weather

USD 2.5354

EURO 3.0615

RUR(100) 3.4206

search

Чаму вернікі ідуць сотні кіламетраў пешшу?

Больш сотні вернікаў кожны год у жніўні бяруць удзел у пілігрымцы і ідуць з Баранавіч у Лагішын да абраза Маці Божай Лагішынскай – Каралевы Палесся са сваімі малітвамі. У юбілейнай ХХ пілігрымцы, якая праходзіла праз Ганцавічы 20-21 жніўня прынялі ўдзел вернікі ва ўзросце ад 9 да 70 гадоў.   

З якімі малітвамі ішлі паломнікі яны падзяліліся з карэспандэнтам «ГЧ».

Ірына Сайка (20 гадоў), г. Ганцавічы.
Ірына Сайка (20 гадоў), г. Ганцавічы.

Іду сёмы раз. У мяне ёсць мая асабістая інтэнцыя, а таксама ў дарозе, у час супольнай малітвы, я малюся за здароўе нашай сям’і і выконваю просьбы іншых людзей. Ідзецца вельмі лёгка, бо адчуваецца адзінства і падтрымка іншых удзельнікаў пілігрымкі. Дзякуючы гэтаму не заўважаюцца пройдзеныя кіламетры.  Кожны раз к завяршэнню пілігрымкі адчуваю духоўны ўздым і жаданне прайсці гэты шлях яшчэ раз.

Настасся Паўлоўская (11 гадоў), Алла Паўлоўская (40 гадоў), г. Ганцавічы.
Настасся Паўлоўская (11 гадоў), Алла Паўлоўская (40 гадоў), г. Ганцавічы.

Ідзём упершыню. Ёсць некалькі інтэнцый з каторымі мы ідзём да Бога. Адна з прычын, што падштурхнула нас прыняць удзел у пілігрымцы – гэта жаданне быць бліжэй да Бога. Бо на працягу жыцця мы часта звяртаемся да Бога з просьбамі  і наступае такі момант, калі хочацца Богу ахвяраваць. Вось гэтая пілігрымка, гэтае выпрабаванне шляхам – свайго роду ахвяра Богу. Хочацца, каб Бог бачыў, што Ён не дзін, што мы ідзём за ім, імкнемся да малітвы. Так складаецца, што ў жыццёвай мітусні іншы раз мы забываем пра Бога.

Для нас з дачкой, пілігрымка – гэта магчымасць сканцэнтравацца на малітве і прысвяціць гэты час Богу. Ужо некалькі год я збіралася прайсці гэты шлях, але нешта не атрымлівалася, бо ўзнікалі нейкія цяжкасці на працы  ці ў сям’і. Ды нарэшце збылося маё жаданне. Прыемна, што ў гэтым мяне падтрымала мая дачка.

Максім Піваварчык (23 гады), г. Ганцавічы.
Максім Піваварчык (23 гады), г. Ганцавічы.

Іду дзесяты раз. Маё жаданне прайсці гэты шлях ўжо каторы раз грунтуецца на тым, што мае асабістыя просьбы і малітвы збываюцца, а душа ў час пілігрымкі напаўняецца радасцю і душэўным спакоем.

Антон Лазюк (11 гадоў) г. Лагішын.
Антон Лазюк (11 гадоў) г. Лагішын.

Іду другі раз. Для гэтага з Лагішына прыехаў у Баранавічы, каб прайсці ўвесь шлях.  Я прашу, каб у мяне быў паспяховы навучальны год, каб усе ў маёй сям’і былі здаровыя.

Вольга Абрамовіч (9 гадоў), г. Пінск.
Вольга Абрамовіч (9 гадоў), г. Пінск.

Разам з матуляй з Пінска паехала ў Баранавічы, каб прайсці шлях да Маці Божай. Я малюся, каб мае бацькі ніколі не сварыліся. Ісці не цяжка, бо ў дарозе трошкі пад’ехала.

Настасся Абрамовіч (28 гадоў), г. Пінск.
Настасся Абрамовіч (28 гадоў), г. Пінск.

Я іду другі год і прашу Бога, каб уся наша сям’я хадзіла ў касцёл. Мая просьба ўжо збываецца. Вось гэты год са мной ідзе мая дачушка. Спадзяюся прывесці да касцёла маю малодшую дачушку і мужа. 

Ірына Фірс (70 гадоў), г. Ляхавічы.
Ірына Фірс (70 гадоў), г. Ляхавічы.

Іду з Баранавіч дванаццаты раз. У мяне заўсёды ёсць просьба да Маці Божай. Але ў гэты раз я іду дзякаваць ёй за дапамогу. У мяне баліць спіна. З-за грыж цяжка хадзіць. Думала, што ўжо не пайду ў гэты паход, ляжала і не магла падняцца з ложка, але стала маліцца і прасіць Маці Божую, каб дала сілы дайсці да Яе. І вось без медыкаментаў устала і пайшла. Для мяне гэта цуд. Вось з радасцю іду ў Лагішын. У шляху малюся і дзякую Богу за дапамогу, што дае мне сілу і натхненне.

Таму ўсіх заклікаю:”Ідзіце і прасіце ў Маці Божай, і Яна не пакіне ў бядзе”.

 

Из рубрики
Top