і дабрадушны. Гэта быў лепшы шашыст у Ганцавіцкім раёне, кандыдат у майстры спорту. Яшчэ ён быў літаратарам. Мікалай Сямёнавіч пакінуў пасля сябе добрую спадчыну: дзве кнігі апавяданняў-успамінаў аб земляках і родным краі. Збіраўся і марыў выдаць яшчэ адну кнігу. Але, на жаль, не паспеў…
Для нас, супрацоўнікаў газеты “Ганцавіцкі час”, ён быў не проста героем некаторых публікацый, але і пазаштатным аўтарам – своеасаблівым летапісцам Ганцаўшчыны, дзясяткі апавяданняў якога былі надрукаваны на старонках газеты. А колькі гадоў “ГЧ” пісала пра яго перамогі і выдатныя спартыў ныя дасягненні ў гульні ў шашкі. Мікалай Рылка не раз перамагаў у спаборніцтвах імянітых сапернікаў, майстроў спорту і праслаўляў нашу Ганцаўшчыну.
Мікалай Сямёнавіч пайшоў зжыцця раптоўна. Як распавяла яго дачка Наталля, яшчэ днём ён завіхаўся па гаспадарцы з жонкай, жартаваў і смяяўся, а потым яму стала кепска. Позна ўвечары яго не стала. Яму было ўсяго 72 гады – свой дзень нараджэння адзначыў 10 кастрычніка, а памёр 28 кастрычніка.
“Вельмі цяжкая страта для ўсіх нас. Нібы бетонную пліту ўзвалілі нам на плечы: і несці цяжка, і скінуць немагчыма”, – сказала Наталля.
«Любое зло мог абярнуць жартам»
Па ўспамінах Наталлі Мікалаеўны, бацька Рылка быў вельмі светлым і добрым чалавекам, які нікога і ніколі не абгаворваў і не асуджаў. Калі яшчэ ў свой час гандляваў на рынку і здаралася якая канфліктная сітуацыя з пакупніком, то не злаваўся, а жартаваў.
«Чалавек яму нагрубіяніць, а ён у адказ скажа нешта лёгкае, вясёлае – і ўсе ўжо ўсміхаюцца», – расказала Наталля.
Яна дадала, што сама ходзіць у царкву, але такой пакоры і дабрыні, як у яе бацькі, яна ні ў кога не сустракала.
“Я, напэўна, такой, як тата, не буду. Такім трэба нарадзіцца. Я яму часта казала: «Тата, ты сапраўдны хрысціянін, гэта ж так няпроста, як ты, на зло адказваць дабром», — сказала дачка.
Па словах дачкі, многія родныя і знаёмыя часта прыходзілі пагутарыць з ім, каб атрымаць зарад пазітыву.
«Зляталіся на агеньчык яго дабрыні», – з сумам сказала дачка.
Мікалай Сямёнавіч – просты чалавек, але яго мудрасць дапамагала знаходзіць яму агульную мову абсалютна з кожным чалавекам. Наталля лічыць, што гэта з-за таго, што ён быў вельмі сціплы, дасягненнямі не хваліўся. Дзве дачкі – Ірына і Наталля – ганарыліся татам і лічылі, што ўсе навокал любяць яго якраз за яго не канфліктны характар.
А ён і сам шчыра аддаваў сваю любоў. У першую чаргу – сваім дзецям, а таксама і шасцярым унукам (чатыром хлопчыкам і дзвюм дзяўчынкам). Наталля сказала, што тата проста жыў справамі кожнага з унукаў і ўсім даваў ласкавую мянушку. Дзяўчынак, напрыклад, называў, “мая юрыстачка” і “мая вавёрачка”. А калі каму з яго родных было цяжка ў пэўную хвіліну, на таго накіроўваў свой клопат, падтрымку і ласку.
Наталля падзялілася, што ў дзяцінстве для яе самым страшным было прысніць ці проста падумаць, што бацька калі-небудзь можа памерці.
“Я плакала ад гэтых думак. А вось зараз наяве прыйшлося перажыць гэтую страту, якая болем режа сэрца”, – сказала дачка.
З кранаўшчыкоў — у гандляры
Мікалай Рылка родам з Люсіна. Нарадзіўся ў 1949 годзе ў сям`і сялян. Бацькі выгадавалі траіх дзяцей, ён быў старэйшым. Пасля васьмі класаў працаваў у леспрамгасе на станцыі Люсіна. Марыў паступіць у тэхнікум спорту і культуры, але не прайшоў па конкурсе.
