weather

USD

EURO

RUR(100)

search

Аляксандр Пазняк расказаў, як атрымаць вакцыну ад COVID у ЗША

Аляксандр Пазняк выйграў грын-карту ў ЗША і пераехаў з Ганцавіч у Нью-Ёрк. Ён расказаў, як у Амерыцы выглядае справа з прышчэпкамі ад каронавірусу, як упершыню вакцынаваўся сам.

Аляксандру Пазняку робяць прышчэпку ад Covid-19
Аляксандру Пазняку робяць прышчэпку ад Covid-19

ЗМЕСТ



Ня так даўно ў Нью-Ёрку мой зямляк, які жыве ў суседнім пакоі перахварэў COVID-19. Здавалася б спёчнае лета, сонца, але хвароба нечакана зваліла яго з ног. І гэта ня гледзячы на вакцынацыю, якую ён двойчы рабіў у ЗША.

Канечне, гэта прымусіла мяне засцяргчыся. Я абмежаваў з ім кантакты, працёр дзвярныя ручкі, праветрываў памяшканні. Кожную раніцу правяраў ці жывы ён, слухаючы гукі з суседняга пакоя. 

Некаторыя людзі ў Нью-Ёрку, ня гледзячы толькі на рэкамендацыйны характар, носяць засцерагаючыя маскі. Асабліва гэта бачна ў метро, дзе заўсёды нямала людзей.

Інтэрнэт-старонка Worldometers паведамляе, што Амерыка з’яўляецца краінай з самай высокай смяротнасцю ад каронавіруса. З пачатку пандэміі ад гэтай хваробы ў ЗША памерла больш за мільён чалавек (1074787 чалавек). На другім месцы ідзе Бразілія (684784 чалавек), потым Індыя (528090 чалавек).

Аднак за два гады пандэміі каронавірусам я не хварэў. Прынамсі не было ніякіх сімптомаў, якія б указвалі на яго. Нават аднаго однаго разу, калі моцна кашляў у 2021 у Ганцавічах, хадзіў ў паліклініку. Тады медыкі зрабілі ПЦР-тэст. Але каронавірус не пацвердзіўся.

Вакцынацыю ў Ганцавічах таксама не праходзіў, бо не было даверу да якасці расійскага “Спутніка”. Але ў ЗША мне прыйшлося правакцынавацца ад ковіда аж два разы. Але аб усім па парадку.


Мабільны пункт праверкі на кавід у Нью-Ёрку
Мабільны пункт праверкі на кавід у Нью-Ёрку

Злосны супервайзер

Перад самым Новым 2022 годам мне давялося працаваць са знаёмымі ўкраінцамі ў Манхэтэне. Мы рабілі рамонт адной кватэры на дванаццатым павесе. 

Калі праца была ў разгары, да нас завітаў супервайзер (начальнік дома) і сказаў, што ў нас ёсць суткі на тое, каб прадаставіць дакумент аб вакцынацыі ад каронавіруса, або ён нас на аб’ект не пусціць. 

Нас было чацвёра. У мяне і яшчэ аднаго адсутнічала вакцынацыя. Працу губляць не хацелася. Таму па хуткаму мы вырашылі прывіцца аднакампанентнай вакцынай Jansen амерыканскай кампаніі Johnson&Johnson. 

У ЗША на той момант ёю былі прышчэплены амаль 7 мільёнаў амерыканцаў. Цяпер Джонсан перасталі ўжываць. Лічыцца, што яна дае шмат пабочных эфектаў. 

Прышчэпку ў ЗША робяць у звычайных аптэках. Для гэтага не трэба ісці ў паліклініку. Дастаткова мець дакумент аб ідэнтыфікацыі асобы і онлайн зарэгістравацца. Мы звярнуліся да знаёмай майго сябра, якая працуе ў аптэцы і ўвечары 28 снежня пайшлі прышчапляцца.

Амерыканскія аптэкі — гэта сапраўдныя супермаркеты, бо ў іх  акрамя лекаў гандлююць канцэлярыяй, ежай, кавай, шкарпэткамі, касметыкай, мачалкамі і іншым. 


Аляксандр Пазняк расказаў, як атрымаць вакцыну ад COVID у ЗША
Акрамя лекаў у аптэках можна набыць канцэлярыю, ежу, каву, шкарпэткі, касметыку, мачалкі і іншыя рэчы

У аптэцы перад намі прышчапляліся яшчэ пару чалавек. Потым паклікалі мяне і Багдана. Уся працэдура заняла некалькі хвілін. Фармацэўт запісаў дадзеныя ў анкету, я распісаўся. Сеў на стул, задраў рукаў футболкі, іголка ўрэзалася пад скуру і ўсё.