Працаваў на заводзе КПД, скончыў вячэрнюю школу і вывучыўся на кранаўшчыка. Пасля пайшоў у армію. Вярнуўся і год працаваў грузчыкам на былым прадпрыемстве «Харчавік». Пазней 25 гадоў працаваў кранаўшчыком маставога крана на заводзе КПД, а потым яшчэ 15 гадоў гандляваў рознай дробяззю на кірмашы.
Наталля сказала, што менавіта з-за любві і клопату пра сям’ю ён у 90-я галодныя гады пакінуў любімую работу на КПД і падаўся ў гандляры на рынак, хоць спачатку крыху саромеўся гэтага.
“У тыя часы многія туды рынуліся, каб хоць неяк выжыць. Бывала, што зарплату месяцамі не плацілі, хлеба не было за што купіць. Бацька казаў мне: “Дачушка, я самы стары там: мне 40 гадоў, а мяне дзедам называюць…”
А потым дадала, што бацька ва ўсіх сітуацыях мог знайсці нешта добрае.
“Ён нам увесь час паўтараў, што маркоціцца нельга. Казаў: “От, бачыш, прадаў пачак цыгарэт, шакаладку, яшчэ нешта, будзе цяпер нам на хлебушак з малачком…”
Стаць шашыстам дапамог спартыўны азарт
Мікалай Рылка з`яўляўся кандыдатам ў майстры спорту па шашках. А пачаў гуляць у шашкі ён пасля арміі. Калі паехаў вучыцца на курсы трактарыста-машыніста, выступаў на спаборніцтвах за СМУ. Потым яго накіравалі на першынство вобласці і «пабілі».
«Я быў тады перадапошнім, і гэта мяне зачапіла. А я ж па натуры спартсмен. Спартыўны дух вымусіў па-сапраўднаму асвоіць шашкі. Я ўзяў кнігу ў бібліятэцы і самастойна трэніраваўся», – казаў некалі ў інтэрв’ю “ГЧ” Мікалай Сямёнавіч.
Да распаду Савецкага Саюза ён выпісваў спецыяльную літаратуру па пошце. У хатняй бібліятэцы ёсць больш за дзесяць кніг па шашках і каля ста рыжскіх часопісаў «Шашкі». Шашыст казаў, што замежная мова часопісаў не перашкаджала разуменню. Галоўнае – мець жаданне вучыцца. Ганцаўчанін налаўчыўся і разумеў анатацыю гульні нават на замежнай мове. Галоўным арыенцірам служылі лічбы.
Да апошняга часу Мікалай Рылка захапляўся шашкамі і ўдзельнічаў у розных спаборніцтвах. Вось і нядаўна ён выйграў параалімпійскія гульні па шашках сярод людзей з інваліднасцю апорна-рухальнага апарата.
Выдаў дзве кнігі, а апошняя засталася толькі ў марах
Дачка Наталля ўспамінае, што апошнія гады бацька вельмі любіў пісаць, і нават у апошні дзень свайго жыцця ён працаваў над нейкім апавяданнем. Матэрыялаў і запісаных успамінаў назбіралася шмат.
Першую сваю друкаваную кнігу ганцаўчанін Мікалай Рылка змог выдаць у сярэдзіне сакавіка 2018 года. Тады ён расказаў “ГЧ”:
«Што я пражыў за сваё жыццё, тое ўсё ў галаве і стаяла. У памяці шмат цікавых жыццёвых сюжэтаў было. Сябра прапанаваў мне надрукаваць кнігу, і вось атрымаўся зборнік гісторый пад назвай «Родам з Палесся».
Тады ганцаўчанін расказаў, што захапляўся вершамі са школы, потым закінуў гэты занятак, бо не хапала часу. А калі выйшаў на пенсію, пачаў пісаць апавяданні. Запісваў гісторыі са свайго жыцця і жыцця аднавяскоўцаў. За два гады сабраўся стос рукапісаў, і калі выдалася нагода іх апублікаваць, то ён ёю скарыстаўся. У свет выйшла 25 экзэмпляраў: 20 для аўтара і пяць выдавец пакінуў сабе. Выдавецтву паспрыяла грамадскае аб`яднанне «Фізкультурна-спартыўны клуб інвалідаў «Ветразь».
Другі зборнік апавяданняў – “Матылькі на паляне” – Мікалаю Рылка дапамагла выдаць цэнтральная раённая бібліятэка імя В.Ф. Праскурава. Кніга апавяданняў пра землякоў і іх жыццё ў гады Вялікай Айчыннай вайны пабачыла свет у красавіку гэтага года. Было выдадзена ўсяго некалькі дзясяткаў экзэмпляраў.
Дачка Наталля кажа, што для яе гісторыі з бацькавых апавяданняў сталі адкрыццём. Асабліва моцна закранула душу гісторыя пра ганцавіцкіх яўрэяў, якіх фашысты вялі на расстрэл.
“Маленькая дзяўчынка і маці ішлі і ўсміхаліся, хаця ведалі, што іх вядуць на смерць… Мяне гэтая гісторыя вельмі ўзрушыла”, – казала жанчына.
Яна расказала, што апошнім часам бацька збіраў матэрыял яшчэ для адной кнігі – дзіцячай.
“Казаў маёй дачушцы: “Вавёрачка, кнігу для цябе напішу…” Не паспеў”, – з сумам дадала дачка.
І сказала, што яе сын Мікіта таксама добра валодае словам, як і дзед:
“Бывае, такія фразы ў размове выдае, быццам дарослы, умудроны вопытам чалавек”.
Дарэчы, некалькі гадоў таму яго унук Мікіта Смятанкін спрабаваў сябе ў журналісцкай працы і падчас летніх канікулаў у рэдакцыі “Ганцавіцкага часу” рабіў відэа-апытанні.
Наталля кажа, што бацька пакінуў глыбокі след у сэрцах родных людзей сваімі ўчынкамі, словамі і трапнымі парадамі. І ёй на ўсё жыццё запомніліся яго словы: “Моцны заўсёды павінен дараваць слабому”.
“Гэта стала маім дэвізам па жыцці”, – дадала дачка.
Шлях, які прайшоў Мікалай Рылка, жыццё, якое было адведзена яму, ён пражыў годна. І свой уклад ён унёс не толькі ў свой род і выхаванне дзяцей і ўнукаў, але пакінуў назаўсёды след у гісторыі Ганцаўшчыны. Вечная яму памяць.
Новости
- 08:52 31.01 Чиновники рассказали, зачем повысили налоги для ИП в Беларуси
- 07:58 31.01 Пересмотрят размер пенсий, повысят налоги, обновят базу «тунеядцев». Что изменится в Беларуси в феврале?
- 03:42 31.01 Рыбаки ловят при любой погоде в Брестской области
- 22:40 30.01 Ганцевичский «Мелиоратор» загвоздил своё лидерство очередным разгромом с крупным счётом
- 21:10 30.01 Полешук создал вездеход своими руками: раздатка БТР, колеса от КрАЗ
- 20:15 30.01 Молодой человек решил сводить девушку в театр в Бресте и лишился денег
- 18:11 30.01 ДТП в Ганцевичах: на повороте не разъехались МАЗ с легковушкой
- 16:00 30.01 Сладости, растительное масло, сушеная рыба. Что еще запретили продавать в Беларуси
- 14:05 30.01 ТОП вакансий Брестской области с зарплатой не менее 2 тысяч рублей
- 12:58 30.01 Предприятия Брестской области получат кредиты от Банка развития Беларуси
- 11:09 30.01 Осужденный за угон машины снова сел за руль чужой иномарки в Березе
- 09:19 30.01 Повысился ли в Беларуси налог на собак, и кто его должен платить
- 16:27 29.01 Как пройти медосмотр в Ганцевичской райбольнице – обсуждали даже ночью
- 16:12 29.01 У «Ганцевичей» — маленькая сенсация: первая победа на турнире по мини-футболу
- 12:18 29.01 Синоптики рассказали, чего ждать от погоды в феврале
- 14:20 28.01 Официально в Польшу едут работать больше белорусов, чем в Россию
- 14:09 28.01 В Ганцевичах и шести деревнях района планово отключат свет. Где и когда?
- 07:02 28.01 Коты «трескают» огурцы похлеще валерьянки
- 21:07 27.01 Госавтоинспекция берет под особый контроль одну из дорог в Брестской области
- 19:14 27.01 Ивацевичский бюджет: сколько перепадет кому в 2023 году?