Медык папрасіў тры дні не мачыць плячо. Таксама трэба было на пару дзён абмежаваць фізічныя нагрузкі. Для арганізма прышчэпка і так стрэс. Яму трэба разабрацца з уведзеным вірусам і заняцца вытворчасцю антыцелаў. 

Увогуле, у гэты час увесь імунітэт заняты карыснай справай, лепш не грузіць яго дадатковымі праблемамі. Мы развіталіся і пайшлі з дакументам аб вакцынацыі ад каронавіруса.

На Новы год з тэмпературай

Жахлівае пачалося дома. Павячэраўшы, пачаў адчуваць лёгкае недамаганне. Рана лёг спаць. Прачнуўся гадзіны ў чатыры ночы ад галаўнога болю і сухасці ў роце. 

У той жа час напісаў смс брыгадзіру, што на працу не магу выйсці і паспрабаваў заснуць. Але гэта было немагчыма зрабіць.

Тэмпература паднімалася павольна — 37.1, потым 37.6. А потым не стала цырымоніцца і махнула адразу да 38,4. Маё цела мужна змагалася з упырснутым вірусам. 

Аб сваім стане паведаміў знаёмым, якія параілі схадзіць за  аспірынам. Сабраўшы ўсю волю, я зноў пайшоў у аптэку. Цэлы дзень мне было дрэнна і млява, гудзела галава. Так прайшло некалькі дзён. 

Што цікава, мой напарнік праз дзень ужо выйшаў на працу. Мексіканцы з суседняга аб’екта таксама правакцынаваліся ў адзін дзень з намі, але на наступны дзень працавалі як ні ў чым не бывала. 

Потым мы зрабілі выснову, што яны любяць вельмі вострую ежу, таму і прышчэпка для іх была, як струк перца. 


Дакумент аб вакцынацыі ад каронавіруса
Дакумент аб вакцынацыі ад каронавіруса

На Новы год мяне запрашалі ў госці ў суседні штат. Але святкаванне  было сарванае. У мяне быў пасцельны рэжым. Апетыту не было. Гэта ў мяне! 

Пакуль тры дні ўпіхваў у сябе хоць нейкую ежу, скінуў вагу. Але апетыт праз тыдзень адрадзіўся, як птушка Фенікс з попелу, а разам з ім прыляцелі і страчаныя кілаграмы.

Святочнага настрою таксама не было. Памятаю, як у Навагоднюю ноч пачаліся салюты. Здавалася шыбы павылятаюць. 

Так Новаму году радаваліся выхадцы з постсавецкай прасторы, бо амерыканцы яго не святкуюць. Для іх больш важнае свята — Раство Хрыстова (25 снежня). 

Праз некалькі дзён мой стан нармалізаваўся. 5 студзеня я ўжо выйшаў на працу. 

Moderna руліць!

Бустэр (паўторную дозу) я рабіў ў канцы жніўня. Яна неабходна для вучобы і працаўладкавання. Бо ўжо мінула больш чым паўгода з моманта першай прышчэпкі. 

Для таго, каб прышчапіцца я схадзіў у аптэку побач з домам. Адзін з супрацоўнікаў сказаў мне зарэгістравацца на сайце аптэкі, дзе можна абраць дату і гадзіну вакцынацыі. Што я і зрабіў, прыйшоўшы дамоў. 

Пры рэгістрацыі даваўся шэраг аптэк побач з пазначаным адрасам і выбар вакцыны — Moderna, Pfizer, або Johnson. 

Самая папулярная ў ЗША вакцына ад “кароны” — двухкампанентны Pfizer. Аднак я прышчапляўся Moderna. Гэта  аднаразовая вакцына. Я чуў, што яна самая “мяккая” з усіх існуючых. Перад тым як прышчапіцца, прачытаў некалькі артыкулаў пра Moderna.

Эфектыўнасць вакцыны Moderna была праверана падчас праведзенага ў ЗША клінічнага даследавання з удзелам каля 30 000 чалавек, палова з якіх атрымала вакцыну, а другая палова – плацебо. 

Эфектыўнасць вакцыны ацэньвалася па колькасці пацверджаных выпадкаў захворвання на COVID-19. У групе атрымаўшых вакцыну такіх выпадкаў было зарэгістравана 11, а ў групе атрымаўшых плацебо — 185. 

Пры гэтым у групе вакцынаваных не было ніводнага выпадку цяжкай формы COVID-19, а ў групе атрымаўшых плацебо такіх выпадкаў было 30 (16%). Такім чынам, агульная эфектыўнасць вакцыны была ацэнена ў 94.1%.

Як вынікае з даследванняў, вакцына лічыцца добрай, калі яе эфектыўнасць складае не менш за 60%.


Самая папулярная ў ЗША вакцына ад “кароны” - двухкампанентны Pfizer. Аднак я прышчапляўся Moderna
Самая папулярная ў ЗША вакцына ад “кароны” — двухкампанентны Pfizer. Аднак я прышчапляўся Moderna

Другую прышчэпку не адчуў

Аптэка CVS PHARMACY знаходзіцца метраў 500 ад майго жытла ў буйным сеткавым супермаркеце. Ля вакенца кансультацый распавёў, што я зарэгістраваўся на прышчэпку ад каронавіруса. Сеў на стул. 

Малады араб, супрацоўнік аптэкі падыйшоў, запытаў імя і  прозвішча, знайшоў мяне ў базе. Ад ягонага белага халата пахла парашком і дарагім парфумам. 

На другі ўкол трэба было прынесці папяровы дакумент, дзе напісана серыя і дата першай прышчэпкі. У ёй мне зрабілі паўторны запіс. 

Пачакаўшы некалькі хвілін, пакуль медык распакуе дозу Moderna, я ўзіраўся на людзей навокал. Лёгкі укол. 

Араб наклеіў на маё плячо пластыр і пажадаў добрага дня. Вечарам я зрабіў прабежку ў мясцовым парку, якую раблю разы 3-4 на тыдзень. Ніякіх цяжкасцей ў гэты раз пасля прышчэпкі я не адчуў.


У ЗША шмат увагі надаецца асабістаму здароўю. Ніхто не хоча хварэць, а медыцына тут платная
У ЗША шмат увагі надаецца асабістаму здароўю. Ніхто не хоча хварэць, а медыцына тут платная

Навошта прышчапляцца?

Ведаю, што людзі па рознаму глядзяць на вакцынацыю. Есць праціўнікі гэтага, розныя антываксеры… Нехта на гэтым зарабляў. У 2021 годзе былі туры ў Турцыю за заходнімі прышчэпкамі з Беларусі і Расіі, каб потым бесперашкодна трапіць у Еўропу.

Асабіста я не шкадую, што прышчапіўся. Медыкі прагназуюць чарговую хвалю каронавіруса гэтай восенню з рознымі лёгкімі і цяжкімі штамамі — “Кентавр”, “Ніндзя”, “Дэльтакрон”. 

Але сцвярджаюць, што новая хваля ўсё ж будзе не такой істотнай, як папярэднія. Можа чалавецтва ўжо прывыкла да віруса і выпрацоўвае імунітэт? А можа дзейнічаюць прышчэпкі? 

У ЗША шмат увагі надаецца асабістаму здароўю. Ніхто не хоча хварэць, а медыцына тут платная. Некаторыя паслугі каштуюць касмічныя грошы, але шмат што пакрывае страхоўка. 

Людзі тут займаюцца спортам у клубах, на пляцоўках, у парках. Ходзяць на спартыўныя спаборніцтвы. На вуліцах паўсюдна можна сустрэць мабільныя пункты, дзе робяць тэсты на COVID-19. Яны стаяць для зручнасці, каб не трэба было спецыяльна ісці па тэст у лякарню.

У ЗША народ у большасці законапаслухмяны. Некалькі месяцаў назад адмянілі абавязковы масачны рэжым. Але ў метро ці не палова людзей ўсё адно ездзіць у масках. Такая амерыканская культура. 

А каб афіцыйна ўладкавацца на працу, або пайсці на курсы англійскай мовы эмігранту, абавязкова патрэбна вакцынацыя, якую я і зрабіў. Але ў грамадскіх месцах маску не нашу, бо спякотна і нязручна. 

Глядзіце таксама:

Беларус расказаў, як здаваў на правы ў Нью-Ёрку

Як «галадаюць» у ЗША – расказаў і паказаў эмігрант Пазняк з Ганцавіч

Беларус пераехаў у Амерыку і фоткаецца з дыназаўрамі

Новости

Материалы по теме
Из рубрики
Top